Анна Морозова успешно справляется с обязанностями оператора машинного доения коров и домашним подсобным хозяйством

Наш современник

Кажуць, што ранішні сон самы карысны і моцны. Магчыма, яно і так. Але Ганна Марозава, незалежна ад таго – лета на вуліцы, восень ці зіма, прывыкла прачынацца раней за многіх сваіх аднавяскоўцаў, што жывуць у Старым Сяле Жарскага сельсавета.  Кожны дзень пад’ём раней за сонца – у 4.30 –  ужо стаў прывычным для даяркі з 10­-гадовым стажам. У пяць гадзін раніцы яна ўжо павінна быць на ферме, дзе яе чакаюць больш за 50 буронак.

Сваёй работы Ганна ніколі не саромелася, не баялася, бо вырасла ў вясковай мнагадзетнай сям’і, дзе жыццё не ўяўлялася без шклянкі малака. Дзяцінства Г.Марозавай прайшло ў Вацлавове, а ў хуткім часе пасля заканчэння школы дзяўчына пачала працаваць у сельскай гаспадарцы, спачатку на суседняй Лепельшчыне, а потым у роднай вёсцы, дзе дзейнічала жывёлагадоўчая ферма былога ААТ “Старасельскі­-Агра”.

– Упэўнена, што каровы адчуваюць ласку і рэагуюць на настрой. Кожнай даю мянушку. Ад сумленных адносін да справы, пераканана, залежыць надой, а адпаведна і заработная плата. Я проста стараюся выконваць свае абавязкі як след і нічога звышнатуральнага, – сціпла зазначае дзяўчына.

“Да сваёй вельмі нялёгкай работы яна прывыкла. Хоць не кожны вытрымлівае такі рытм жыцця. Таму і складана знайсці добрых даярак. Ганна ж з тых, каму можна даверыць справу”, – так сцвярджае кіраўніцтва “Ільюшынскага”. А таму з нядаўняга часу нагрузка яшчэ ўзрасла: у дадатак да асноўнай работы выконвае абавязкі лабаранта па ферме. Цяпер Ганна акрамя даення кароў робіць аналіз атрыманага малака. Гэтаму яе навучылі больш вопытныя калегі з Ільюшына, і з новай работай маладая жанчына таксама спраўляецца. Нават у свой адзіны за тыдзень выхадны Г.Марозава выходзіць на працу, каб выканаць абавязкі лабаранта.

Тым часам дома яе чакае не менш аб’ёмная гаспадарка. Яшчэ да далучэння “Старасельскага” да “Ільюшынскага” ў 2009 годзе маладой сям’і Марозавых­Дуброўскіх выдзелілі адзін з новых дамоў у Старым Сяле. Трэба было абжываць вуглы прасторнага жылля, распрацоўваць участак. Добраўпарадкавалі і тэрыторыю за межамі сваёй агароджы, каб не было зараснікаў і непатрэбнага кустоўя. Трэба адзначыць, што некаторыі дамы, пабудаваныя па праграме адраджэння і развіцця сяла, у гэтым населеным пункце сустракаюць пустазеллем. Дом Ганны ж у ліку тых, што прыцягваюць увагу сваёй дагледжанасцю. У двары растуць кветкі, на прылеглым участку шматлікая агародніна, у парніку актыўна паспяваюць памідоры, чакаюць свайго часу нарыхтаваныя на зіму роўна складзеныя дровы.

Сям’я трымае і немалую па сённяшніх мерках падсобную гаспадарку – каня, карову, курэй. Таму пасля дойкі на ферме Ганна спяшаецца дадому, каб падаіць сваю карову, накарміць астатнюю жыўнасць, падтрымаць парадак у доме і на агародзе, прыгатаваць ежу для ўсёй сям’і. Гэтую шматлікую работу Ганна паспявае зрабіць у перапынках паміж трыма дойкамі на ферме. Увечары яна вяртаецца з работы толькі пасля дзевяці гадзін. У той час як многім маладым  дапамагаюць родныя, гэтай сям’і прыходзіцца разлічваць толькі на сябе. Сапраўдным маміным памочнікам з’яўляецца 12­гадовы Кірыл, які актыўна дапамагае па гаспадарцы і прыглядае за малодшай Ксюшай, якая сёлета пойдзе ў першы клас. Дзяўчынка ўжо таксама імкнецца выканаць тую ці іншую пасільную работу. Упэўнена, што з дзяцінства прывучаныя да вясковага жыцця, яны вырастуць працавітымі людзьмі і не будуць баяцца ніякіх цяжкасцей, як і іх маці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *