Озера, фестивали и Маяк. Рассказываем чем еще славится Браслав

Калейдоскоп

Апошняя выязная нарада кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Віцебскай вобласці праходзіла ў Браславе. Галоўныя рэдактары газет і тэлебачання абмяркоўвалі пытанні развіцця прэсы, вывучалі вопыт работы газеты “Браслаўская звязда”, а таксама паўдзельнічалі ў спецыяльным прэс-туры па Браслаўшчыне, каб потым расказаць пра патэнцыял гэтага рэгіёну чытачам сваіх “раёнак”. Такім чынам, у гэтым матэрыяле гаворка пойдзе пра маляўнічую кропку на карце нашай вобласці.

Азёрны рай

У кожнага беларуса гэты край несумненна асацыіруецца з азёрамі, іх у раёне каля трохсот, водныя аб’екты займаюць больш 10 працэнтаў плошчы. Самае вялікае – Дрывяты, яно падобна на мора і прама на яго беразе раскінуўся райцэнтр. Мясцоваму пляжу і жывапіснай набярэжнай зайздросцяць многія. Дрывяты з’яўляюцца пятым па велічыні возерам Беларусі (плошча яго воднага люстэрка складае больш за 32 км2), аднак дзякуючы значнай глыбіні яно займае трэцяе месца па запасах вады, саступаючы толькі Нарачы і Асвейскаму. І калі ўшачан падобнымі фактамі не здзівіш – у нас таксама нямала азёр, разнастайных па памеры, форме, глыбіні, то калегі з іншых рэгіёнаў не хавалі захаплення і па-добраму зайздросцілі браслаўчанам. Славіцца раён яшчэ і Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”, які займае 70 тысяч гектараў або трэць плошчы.

У Браслаўскім раёне пражывае 24143 чалавекі, непасрэдна ў райцэнтры – 9390.

З вышыні птушынага палёту

Зірнуць на прыгажосць азёр з вышыні птушынага палёту дапамагае вядомая славутасць Браслаўшчыны – гара Маяк. Яна ўяўляе сабой выразна выяўлены ледніковы кам – пагорак, які ўзвышаецца над узроўнем мора на 174 м, а адносна бліжэйшых азёр – Струста і Снуды – на 44,7 м. У пачатку ХХ стагоддзя геадэзісты паставілі на вяршыні пагорка вышку, якую мясцовыя жыхары назвалі маяком. У 2020 годзе тут была пабудавана аглядавая вышка ў 14 метраў. “Калі падымецеся наверх – не пашкадуеце!” – з веданнем справы казалі браслаўскія калегі і мелі рацыю: краявіды, якія адкрываюцца з такой вышыні, не паддаюцца апісанню…

Бялеюць парусы на хвалях

Нядзіўна, што пры такой колькасці азёр у горадзе працуе парусная школа “BraslavWave” – апошнія гады ў раёне ўсё больш папулярнымі становяцца водныя віды спорту. На яе базе адкрыта аддзяленне па парусным спорце пры ДЮСШ: праводзяцца заняткі для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, якія прымаюць удзел ужо і ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ну а турыстам парусная школа аказвае паслугі па катанні на яхце, лодках, катамаранах. Папулярызацыя водных відаў спорту стала магчымым дзякуючы ініцыятыве мясцовых уладаў і рэалізацыі міжнародных праектаў.

Тры сотні аграсядзіб

Натуральна, што такая ўнікальная прырода прыцягвае нямала турыстаў, і Браслаў нярэдка называюць беларускім горадам-курортам. Сустрэлі нямала аб’яў аб прапанове жылля на любы адрэзак часу, а таксама мноства ўказальнікаў да турбаз і аграэкасядзіб. Дарэчы, апошніх у раёне ажно 300 і на большасці з іх месцы ўжо забраніраваны да 15 верасня. Нам давялося пабываць на “Вусце-LIFE” непадалёк ад райцэнтра. Яе гаспадар шмат гадоў таму пакінуў сталіцу і абсталяваў у вёсцы Вусце турыстычны аб’ект, які прыцягвае і беларусаў, і іншаземцаў. Госці тут могуць папрацаваць на агародзе, паглядзець за жывёлай, папарыцца ў лазні ці адправіцца за ўловам на бліжэйшае возера. Сядзіба не пустуе і ўзімку – прыязджаюць аматары-рыбаловы, гараджане ў цішыні папрацаваць на ўдалёнцы. Да прыкладу, кошт пражывання ў доміку для 4-5 чалавек за суткі складае 50 долараў. Дарэчы, не толькі аграсядзібы, а і аб’екты грамадскага харчавання, прыдарожнага сэрвісу актыўна адкрываюць прыватнікі і паспяхова працуюць. Напрыклад, вялікай папулярнасцю карыстаецца прыдарожнае кафэ “Струсцянскі прытулак”. Калісьці гэта быў закінуты домік ля дарогі, а новы гаспадар за 6 гадоў пераўтварыў яго ў прыгожы будынак з шырокай тэрасай, абедзеннай залай, дзіцячым гульнявым комплексам і дагледжаным ландшафтам. А стравы беларускай кухні тут дакладна нікога не пакідаюць абыякавым і галодным.

У 2022 годзе Браслаў наведала больш за 80 тысяч гасцей.

Смачныя кансервы

Ну хто з нас не спрабаваў кільку ў таматным соусе, зробленую ў Браславе? У рэгіёне наладжана вытворчасць кансерваў з прэснаводнай і марской рыбы, якія таксама сталі брэндам краю. Гатаваць кансервы філіял “Браслаўрыба” ААТ “Глыбоцкі МКК” навучыўся даўно. З кожным годам расце не толькі попыт на прадукцыю, а і асартымент. Сёння на “Браслаўрыбе” вырабляюць ужо больш за 40 відаў кансерваў, у тым ліку і з гарнірам. Напрыклад, вельмі спадабалася спажыўцам навінка “Сняданак турыста”, выпуск якой асвоены ў мінулым годзе да пачатку турыстычнага сезона. Каб у спажыўца быў выбар, кансерву вырабляюць у тамаце і алеі, затарваюць у сучасны слоік з ключом, што спрашчае яго адкрыццё. Не губляюць папулярнасці “Браслаўская юшка”, “Рагу” – гатовыя да ўжывання рыбныя стравы. А яшчэ адзін хадавы тавар “Шпроты ў алеі” сталі чэмпіёнамі смаку на аднайменным рэспубліканскім конкурсе. Магутнасці мадэрнізаванага прадпрыемства, на якім працуюць каля 150 чалавек, дазваляюць перапрацоўваць 2 тысячы тон рыбы ў год, выпускаць 1,5 мільёна слоікаў рыбных кансерваў за месяц! Цікава, што колькасць беларускай і ў тым ліку браслаўскай рыбы ў структуры сыравіны складае толькі 2 працэнты. Прадукцыя пастаўляецца ва ўсе гандлёвыя прадпрыемствы Беларусі і на экспарт у Кыргызстан, Казахстан, Туркменістан, Арменію, Грузію.

Фестывальны горад

У апошнія гады папулярнасці рэгіёну дадало і правядзенне музыкальнага фестывалю пад адкрытым небам “Viva Braslav” на беразе Дрывятаў. Мінулагодняе мерапрыемства сабрала ў Браславе 50 тысяч чалавек! Акрамя канцэртаў вядомых беларускіх і расійскіх выканаўцаў, конкурса прыгажосці гасцям прапануюцца разнастайныя актыўнасці: спартыўныя, забаўляльныя, гандлёва-рамесныя зоны, фуд-корты, атракцыёны. Сёлета фестываль пройдзе 28-30 ліпеня ў дзясяты раз і ўжо практычна ўсе білеты раскуплены.

І калі “Viva Braslav” заваяваў прыхільнасць маладога пакалення, то “Браслаўскія зарніцы” – фестываль традыцыйнай культуры, які ўжо 56 год збірае творчых людзей рознага ўзросту. Сёлета мерапрыемства, якое прайшло ў пачатку чэрвеня, набыло статус міжнароднага.

Шануюць памяць

Прыродныя краявіды Браслаўшчыны дапаўняюць касцёлы – каталіцкіх вернікаў у раёне значна больш. Касцёл Раства Прасвятой Дзевы Марыі ў Браславе, Святой Дзевы Марыі ў Відзах, Святой тройцы і манастыр бернардзінцаў у Друі – далёка не ўвесь пералік велічных збудаванняў. А яшчэ, як і ў кожным раёне, тут захоўваюць памяць пра герояў вайны – даглядаюць каля 50 воінскіх пахаванняў салдат і ахвяр Вялікай Айчыннай. Да аднаго з іх – мемарыяла на брацкай магіле савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Браслаўшчыны, журналісты ўсклалі кветкі.

* * *

Канечне, ахапіць усё культурнае, гістарычнае, вытворчае жыццё рэгіёну адным матэрыялам немагчыма. Аднак калі будзеце складаць маршрут падарожжаў па роднай Беларусі – зазірніце ў Браслаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *