Улица Приозёрная в деревне Селище — улица мастеров

Благоустройство

У праўдзівасці народнага выслоўя “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца” ўпэўніліся падчас нядаўняга візіту на вуліцу Прыазёрную ў вёсцы Селішча. У кожным тутэйшым доме – свая гісторыя, на кожным падворку – асаблівы свет. Прычым, ствараюць яго вяскоўцы на зай­здрасць удала.

Гадоў 30 назад, бываючы па рабочых пытаннях на Ушаччыне, жыхар Наваполацка Ігнат Ігнатавіч Ананьеў захапіўся нашымі краявідамі. І калі выйшаў на заслужаны адпачынак, разам з жонкай Таісай Мікалаеўнай пераехаў у Селішча. Маючы больш вольнага часу, адкрыў у сабе творчыя здольнасці. Зараз прайсці міма падворка Ананьевых, не зачапіўшыся за яго позіркам, проста немагчыма. “Знаёмцеся, гэта вартаўнік нашага дома, праўда, зроблены з дрэва ды саломы, – усміхнуўся гаспадар. – Неяк летам пасадзіў яго за стол у двары, а калі побач села мая жонка, дык па вёсцы нават шушукацца пачалі. Потым смяяліся з суседзямі…”. Сапраўды, любы матэрыял у руках І.Ананьева знаходзіць арыгінальнае ўвасабленне. Неяк на вочы трапіў яму кавалак трубы – вырашыў зрабіць пушку. Ну а каб не памыліцца ва ўстройстве, не паленаваўся з’ездзіць на выставу ваеннай тэхнікі ў Полацк. Кавалак пенапласту, крыху фарбаў – і закружыліся над домам буслы. Крыху гліны і цэменту – і пасяліўся ў двары важны леў. З пластмасы, бляшанкі і пластыкавых бутэлек “вырасла” высокая пальма. “Планую ў бліжэйшы час пад яе яшчэ індзейца пасадзіць, – падзяліўся творчымі планамі Ігнат Ігнатавіч, дэманструючы рэалістычную галаву будучага “суседа”. – Ну а бліжэй да зімы са штучнага басейна ў рэчку рыбу трэба перасяліць”.

Крыху ўбок па вуліцы Прыазёрнай – і мы ўжо ў своеасаблівым “раслінным” аазісе і карціннай галерэі адначасова. Пра заўзятага садавода Валерыя Сцяпанавіча Баграца і яго жонку Яўгенію Іванаўну мы ўжо расказвалі на старонках “Патрыёта”. Аднак тады “за кадрам” засталіся клопаты сям’і па добраўпарадкаванні ля дома. “Вам хутчэй да маёй жонкі і дачкі Вольгі. Уся прыгажосць – іх заслуга, – сціпла зазначае гаспадар. – Менавіта яны з ранняй вясны і да позняй восені чаруюць над кветнікамі, аздабляюць двор новымі дэкаратыўнымі элементамі. Гэта яны прыдумваюць, як па перыметры дома прыладзіць карціны, што ўжо не змяшчаюцца ў пакоях. Дачка размалявала і фундамент дома, і агароджу, і ўсіх нашых штучных насельнікаў. Мая ж задача – тэхнічная: штосьці прынесці, падаць, прымацаваць”. Між тым, прыгожая альтанка, у якой цёплымі летнімі вечарамі збіраецца сям’я, – справа ўмелых рук менавіта Валерыя Сцяпанавіча. Для яе будаўніцтва мужчына выкарыстаў самыя розныя падручныя матэрыялы: дзе кавалак руберойду ці фанеры заваляліся, дзе непатрэбныя дошкі знайшліся.

Наступны адрас – і зноў зайздросная прыгажосць. Падворак Мікалая Лявонавіча і Раісы Мікалаеўны Паршонкаў акуратна выглядае ў любую пару. А зараз, калі яшчэ буяюць колерамі кветнікі і не “зачынена” ўтульная альтанка, дык асабліва! Нядзіўна, што ў мінулым годзе сям’я Паршонкаў перамагла ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні – іх сядзіба стала лепшым ветэранскім падворкам Кубліцкага сельсавета.

Не менш прывабна выглядае зараз і тэрыторыя ля дома Сяргея Фёдаравіча і Зінаіды Васільеўны Ярмош. Дзіву даешся, як толькі ўсё паспяваюць гэтыя лю­дзі?! А яшчэ ж і дом ужо не першы год “да розуму даводзяць”: штосьці падпраўляюць, рамантуюць. Не забываюць і пра кветнікі, дэкаратыўныя кусты, элементы дызайну.

Вядома, чалавек не можа адразу ўсё ўмець і ведаць, аднак захацеўшы, можна навучыцца асновам любой справы. У гэтым упэўнены героі нашага сённяшняга аповеду і іншыя селішчанцы з вуліцы Прыазёрнай, для якіх пытанне навядзення парадку на зямлі – не толькі асалода для душы, але і патрабаванне сумлення.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымках: І.Ананьеў; сядзіба  В.Баграца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *