Финальный аккорд — за техникой. Сельхозпредприятия Ушаччины готовят технику к уборочной кампании

Сельское хозяйство

ААТ “Дземенец”, напрыклад, ужо атрымала першыя тоны зерня новага ўраджаю падчас пробнай уборкі. Для гэтага выпусцілі на поле два камбайны без праходжання тэхагляду ў той час, як у раёне працавала міністэрская праверка па падрыхтоўцы тэхнікі да жніва. І нават той факт, што ўсе чатыры збожжаўборачныя агрэгаты гаспадаркі пасля візіту інспектара аказаліся спраўнымі, укамплектаванымі ўсім неабходным для работы на ўборачнай, не лічыцца апраўданнем – без допуску працаваць нельга, бо вельмі вялікі кошт памылкі, запчастак, тэхабслугоўвання.

– Масла заменена, – завяраў інспектара галоўны інжынер “Дземенца” Уладзімір Ягоравіч Хамёнак і ў доказ дэманстраваў пустыя каністры з адпаведнай маркіроўкай. – Ды ў нас такія механізатары, што без гэтага проста не выехалі б! Тэхніку рыхтавалі грунтоўна, бо лёгка не будзе нават пры добрым надвор’і. Нагрузка на камбайн амаль удвая вышэй нормы – каля 500 гектараў.

З высокім узроўнем адказнасці мясцовых механізатараў І.М.Пухальскі пагадзіўся. На чатырох камбайнах як і ў мінулым годзе будуць працаваць Мікалай і Аляксандр Яловікі, Анатоль Грачоў і Аляксандр Спірыдовіч. “Ліда­1300” апошняга механізатара – самы старэйшы зернеўборачны агрэгат, але на асцюкаватым азімым ячмені зарэкамендаваў сябе нават лепш за КСК­1218.

Цяжка паверыць, але ўжо шаснаццаты сезон выйдзе на палеткі “Вялікадолецкага” і “Ліда­1300” Сяргея Вусько. Механізатар сціпла замоўчвае свае заслугі і адзначае якасць нямецкай зборкі агрэгата. Вось толькі нават далёкаму ад інжынерыі чалавеку зразумела, што без дбайных адносін да замацаванай тэхнікі з боку камбайнера наўрад ці праслужыла б яна такі тэрмін. Пастараліся і астатнія камбайнеры “Вялікадолецкага”. Тут, як і ў “Дземенцы”, стаўка на правераныя кадры: КЗС­1218 Рыгора Філімонава, Уладзіміра Вусько, Ягора Мацюша, Андрэя Смаляка, Юрыя Альбіновіча паспяхова прайшлі тэхагляд, засталося толькі загерметызаваць шчыліны і стыкі механізмаў, каб не дапусціць страт. Яшчэ два зернеўборачныя агрэгаты Васіля Алексяёнка і Віктара Жванскага таксама былі практычна гатовыя – для запуску рухавіка не хапала толькі акумулятараў.

Па словах галоўнага інжынера гаспадаркі Юрыя Фёдаравіча Васілевіча, адсутнасць запчастак і высокі іх кошт з’яўляюцца галоўным стрымліваючым фактарам падрыхтоўкі:

– Калі раней на два мільёны рублёў прывозіў скрыню запчастак, то зараз гэта – два падшыпнікі, якія лёгка змяшчаюцца ў кішэні. Чатыры акумулятары на два камбайны каштуюць звыш дванаццаці мільёнаў, нятанныя тэхабслугоўванне, расходнікі кшталту пальцаў, якіх па самых аптымістычных падліках неабходна будзе 300-­400 штук.

Пры ўсіх цяжкасцях, праблемы, і не толькі тэхнічнага плана, вырашаюцца. Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Іван Піліпавіч Дарошчанка, для ўдзельнікаў жніва закуплены аптэчкі, вядзецца работа па камплектаванні камбайнаў сродкамі пажаратушэння, наяўнасць і спраўнасць якіх праверыў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Васільевіч Карэйша. Бяспецы працы на тэхніцы цаной у мільярды рублёў надаецца вялікая ўвага.

Ю.Ф.Васілевіч калісьці трапна параўнаў камбайн з “міні­заводам па вытворчасці зерня”. Цікава, што гэтыя словы прыгадалі не вялікадолецкія, а селішчанскія механізатары. “Два дні затраціў толькі на жняярку!” – кажа работнік камунгаса Дзмітрый Хамёнак, які ў чарговы раз прыйшоў на дапамогу ААТ “Агра­Селішча” на ўборачнай. Ён і яшчэ адзін прадстаўнік камунальнай службы Юрый Юркевіч – мясцовыя, на жніве не першы год і тэхніку ведаюць дасканала. Як і Генадзь Хадасевіч з Алегам Крывёнкам, які парадаваўся за паспяховае праходжанне тэхагляду калегамі, а сваю “Ліду­1300” выставіць не змог з­за адсутнасці сальніка ў рухавік.

Селішчанскія механізатары таксама сцвярджалі аб тым, што лёгка не будзе. Д.Хамёнак ужо паспеў абысці многія ўрочышчы і расказваў, што збажына моцна пацярпела ад дажджоў, а каля 40 гектараў аўса пасля непагадзі панядзелка выбіта і ляжыць на зямлі. Таму ўсім гаспадаркам важна своечасова ўбраць вырашчанае, мінімізаваць страты, а з падрыхтоўкай тэхнікі ўзнікаюць праблемы. Тры камбайны з васьмі прайшлі тэхагляд у КУСГП “Глыбачаны”, марудзяць у ААТ “Ільюшынскі”, дзе запланавана работа сямі збожжаўборачных агрэгатаў. З іх да вызначанага тэрміну праходжання тэхагляду ніводны аказаўся негатовым. Зрэшты, ведаючы ільюшынскіх механізатараў, можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што яны навярстаюць упушчанае, работы вядуцца. А вось у КУСГП “Кублічы” пакуль нават не ведаюць, хто будзе працаваць на ўборачнай. На адзіны гатовы да тэхагляду камбайн не змаглі знайсці механізатара ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. У аўторак яшчэ стаяла ў ангарах тэхніка КУСГП “Арэхаўна”.

Неабходна спяшацца, бо далей будзе толькі цяжэй. У мінулым годзе аграрыям пашанцавала, зерне паступала з палёў сухім. Сёлета прагнозы пакуль несуцяшальныя і без зернесушылак, на падрыхтоўку і работу якіх патрэбны час, людзі і сродкі, не абысціся. Акрамя гэтага хапае арганізацыйных пытанняў: з аплатай працы, запраўкай тэхнікі, перасоўных “майстэрань” па рамонту, забеспячэння людзей гарачым харчаваннем. Ліпень­верасень — сапраўды тая самая пара, калі дзень год корміць.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *