Как получить путёвку в санаторий, кто может получить их бесплатно и какие здравницы пользуются популярностью у ушачан?

Калейдоскоп

Запытайцеся ў любой арганізацыі, колькі чалавек чакаюць сваёй чаргі, каб трапіць у санаторый, і адказ будзе аднолькавы: яе няма. Кожны, хто падаў заяву, на працягу года можа палепшыць здароўе ў беларускай здраўніцы. А вось сярод пенсіянераў чарга ўнушальная – больш двухсот чалавек, і на сённяшні дзень адпраўляюць падлячыцца тых, хто падаў заяву ў 2012-2013 гадах. Пра ўсе нюансы аздараўленчага адпачынку наша гутарка з галоўным спецыялістам прадстаўніцтва па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ушацкага раёна Р.М.ЖУРКО.

– Раіса Мікалаеўна, куды трэба звяртацца, каб атрымаць пуцёўку ў санаторый?

– Спачатку трэба ўзяць даведку з паліклінікі аб патрэбе ў санаторным лячэнні і прадставіць яе, а таксама заяву ў камісію па аздараўленні сваёй арганізацыі. Пенсіянеры як па ўзросце, так і па інваліднасці, дзеці-інваліды падаюць заяву непасрэдна мне (будынак райвыканкама, Ленінская, 12, кабінет 35. Тэлефон: 2-06-42).

– Колькі пуцёвак прыходзіць на квартал і які іх кошт?

– Адразу скажу пра сам прынцып размеркавання – на любы раён пуцёўкі паступаюць прапарцыянальна колькасці насельніцтва. Мы атрымліваем прыблізна 6-7 пуцёвак на квартал для працуючых і 5-6 – для пенсіянераў. Аднак у вясенні сезон прапанавала ветэранам працы 13 пуцёвак – скарысталася тым, што ў іншых раёнах нехта адмаўляўся ехаць у здраўніцу ў перыяд пасяўной. Кошт жа пуцёвак залежыць як ад санаторыя, так і часу адпачынку – зараз прыкладна 30-40 рублёў за суткі. Аднак для ўшачан, якія аздараўляюцца праз прадстаўніцтва, ён намнога меншы – прыкладна 15-30 працэнтаў ад кошту – і складае 100-250 рублёў за пуцёўку.

– Адкуль такая разбежка?

– З-за памеру заробка ці пенсіі і сезона адпачынку. Калі ён зімова-асенні, а каэфіцыент даходу складае 0,5 ад сярэдняй зарплаты па рэспубліцы – то 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, калі заробак ад 0,5 да 1 – 20 працэнтаў. У летні перыяд – з 1 мая па 31 кастрычніка – адпаведна 20 і 30 працэнтаў ад кошту. Калі памер даходаў большы, то і працэнт аплаты павялічваецца і можа дасягаць поўнага кошту пуцёўкі.

– Каму яны выдзяляюцца бясплатна?

– Дзецям, а таксама інвалідам 1-2 груп, аднак для апошніх не часцей адной пуцёўкі ў два гады. Бясплатна знаходзяцца ў санаторыях і суправаджаючыя асобы, за свой кошт яны аплачваюць толькі лячэнне.

– Якія санаторыі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ва ўшачан.

– Канечне, “Лясныя азёры”, а таксама “Крыніца”, ”Сасновы бор”, што ў Мінскай вобласці, нашы віцебскія “Лётцы”, “Лепельскі ваенны” – тыя, што бліжэй да дому, паколькі дабіраюцца адпачываючыя ў санаторыі за свой кошт. Сярод дзіцячых – “Расінка”, які раней аздараўляў толькі дзяцей, а зараз ёсць пуцёўкі і для дзяцей з бацькамі. Дарэчы, у якасці суправаджаючай асобы можа ехаць і маці, і бацька, і бабуля.

– Ці можна заказваць не толькі профіль здраўніцы, але і канкрэтны санаторый, напрыклад, “Радон”?

– Можна, аднак паколькі практычна ўсе санаторыі аказваць аднолькавыя віды паслуг, адрозніваюцца толькі нейкімі асаблівасцямі: сваёй мінеральнай вадой, граззю, то ўшачане выбіраюць тое, што бліжэй. Канкрэтную пуцёўку можна даўжэй чакаць. Напрыклад, на “Радон” была адна за дзесяць год. Ды і кошт там дарагі. У “Лясныя азёры”, на жаль, атрымліваем толькі па адной пуцёўцы ў квартал для працуючых і пенсіянераў, што не задавальняе попыту нашых людзей.

– Ці паступаюць на раён пуцёўкі ў беларускія санаторыі, якія знаходзяцца за мяжой?

– Толькі ў дзіцячы санаторыі ў Місхоры і Друскінінкаі. Сёлета ў першы была адна, а ў апошні паступаюць часцей – 2-3 у квартал.

– Бывае такое, што Вы не ве­даеце, каму прапанаваць пуцёўку, і людзей трэба ўгаворваць паехаць у санаторый?

– Не, напрыклад, на трэці квартал пуцёўкі размеркаваны поўнасцю. Як толькі яны паступаюць, я паведамляю ў тыя арганізацыі, адкуль падаваліся заяўкі. Ну а сярод пенсіянераў наогул чарга, у якой 157 ветэранаў працы і 47 інвалідаў. Калі сярод працуючых адпачынак у санаторыях не вельмі папулярны, то гэтая катэгорыя прыязджае з санаторыя і адразу становіцца на чаргу. Так што варта задумацца нашым маладзейшым ушачанам – трэба выкарыстоўваць шанс адпачыць і паправіць здароўе, пакуль ён ёсць. А той, хто быў у беларускіх здраўніцах хоць адзін раз, абавязкова захоча пабываць яшчэ.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *