Галине Сергеевне Рудёнок идут любые роли!

Ими гордятся Культура

Калі падчас падрыхтоўкі мерапрыемства, прымеркаванага да юбілею “Патрыёта”, паўстала пытанне, хто сыграе ў камічнай сцэнцы ролю сварлівай жонкі, ваганняў не было – Галіна Сяргееўна Рудзёнак. З гэтай задачай яна ў тандэме з Пятром Алексяёнкам справілася проста выдатна, нават імправізуючы ў час выканання. Госці з Мінска, убачыўшы яе ў ролі Сцепаніды са “Знака бяды” Васіля Быкава падчас святкавання юбілею пісьменніка адзначалі, што яе талент дастойны нават высокай сцэны.

Яна можа з запалам выканаць вясёлыя прыпеўкі, праспяваць побытавую фальклорную песню, з лёгкасцю ўвайсці ў ролю сварлівай цёткі ці бабы­ягі. Галіна Сяргееўна арганічна выглядае як у вясёлай, так і трагічнай пастаноўцы. Ведаюць жанчыну як куратара фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”. Менавіта яна ў сакавіку 1987 года стварыла пры Матырынскім сельскім Доме культуры калектыў і ў гэтым жа годзе іх запрасілі з праграмай “Жаніцьба Цярэшкі” ў Мінск прыняць удзел у вядомай тады перадачы “Запрашаем на вячоркі”. “Матырынская спадчына” адразу заняла сваю нішу, бо адраджэнне і зберажэнне фальклору, народных традыцый – адзін з важных накірункаў работы ў культуры. Галіна Сяргееўна, энтузіяст па натуры, з самага стварэння калектыву ўсю душу ўкладвала ў праект ды і нават палову зарплаты траціла на яго патрэбы. “Стартаваў” гурт саставам у 10 чалавек, зараз іх 15, а за час існавання змянілася чатыры саставы. Цяперашнімі “аксакаламі” з’яўляюцца Наталля Андрэеўна Рудзёнак, Валянціна Васільеўна Шалак. Як спадарожнік дарослага, быў створаны і дзіцячы фальклорны калектыў “Спадчына”.

– Бязмежна ўдзячна ўдзельніцам “Матырынскай спадчыны” за іх актыўнасць. Яны заўсёды прыслухоўваюцца да маіх парад, пастаянна прыходзяць на рэпетыцыі і, нягледзячы на ўзрост, ездзяць не тое што на раённыя святы, а і на конкурсы, розныя мерапрыемствы ў абласны цэнтр, сталіцу. Адно з апошніх – канферэнцыя па фальклоры, што праходзіла ў Мінску, – расказвае Галіна Сяргееўна.

Сапраўды, мы ўжо і не ўяўляем, напрыклад, раённых “зажынак” без песень “Матырынскай спадчыны” і Галіны Сяргееўны з сімвалічным першым снапом. Дарэчы, многія ўшачане добра ведаюць Г.Рудзёнак і нават не падумаюць, што яна – не матырынская, а першапачаткова вучылася ў каледжы нафтавікоў. Ураджэнка Міёрскага раёна прыехала на Ушаччыну ўслед за сваёй другой палавінкай і змяніла ў маладосці тэхнічную спецыяльнасць на творчую. Хоць і сцвярджае Галіна Сяргееўна, што трапіла яна ў гэтую сферу выпадкова, але гэта якраз той выпадак, калі чалавек – прыроджаны культработнік. Усё ішло ад сям’і, бацька быў музыкантам, часта іграў на вяселлях, шматлікіх святах. З самага дзяцінства актыўнай расла Галіна. Пасля першага класа бацькі неяк адвезлі яе ў дзіцячы летні лагер: у першы ж дзень, хоць прыехалі ў абед, вечарам удзельнічала ў канцэрце – спявала і танцавала. У школе ні адно свята не праходзіла без яе ўдзелу.

Як метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Галіна Сяргееўна курыруе не толькі прыгаданую “Матырынскую спадчыну”. Яна рыхтавала сцэнарый да конкурсу “Сцяжкі майстэрства”, прэзентацыю рэгіянальных ручнікоў і шмат іншага. Апошнім часам на раённых канцэртах гледачы бачаць яе і ў складзе гурта “Крэда”.

– Люблю сваю работу, люблю культуру. Вельмі радуюся, калі ўсё атрымліваецца. Мяне перапаўняе гонар, калі нашу работу адзначаюць і заўважаюць. Прыемна, калі гледачы рэагуюць на выступленне цёплымі апладысментамі – гэта галоўная ўзнагарода. Ці хвалююся, выходзячы на сцэну? Заўсёды, нават больш не калі выступаю сама, а за свой калектыў, асабліва ў паездках, – гаворыць Галіна Сяргееўна.

Для Галіны Рудзёнак характэрна нястомнае жаданне працаваць і тварыць, сваёй пазітыўнай энергіяй яна зараджае ўсіх.

У канцы кастрычніка яна адзначыць 30­годдзе дзейнасці ў культуры. Умясціць усе яе заслугі і ўклад у развіццё культуры раёна немагчыма ў адным невялікім артыкуле. Да таго ж, яна з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Заўсёды ўнікае ў праблемы сваіх выбаршчыкаў – жыхароў Матырына, Новага Сяла, Двор Пліна, Угрынак і іншых, стараецца дапамагчы. Разам са старэйшынам у Матырыне арганізоўвае і сама ўдзельнічае ў суботніках. Пацвярджэннем яе заслуг з’яўляецца і тое, што ўжо ў другі раз за апошнія шэсць гадоў яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *