Народная артистка Беларуси Светлана Окружная: «Будьте выше всех трудностей и испытаний!»

Экономика и малый бизнес

Народную артыстку Беларусі, таленавітую актрысу Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлану Акружную добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Больш 60-­ці роляў сыграла яна на коласаўскай сцэне, сярод якіх Анютка ў спектаклі “Улада цемры”, Чацвяртак у спектаклі “А світанні тут ціхія”, Шарлота ў “Вішнёвым садзе”, Дачка ў “Зацюканым апостале”, Франка ў “Хаме”, Ганна Карпілава ў тэлефільме “Плач перапёлкі” і многія іншыя. За вялікі ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва і высокае прафесійнае майстэрства Святлана Акружная ўзнагароджана медалём і ордэнам Францыска Скарыны. Ёй прысуджана вышэйшая тэатральная ўзнагрода краіны “Хрустальная Паўлінка”. Яна лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і абласной прэміі імя З. Тусналобавай-­Марчанка “За мацярынскую мужнасць”. Ёй адзінай у нашай рэспубліцы ў 2005 годзе прысуджана Міжнародная прэмія свету Аб’яднанай культурнай канвенцыі ЗША пры Амерыканскім біяграфічным інстытуце. Жанчынай года ў 1998­м назваў С.Акружную Кембрыджскі навуковы цэнтр у даведніку “200 самых вядомых людзей у свеце”. Сёлета яна абрана “Віцябчанінам 2016 года” ў намінацыі “Грамадскае прызнанне”. І гэта далёка не ўвесь пералік узнагарод вядомай актрысы. Дарэчы, лёс падрыхтаваў гэтай жанчыне не толькі ўсенародную любоў, авацыі і кветкі, а і шмат нялёгкіх жыццёвых выпрабаванняў. Нядаўна Святлана Акружная праводзіла свой адпачынак на Ушаччыне, мы не ўпусцілі цудоўнай магчымасці і сустрэліся з ёй, каб пагаварыць аб акцёрскай прафесіі, сям’і, грамадскай і палітычнай рабоце і многім іншым.

– Святлана Арцёмаўна, што падштурхнула Вас абраць такую цікавую і адначасова складаную прафесію?

– Бацькі хацелі, каб я стала ўрачом, а я з самага дзяцінства любіла ўдзельнічаць у канцэртах і спектаклях. У шасцігадовым узросце яны ўпершыню ўзялі мяне на сеанс фільма “Узрост кахання” з Лалітай Торэс у галоўнай ролі. Для мяне гэта была сапраўдная падзея, і прыйшоўшы дадому, я плакала і паўтарала, што хачу стаць артысткай. Гэтае жаданне не знікла на працягу ўсіх школьных гадоў. Бацькі не верылі, што я стану актрысай, але насуперак усім вырашыла паступаць у тэатральны інстытут. У той час мы жылі на Украіне і разам з татам­ваенным ВНУ выбіралі па карце. Было вырашана ехаць у Беларусь – на радзіму бацькі. Я з лёгкасцю стала студэнткай тэатральнага і трапіла да цудоўнага педагога – народнага артыста, прафесара Д.Арлова. Ужо на трэцім курсе кіраўніцтва тэатра імя Якуба Коласа падало заяўку, каб узяць мяне на работу.  Мой прафесар сказаў, што мяне там чакаюць, што там я вельмі патрэбна. Кожная роль праходзіла праз душу і сэрца. Ёсць і такія, якія сталі для мяне знакавымі, дзе мае ўласныя жаданні і думкі супадалі з думкамі герояў.

– Любімая работа дапамагла Вам пераадолець цяжкасці, падрыхтаваныя лёсам…

– Упершыню спазнала, што такое бяда, у дзяцінстве – калі з­за хваробы памерла старэйшая сястра. Тады я яшчэ не ведала, колькі няшчасных выпадкаў мяне чакае наперадзе. Аднойчы, калі вярталіся з выязнога спектакля ў Оршы, наш аўтобус перавярнуўся. Многія атрымалі траўмы, мяне ў вельмі цяжкім стане даставілі ў нейрахірургію. Шлях да выздараўлення быў доўгім, і ўсё жыццё я адчуваю наступствы той катастрофы. Усё ж жаданне працаваць прывяло мяне зноў на сцэну. 1976­ы год стаў перыядам вялікага пад’ёму ў маёй творчай дзейнасці, паступалі запрашэнні нават працаваць у Маскве. У 1978­м на гастролях у Мінску мой партнёр на вачах у гледачоў нёс мяне на руках і ўпусціў у аркестровую яму…  І зноў барацьба за жыццё. Але самая вялікая бяда звалілася на мае плечы, калі мой сын Дзіма падчас службы ў арміі атрымаў цяжкае кулявое раненне. Не было ніякай надзеі. Але пасля трох гадоў барацьбы, невыносных пакут мы змаглі выжыць.  Пасля трагедыі як магла дапамагала яму адаптавацца да новага жыцця. Я не хацела вяртацца ў тэатр пасля ўсяго перажытага, але Дзмітрый сказаў: “Тэатр – гэта ж тваё жыццё!” Я вярнулася на сцэну, Мікалай Пінігін тады прапанаваў мне ролю Эміліі Марці ў п’есе “Рэцэпт Макропуласа”. Падчас прэм’еры зразумела, што мяне памяталі і чакалі. У хуткім часе я сыграла і сваю самую любімую ролю – Жанны д’Арк. Яна прыйшла да мяне якраз тады, калі асабліва была патрэбна – пасля доўгай барацьбы за жыццё сына.

Не магу не сказаць, што ў мяне цудоўныя сябры, якія шчыра дапамагалі і падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны майго жыцця.

Паспрабавала сябе і ў ролі пісьменніка, выпусціўшы ў свет кнігу “Усё пражыць і каб сэрца не разбілася”, у якой падзялілася аповедам пра сваю сям’ю, дзяцінства, расказала аб жыццёвым вопыце і перамозе над цяжкасцямі.

– Многія ведаюць Вас, як актыўнага грамадскага дзеяча. Вы з’яўляецеся адной з заснавальнікаў таварыства інвалідаў­калясачнікаў у Віцебску.

– Мой сын ужо 20 гадоў прыкаваны да інваліднага крэсла. І такіх людзей нямала. Дарэчы, ён 10 гадоў з’яўляўся старшынёй гэтага таварыства, але і зараз актыўна ўдзельнічае ў яго справах,  арганізуе сустрэчы, спаборніцтвы інвалідаў­калясачнікаў. Дзмітрый імкнецца быць карысным людзям і грамадству. Цяпер працуе ў Гіпермаркеце паслуг 124. Лічу, што гэта прыклад вялікай перамогі чалавека над цяжкасцямі.

Займалася і стварэннем рэабілітацыйнага аддзялення ў Доме ветэранаў і інвалідаў у Віцебску. У нас шмат людзей з захворваннямі апорна­рухальнага апарата. Закуплялі спецыяльныя трэнажоры. На адным з віцебскіх заводаў нам дапамаглі з вырабам спецыяльнага станка. А трэнажорны станок Дыкуля я везла з Масквы.

– Ведаю, што Вы прадстаўлялі Віцебшчыну ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

– Такі высокі давер мне быў аказаны ў 2000­м годзе. Палічыла гэта за гонар і ў сілу свайго характару поўнасцю акуналася ў праблемы і просьбы сваіх выбаршчыкаў. На працягу васьмі гадоў з’яўлялася членам Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя. Разам з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу мне пашчасціла прадстаўляць нашу рэспубліку на сесіях Міжнароднай Асамблеі праваслаўя ў Грэцыі, Румыніі, Літве, Украіне, Італіі, Чарнагорыі, Славакіі, Расіі. Гэта была толькі невялікая частка работы парламентарыя. Чагосьці ўдалося дабіцца, штосьці не атрымалася, але я імкнулася быць максімальна карыснай людзям. Па­іншаму проста не магу, ніводная просьба не засталася без увагі. Таксама прымала ўдзел у рабоце Другога, Трэцяга і сёлетняга Пятага Усебеларускага народных сходаў. Як адзначыў Прэзідэнт, самая галоўная задача форуму – клопат пра чалавека, і ў любой дзяржаве самае вялікае багацце – народ. І, канечне, абавязкова трэба ўдзяляць увагу неабароненым слаям насельніцтва – пенсіянерам і інвалідам. Таксама мне, як актрысе, хочацца, каб Год культуры не заканчваўся, а ў нашай краіне не забываліся пра гэтую сферу.

– Над чым Вы зараз працуеце?

– Ужо не адзін год займаюся стварэннем музея тэатра. Таксама зараз рыхтуюся да фотавыстаўкі, якая будзе прымеркавана да майго юбілею ў студзені.

– Што Вас звязвае з Ушаччынай?

–  У маладосці была ва Ушачах на выязных спектаклях, а вось адпачыць прыехала сюды ўпершыню. Гэта радзіма Рыгора Барадуліна, з якім мы вельмі сябравалі. На Ушаччыне жыў, вучыўся і пахаваны мой добры знаёмы і калега рэжысёр Валерый Маслюк.

– Не магу не спытаць, ці спадабалася ў нашым раёне, і аб Вашых уражаннях.

– Прыгожы край і ўнікальная прырода! Выходзіш у хваёвы лес і дыхаецца так лёгка, прыгожыя азёры і вядомыя гаючыя крыніцы. Не трэба ехаць далёка, каб аздаравіцца і адпачыць – усе ўмовы для гэтага ёсць і на радзіме. Адпачнуць жа ў санаторыі Ушаччыны мне параілі знаёмыя. Спадзяюся, што прыеду сюды яшчэ.

– Вашы пажаданні нашым чытачам.

– Кожнага з нас у жыцці могуць чакаць непрыемнасці і цяжкія выпрабаванні – будзьце вышэй іх, ніколі не падайце духам і не трымайце сябе ў дэпрэсіўным стане. Больш усміхайцеся людзям і рабіце дабро – будзе ўзаемнасць, а гэта дае добры настрой!

– Вялікі дзякуй Вам за размову.

Гутарыла Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *