Елена Зиновьевна Городничая

Наш современник

Жанчына ў хустачцы, з абветраным тварам, грузам усялякіх складаных падзей за плячыма сядзіць на лавачцы ля сваёй дагледжанай хаты, дастае акуратна завернутыя ў газету фотаздымкі. Разглядаем адзін з іх, самы большы. На ім у цэнтры – перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці. У кожнага на адзенні – ордэн з надпісам “Знак Почёта”.IMG_1708 Крайнія справа – кіраўнікі раёна 80-х гадоў. Героі дня на здымку – людзі, якія на палях і фермах, а таксама працуючы на тэхніцы ўславілі сябе і Ушаччыну сваёй працай. У самай сярэдзіне (як і іншыя, з кветкамі) яна і ёсць, Алена Зіноўеўна Гараднічая. Хаця цяпер яе амаль не пазнаць, колькі ўжо год прайшло з 1986-га. На здымку па выглядзе – нібыта дачка Ніна Леанідаўна Кабуш, якая працуе ў сферы сацыяльнай абароны, вельмі ж яны падобныя.

Прызнання сваёй, здавалася б, такой непрыкметнай працы Алена Зіноўеўна дасягнула, калі працавала на жывёлагадоўчай ферме. Уладкавалася туды ў 1964 годзе. Да гэтага хадзіла ў паляводчую брыгаду. Хоць таксама цяжка было, але ўсё ж не так, як працаваць з каровамі.

– Нярэдка прыгадваю, – гаворыць жанчына, – як цемнатой уранні хадзіла з Рыбакоў да Селішча. Зімы ж не такія былі, як цяпер, дык, бывала, прабіраешся па гурбах, ніхто ніколі не падвёз. А пасля ж адпрацаваць трэба.

Норма ў іх была – 18 кароў у групе. Але калі і больш бралі, расказвае Алена Зіноўеўна. Тры разы на дні даілі. Прычым жа рукамі. Гаворыць, увечары дома хлеба адрэзаць не магла, так балелі.

Былая даярка дзеліцца тым, як здабывалася тады малако. Кармілі кароў нядрэнна: камбікорм давалі, нават бульба была. Але ж ручная праца працвітала. Былі, праўда, транспарцёры. Уборка вялася пастаянна даяркамі. Пастухі развозілі па ферме і скідвалі корм. Пакуль малакаправод з’явіўся, давялося не абы-як папрацаваць: надоенае малако цягалі ў бітонах у халадзільнік.

Спраўляцца на ферме ёй дапамагалі дочкі Ніна і Таццяна, пагодкі. Алена Зіноўеўна расказвае, што яна падбірала ім кароў, якіх лягчэй было даіць.

Пацікавілася ў жанчыны, чым, на яе погляд, менавіта яна вызначылася, і кандыдатура падышла для ўзнагароджання ордэнам. Аказваецца, выбіралі з некалькіх прэтэндэнтаў.

– Але ўлічылі, – гаворыць яна, – што ў мяне паказчыкі штогод павялічваліся. Канечне ж, імкнулася, каб лепш накарміць, каб і не хварэлі кароўкі. Ды і сябравалі мы на ферме, адна адной дапамагалі. Амаль ніякіх гулянак не наладжвалі, толькі юбілеі адзначалі.

За дваццаць пяць гадоў, адпрацаваных на ферме, яна душой прыкіпела да сваіх сябровак. І сёння называе іх з задавальненнем. Юзэфы Корсак ужо няма, а засталася памяць аб ёй, якая працавала яшчэ да Алены Зіноўеўны. З некаторымі яна размаўляе па тэлефоне, а хто ў госці прыходзіць. Працавала з Клаўдзіяй Жаваранак з Лажаняў, Валянцінай Мялешка з Загуззя, вельмі руплівыя жанчыны. Шмат гадоў аддалі жывёлагадоўлі Зінаіда Ярмош і Ядзвіга Кляпацкая з Селішча. З імі і Вікторыяй Шыманскай вельмі цёплыя адносіны і цяпер. Як і з Соф’яй Хамёнак.

Сёння ў Алены Зіноўеўны жыццё размеранае: спяшацца не трэба, як раней. У гэтыя дні то ў градках пакорпаецца, то “на сяло” сходзіць. А жыхароў у Рыбаках стала значна менш.

У асноўным сама перадумвае жанчына сваё жыццё, асабліва ваеннае. Праца працай, хоць і цяжка было, але ж не вісела над галавой пагроза смерці. А тады…

Калі Вялікая Айчынная пачалася, ёй было ўсяго сем гадоў. Жыла яна з сястрой і мамай у Зарубаўшчыне, роднай вёсцы бацькі, якого ў свой час разам з яго бацькам схапілі ні за што; так і не вярнуліся родныя дадому. І ў 40-х сям’ю чакала вялікае выпрабаванне. А справа ў тым, што зімой 1943-га тут стаялі ў маразы партызаны. А вясной азвярэлыя захопнікі прадпрынялі карныя дзеянні супраць мірнага насельніцтва, расказвае мая субяседніца. Лясіны, Касары, Весніцк. Яны ішлі і палілі хаты. Нават зрубы да зямлі павыгаралі. Усюды хапіла гора. Прыйшло яно і ў Зарубаўшчыну.

Алене тады было ўжо дзевяць гадоў, і яна добра памятае тыя падзеі. Як у адным канцы вёскі людзей сагналі ў дзве хаты і хлеў. Жыхары з другога канца бачылі, як пайшоў дым, а потым і полымя. Пасля гэтага адзін народнік, які сімпатызаваў дзядзькавай жонцы, расказаў, што раніцай будуць паліць і астатніх.

– Наша мама пачала рыхтавацца да смерці. Яна апранула на нас з сястрой шмат адзення, каб не так хутка агонь дабраўся да цела, наогул каб мы задыхнуліся лепш ад дыму. Усю ноч не спалі, калаціліся. А раніцай глядзім, размераным крокам ідуць шарэнгі захопнікаў. Абыходзяць нас і накіроўваюцца на Празарокі. Пазней мы даведаліся, што ім паступіў загад спыніць знішчэнне мірнага насельніцтва… У 1944-м прыйшлі ўжо вызваліцелі.

Пасля вайны выжывалі, як маглі. Каб хоць нечым набіць страўнік, елі крапіву, іншую зеляніну. Выратавала толькі тое, што ў яму было схавана некаторае адзенне. Маці Алены насіла яго на базар у Празарокі, абменьвала на зерне.

У Рыбаках хата была куплена пасля таго, як Алена Зіноўеўна выйшла замуж, у 1959-м. Жыла яна сваёй сям’ёй. Усё складвалася няпроста. Муж такі быў, што і прыгадваць жанчына не хоча. Пасля таго, як ён памёр, узяла да сябе сваю маці. Тады больш спакойным і лягчэйшым стала жыццё, бо яна дапамагала дачцэ, потым дачка даглядала маці.

Цяпер Алена Зіноўеўна жыве адна, але часта наведваюцца дочкі з райцэнтра. Таццяна Бухалка, якая працуе ў “Белаграпрамбанку”, бывае асабліва часта, бо не толькі муж і сын, але і сама водзіць машыну. У хаце і двары яны пастаянна наводзяць парадак. Ні пылінкі, ні травінкі нідзе няма. І сабе, і маме прыемна. Такія адносіны дзяцей грэюць душу і аблягчаюць цяжкія ўспаміны.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку:

А.З.Гараднічая.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *