Апошні месяц зімы пачаўся з прыемных вынікаў юных ушацкіх лёгкаатлетаў. Выхаванцы адпаведнага аддзялення нашай СДЮШАР заваявалі некалькі медалёў адкрытага першынства горада Наваполацка.
Выдатна склаліся гэтыя спаборніцтвы для Ганны Сляцкай (на здымку). Яна апярэдзіла ўсіх саперніц у бегу на 300 метраў і заваявала “срэбра” на 600-мятроўцы, саступіўшы пераможцы ўсяго імгненне. Трэба сказаць, што канкурэнцыя на гэтых дыстанцыях заўсёды вялікая – і тым больш значнымі з’яўляюцца заваяваныя медалі. Нядаўна мы расказвалі пра Аню, якая за поспехі ў вучобе і творчасці атрымала права паехаць у Палац Рэспублікі на галоўную ёлку краіны. Як бачна, праяўляе сябе рознабаковая дзяўчына і ў спорце. “Лёгкай атлетыкай займаюся чацвёрты год: на першую трэніроўку прыйшла за кампанію з сяброўкай, калі група была ўжо сфарміравана, але трэнер Таццяна Леанідаўна Клопава ўбачыла мае здольнасці – і мяне залічылі. Спрабавала розныя дысцыпліны, аднак бег на сярэднія дыстанцыі атрымліваецца найлепш. Гэты від спорту дазваляе быць у добрай фізічнай форме, загартоўвае, вучыць цярплівасці, а пачуццё, калі фінішуеш першай і прыносіш медаль сваёй камандзе, проста неперадавальнае!” – падзялілася з намі Аня.
600-метровая дыстанцыя аказалася паспяховай і для Назара Первянёнка, які заваяваў “бронзу”. Літаральна аднаго кроку не хапіла да п’едэстала нашай Насці Корань: яна выйшла ў фінал у бегу 2х30 і ў скачках у даўжыню і стала чацвёртай у абедзьвюх дысцыплінах. Уклад у падрыхтоўку прыгаданых спартсменаў унеслі вопытны трэнер Ушацкай СДЮШАР Віталь Бутоўскі і малады спецыяліст Дар’я Нераз.
Бліскуча выступіла на спаборніцтвах і былая выхаванка Віталя Аляксандравіча Ірына Зубко, якая з бягучага навучальнага года займаецца ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Дзяўчына спецыялізуецца на складанай у тэхнічным плане дысцыпліне – спартыўнай хадзьбе. Па ўсім відаць, напрамак для яе абралі правільны: Іра ўпэўнена выйграла дыстанцыю 1000 метраў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

