Экспериментатор с Глыбочки. Геннадий Осипов прививает садовые деревья

Мир увлечений

– У нас усё, як ва ўсіх, няма нічога незвычайнага, – кажа Антаніна Барысаўна Осіпава, не разумеючы  мэты візіту журналістаў. – У Глыбачцы многа хто прышчэпы сам робіць, ды і  больш экзатычных культур мае.

Гаспадар Генадзь Дзмітрыевіч таксама не хваліцца сваімі здабыткамі, а паказваючы, абавязкова жартуе – адна з вызначальных рыс гэтага рознабаковага чалавека.

– Пачынаў прышчэпы з яблыні – Прымы, “Прыму” тады курыў, – каламбурыць гаспадар, праводзячы ад дрэва да дрэва. – Гэтую вось з дому прывёз з Лётцаў. Некаторыя чаранкі выпісваў праз часопіс “Хозяин”. І цяпер сярод пастаянных аўтараў той садавод, у якога выпісаў грушу – па 700 грамаў кожная. Прозвішча  называць не буду, мабыць гэта толькі ў мяне так атрымалася. Таму лепш, канечне, карыстацца праверанымі крыніцамі, калі бачыш, з якой грушы ці яблыні браў галіну для прышчэпу.

І калі прышчэпачны матэрыял Генадзь Дзмітрыевіч набывае з розных крыніц, то дзічкі расціць сам. У яго і школка невялікая ля дома, на якой і зараз слівы, яблыні, грушы.

Апошнія – сапраўднае захапленне мічурынца. А дакладней, адамаўца.  Генадзь Дзмітрыевіч родам з Лётцаў – вядомых навукоўцам­батанікам Уладзімірам Адамавым, які сабраў сотні парод дрэў, кустоў і раслін. Частка яго калекцыі была перавезена ў Віцебскі батанічны сад. І вось на “гены” гэтага знакамітага земляка спасылаецца Генадзь Дзмітрыевіч, калі тлумачыць сваё захапленне.  А частка яго  калекцыі папаўняе сады жыхароў аграгарадка Глыбачка.

– Вучыў мяне прышчэпы рабіць Валерый Пятровіч Гарбаценка – былы кіраўнік мясцовай гаспадаркі. А потым я яму прышчэпы рабіў. Вунь гэтая груша з сада Законнікавых. А гэты сорт выпісаў. У мяне многа ранніх, ды і позніх – да 66 сартоў прайшло праз сад. Некаторыя загінулі, большасць жыве.

Хоць і многа кустоў і дрэў на ўчастку Осіпавых, але больш за ўсё менавіта груш. Гэта яны стаяць роўнымі радкамі ўздоўж участка, звісаюць ля ўваходу ў дом, падрастаюць у школцы. Расце ў двары і эксперыментальная груша – старое вялікае дрэва з моцным ствалом, якое Генадзь Дзмітрыевіч зрабіў “шматнацыянальным”. Тут мірна ўжываецца каля дваццаці сартоў.

І хоць любіць настаўнік Глыбачанскай школы  больш за ўсё грушы, на ўчастку расце шмат кустоў агрэсту і парэчак, вінаград і алыча.  На маё пытанне пра экзатычныя персікі ці абрыкосы Генадзь Дзмітрыевіч адказвае, што на тыя грошы, што патраціш на іх догляд, лепей купіць той кілаграм і з’есці.  Пераканаў мяне садавод, што ў нашых шыротах не расце вінаград “ізабела”, а той сіні сорт, які  так прыжыўся ва ўшачан – “альфа” –  падобны на першы знешне і больш марозаўстойлівы.

Генадзь Дзмітрыевіч можа даць параду як па любой расліне, так і наогул па любой хатняй рабоце. Нездарма ж ён столькі гадоў выкладае  ў школе працу і вучыць хлопцаў майстраваць, працаваць з дрэвам і металам.

Таму і ў сваім доме на вуліцы Міра, канечне, не прыцягвае наёмную сілу. Цяпліцу з полікарбаната майстраваў сёлета сам, як і зараз вядзе рамонт у доме: уцяпляе і тынкуе ўласным растворам сцены, мяняе падлогу. “Я і садавод, і заатэхнік, і палітолаг”, – жартуе гаспадар, тым самым падкрэсліваючы разнастайнасць уласных інтарэсаў. А яшчэ рыбак  і вінароб. Паколькі сабраныя  ягады ён не прадае, то ўвесь ураджай пускае на дэсертнае віно.

Стаіць на падаконніку і прывіты лімон, праўда, гэты від прышчэпак асвоіў зяць, які вучыцца ў Генадзя Дзмітрыевіча. Наконт парад нашым чытачам Осіпаў адказвае так: зараз толькі адкрый інтэрнэт – і знойдзеш любую параду. “Прышчэпы можна рабіць як летам, так і ранняй вясной. Поспех будзе, калі рабіць усё з душой. Трэба толькі захацець і не ленавацца эксперыментаваць”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *