Радостное событие: в храме Минодоры, Митродоры и Нимфодоры г.п.Ушачи в день Рождества Пресвятой Богородицы появились колокола

Общество

Колькасць царкоўных свят, якія адзначаюцца ў нашай краіне, даволі вялікая. Людзі сапраўды веруючыя дакладна ведаюць пра іх, таму ў чацвер, у дзень Раства Прасвятой Багародзіцы, на службу ў царкву прыходу святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры спяшаліся многія. Свята ж аказалася двайным, бо менавіта ў гэты дзень ва Ушачы прывезлі бадай што апошні і вельмі важны элемент храма – сем цудоўных званоў.

Адлітыя яны ў маскоўскай майстэрні Ільі Драздзіхіна, вядомага ў Расіі знатака гэтай справы – яго вырабы ўпрыгожваюць званіцы праваслаўных цэркваў ад еўрапейскай часткі Расіі да Далёкага Усходу.

– Не так даўно вазілі ў Бранск, Благавешчанск, – расказвае алтарнік Яўген Архіпаў, які даставіў благавест (так называецца самы вялікі звон) і яго шэсць меншых “братоў” у наш райцэнтр. – Зараз плануем для храма ў Кіеве рабіць. Гэты набор адліты яшчэ ў мінулым годзе, не спецыяльна для вашай царквы. Таму інакш чым Боскай міласцю не растлумачыць тое, што сярод чатырох ікон, выявы якіх маюцца на благавесце, ёсць і Багародзіца, чыё свята адзначаецца сёння, і святая Ефрасіння Полацкая, заступніца зямлі беларускай і лічы што ваша зямлячка – такая ікона наогул вельмі рэдка наносіцца на нашы званы! І, бач ты, трапіла менавіта вам…

Спецыяліст з пятнаццацігадовым стажам патлумачыў, што сем званоў – нібы аркестр. Кожны мае свой памер, таўшчыню сцен, дзякуючы чаму дасягаецца розная танальнасць гучання. Яго, дарэчы, прыхаджане неўзабаве ацанілі. Званы былі зманціраваны на спецыяльнай стойцы, Я.Архіпаў прадэманстраваў сваё майстэрства, і неўзабаве меладычны перазвон прымусіў прахожых здзіўлена спыняцца. “Адвыклі ўшачане ад царкоўнага звону!” – перашэптваліся вернікі.

Упраўляцца адначасова з некалькімі званамі – цэлая навука, а ўлічваючы тое, што Яўген маскоў­скую прапіску на ўшацкую змяняць не збіраецца, не мог не запытаць, хто ж пасля яго ад’езду будзе напаўняць звонам наваколле нашага райцэнтра.

– Андрэй Жыткоў спрабуе, – далучаецца да размовы благачынны раёна айцец Вячаслаў. – Выказала жаданне ўспомніць калісьці распачатую навуку і наша прыхаджанка з Броўчына Алена Аўчыннікава.

Падыходжу да Алены Сяргееўны, якая пасля службы з дапамогай званара Яўгена пад зацікаўленымі позіркамі іншых прыхаджан спрабавала штосьці “выканаць” на новых званах. Зразумела, што такога гучання, як у майстра, дабіцца ёй не ўдалося, але было бачна, што яна і не дылетант. “Калісьці брала ўрокі ў Богаяўленскім саборы ў Полацку. Але там было чатыры званы, а не сем, ды і даўно гэта было”, – расказвае жанчына і дадае, што зараз можна вучыцца званарскай справе і самастойна, для гэтага ёсць спецыяльныя відэа- і аўдыёўрокі ў інтэрнэце. Хаця, канечне, прыклад майстра дае куды больш.

Выраблены званы са спецыяльнага сплаву, які так і называецца – звонавая бронза, і каштуюць, як добры новы аўтамабіль – паўмільёна расійскіх рублёў. Уласнымі сіламі наш прыход такі кошт не пацягнуў бы, а аплаціў выраб і дастаўку аздаблення званіц храма даўні яго сябра і мецэнат Юрый Мікалаевіч Касарынцаў.

– Гэты чалавек, а яшчэ Уладзімір Мікалаевіч Усціменка, Наталля Ільінічна Аляшчук аказвалі нам матэрыяльную дапамогу на працягу ўсяго будаўніцтва храма, – з удзячнасцю адзначае айцец Вячаслаў. – І хаця яны не хочуць публічнасці, не назваць іх проста немагчыма.

Ю.М.Касарынцаў сёння павінен прыбыць з Расіі на храмавае свята нашай царквы, чакаецца ўдзел у ім і архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. “Царкоўным звонам сустрэнем шаноўных гасцей!” – цешыліся прыхаджане і выказвалі спадзяванне, што гэтыя адмысловыя мелодыі будуць прыцягваць іншых ушачан у храм, да веры, несці сваім гукам надзею і радасць Боскай ласкі.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *