Легко ли быть животноводом? Провели рабочую смену с Ниной Устин и узнали все нюансы професси

Сельское хозяйство

У наш праект «Адзін дзень з…» даглядчыца цялят Ніна Васільеўна Усцін трапіла па пратэкцыі загадчыка селішчанскай фермы Алены Васільеўны Бельскай.

Калі аднойчы на пачатку вясны абыходзілі з ёю памяшканні жывёлагадоўчага аб’екта, дзверы светленькага чыстага прафілакторыя, пабудаванага два гады таму, яна адчыніла з асаблівым гонарам. І хоць работніцу мы тады не сустрэлі, бо быў якраз час паміж кармленнямі, пра яе прафесійныя вартасці красамоўна казаў парадак і лагодны выгляд самых маленькіх гадаванцаў фермы. І вось мы зноў у прафілакторыі – у гэты раз прыбылі спецыяльна, каб “прымераць на сябе” нялёгкую прафесію жывёлавода.

Н.Усцін.

Добрае слова і цяляці прыемна!

Гаспадыня памяшкання пачала зносіны з намі з тлумачэння асноў вытворчага распарадку, а сама тым часам шпарка налівала малако ў вядзерцы, замацаваныя на клетках малышоў. Каб не згубіць нітку аповеду, давялося падхапіць вядро і ўвязацца следам. Паіць цялят, як аказалася, нескладана і прыемна: яны нецярпліва і забаўна тыкаюцца мыскамі ў свае пяцілітровікі, а адначасна намагаюцца аблізаць рукі шурпатымі язычкамі. Самыя ж шустрыя нават умудраліся сабраць смачныя кропелькі з мордачак суседзяў – назіраць за гэтым без усмешкі немагчыма!

Не сыходзіла яна і з вуснаў цялятніцы – зусім не таму, што Ніна Васільеўна хацела выглядаць лагоднай перад карэспандэнтам: было бачна, што працэс дастаўляе ёй асалоду. “Еш, мой маленькі! Вось так, малайчынка!” – падбадзёрвала яна гадаванца, які толькі днямі прыехаў з поля ад мамы ў “ясельную групу” і яшчэ карыстаецца “соскай” – спецыяльнай пластыкавай паілкай. “Было ў мяне нядаўна беленькае цялё, дык мы з ім размаўлялі: я павітаюся – а ён у адказ мэкае. Гарэзлівы, бы кацяня – забаўна так з галінкай гуляў. Вельмі шкада было яго перадаваць”, – пра сваіх падапечных Ніна Васільеўна расказвае з непадробнай цеплынёй.

А.Бельская.

Адзінкі, двойкі і чайныя настойкі

І моцна перажывае, калі бачыць, што нехта з іх сябе кепска адчувае. У клетцы, дзе стаяць старэйшыя, адна з жывёлін перыядычна ўкладвалася на падлогу – даглядчыца адразу гэта прыкмеціла: “Што, мой зайчык, дрэнна табе? Жывот баліць? Ну пацярпі крышачку, хутка Каця прыедзе, укольчык зробіць!..”. “Праблемы са страваваннем у цялят нярэдкія, мы ім і крухмал заварваем, і льняное семя, і чай даём – амаль як звычайным дзецям, ну а калі народныя сродкі не дапамагаюць, спадзяёмся на нашага Айбаліта”, – зазначае Ніна Васільеўна, – і просіць абавязкова прыгадаць у артыкуле добрымі словамі ветурача Кацярыну Бялко, якая апроч асноўнай работы ў райветстанцыі апякае і селішчанскую ферму.

Вышэй я ўжыла слова “нескладана”, але яно дарэчы хіба што для “разавай акцыі” – і зусім не падыходзіць для апісання будняў цялятніцы, якой даводзіцца за змену зрабіць безліч кругоў з поўнымі вёдрамі ў руках. Першае кармленне пачынаецца а шостай гадзіне раніцы, другое – у два дня. Малако для малышоў прывозяць прама з поля, дзе зараз пасвяцца селішчанскія гурты. А перш чым трапіць на стол гадаванцаў, яно праходзіць апрацоўку ў пастэрызатары, які ўстаноўлены ў малочным блоку, – гэта нядаўняе новаўвядзенне, якое ўжо трывала замацавалася на жывёлагадоўчых аб’ектах раёна.

Разнесці неабходна не толькі малако, а і ваду – пад 60 вядзёр за змену, агароднікі зразумеюць, што гэта за аб’ёмы. А яшчэ раскласці камбікорм для ўсіх гадаванцаў – іх у прафілакторыі на момант нашага візіту было 56. Малодшым даюць спецыяльную “адзінку”. Апроч таго трэба неаднойчы перамыць усе ёмістасці, навесці парадак у клетках і праходах. “Заўтра збіраюся мяняць подсціл. Брудную салому гружу на поліэтылен і выцягваю на вуліцу, работа цяжкаватая, таму звычайна на дапамогу прыходзіць сын Сяргей, які таксама працуе тут жывёлаводам – зараз яны ў полі са статкам”, – тлумачыць Ніна Васільеўна, падмятаючы падлогу.

К.Бялко, Н.Усцін.

Сямейная справа

І з такой нагоды размова заходзіць пра сям’ю. Гераіня аповеду прадаўжае дынастыю – яе мама Антаніна Міхайлаўна Усцін была перадавой даяркай на плінскай ферме, і Ніна з маленства ёй дапамагала. А ў старэйшых класах нават давала летам водпускі работніцам. “Дзяўчынкай я была сціплай, дамашняй, на танцы хадзіць саромелася, а вось на ферму бегала ахвотна, з дзяцінства жывёлу вельмі любіла. Мне бывала нават у школе казалі, маўляў, ты хоць бы пераапранулася перад заняткамі. Ды я не крыўдзілася і ніколі не лічыла работу на зямлі заганнай”, – з кранальнай шчырасцю прыгадвае жанчына. Не памяняла яна звыклую справу і пасля школы – шчыравала на розных фермах, калі ж закрылася старасельская, пераехала ў Селішча, дзе працавітую работніцу з задавальненнем прынялі ў калектыў, тут знайшла і спадарожніка жыцця.

“Дзеткі” малыя – адказнасць вялікая

Калі паўстала пытанне, каму даверыць цялят у новым прафілакторыі – іншай кандыдатуры і не шукалі. Прынамсі, нехта можа падумаць, што пасада гэта ў жывёлаводаў нарасхват – насамрэч жа на яе згадзіцца не кожны, бо адказнасць надта вялікая, ды і клопату з малымі шмат. Крый бог здарыцца падзеж – віна перш за ўсё на даглядчыку. Канечне, зусім без страт ніяк не абыдзешся, але ў нашай гераіні гэта літаральна адзінкавыя выпадкі. Бо яна сапраўды “носіцца” з гадаванцамі, як з дзеткамі. “У водпуск? Ды вы што! А раптам без мяне іх не дагледзяць?” – здзівілася яна пытанню пра адпачынак. І між справай усё забягала ў той загон, дзе пакутавала хворае цяля, а калі на парозе нарэшце паказалася Кацярына і ўвяла небараку антыбіётык з абязбольваючым і вітамінам, уздыхнула з палёгкай. Разам яны абышлі яшчэ некалькі клетак: у аднаго з малышоў дрэнна зацягвалася пупавіна – апрацавалі яе прэпаратам. “Ну вось, цяпер у вас парадак, паеду па палях гурты аглядаць. Не хвалюйцеся, усё будзе добра!” – запэўніла ветурач гаспадыню прафілакторыя.

Утульныя юрты і брутальны Абажур

“А што гэта мы толькі пра мяне гаворым? – спахапілася тым часам апошняя. – У нас тут усе ўвагі заслугоўваюць! Давайце, я правяду невялічкую экскурсію. Пасля прафілакторыя мае бычкі пераязджаюць на “Маяк”, а цялушкі адпраўляюцца ва ўладанні Іосіфа Сцяпанавіча Бельскага. Бачыце, у яго хляве таксама парадак”. Цікава, што калі мы з Нінай Васільеўнай зайшлі ў цялятнік, меншая жывёла ажывілася і “прывітала” яе мычаннем. Тут нават эксперымент праводзілі і высветлілі, што так шумна рэагуюць цялушкі толькі на сваю былую гаспадыню. А старэйшая група кватаруе ў тэнтавых цялятніках, якія на ферме называюць “юртамі”. У час нашага візіту жывёла ласавалася свежай траўкай – Іосіф Сцяпанавіч толькі што прывёз яе з Баяршчыны, дзе вяскоўцы абкошвалі свае ўчасткі.

Прадставілі нам і самага шаноўнага тутэйшага персанажа – бялявага быка па мянушцы Абажур. Верай і праўдай служыў ён у Селішчы чатыры гады, ад абавязкаў не ўхіляўся ды і па паводзінах нараканняў не меў, таму жывёлаводы шкадуюць, што хутка давядзецца адпраўляць брутальнага бландзіна “на дэмбель”. Працягнуць жа службу нельга, бо дасягнулі злучнога перыяду яго дочкі.

“На жаль, не магу вас пазнаёміць з работнікамі, што абслугоўваюць малочны статак, – Вольга Долгая, Ніна Коўшаль, Таццяна Радзюш, Алёна Мошчанка, Косця Кляпец таксама адказныя і працавітыя, – зазначае Ніна Васільеўна. – І канечне, асаблівых слоў заслугоўвае наша загадчыца Алена Васільеўна Бельская – на ёй тут усё трымаецца! Гэта чалавек, які душой хварэе за справу!

*   *   *

Даглядчыца яшчэ раз абышла сваіх гадаванцаў – усе сытыя, і ў хворага, здаецца, настрой палепшыўся. “Ну, да раніцы, не сумуйце тут без мяне!” – мовіла яна, завяршаючы чарговую змену.

Не ведаем, як цяляты, а мы дык дакладна будзем сумаваць па прастадушнай і вельмі добразычлівай селішчанскай жанчыне з натруджанымі жылістымі рукамі, дзякуючы якім яе гадаванцы заўсёды спраўна прырастаюць за месяц на 600, 700, а то і 800 грамаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *