Территориальный центр соцобслуживания расширяет спектр услуг для ушачан с ограниченными возможностями

Общество

Не сакрэт, што чалавеку з інваліднасцю жывецца цяжэй, чым здароваму. Няпроста і яго блізкім. Між тым, дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі, падтрымаць іх сваякоў могуць паслугі, якія аказвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра некаторыя з іх наша гутарка з загадчыцай аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна Маргарытай Анатольеўнай МАЙСЕЕНКА:

– У грамадзян з парушэннямі апорна­рухальнага апарата не заўсёды ёсць магчымасць купіць неабходнае артапедычнае абсталяванне. У вашым жа аддзяленні, як я ведаю, яго можна ўзяць на пракат.

– Так, на яго могуць разлічваць непрацаздольныя грамадзяне ва ўзросце ад 60 гадоў або інваліды І і ІІ груп. Ім можам прапанаваць кастылі – звычайныя і “пад локаць”, кійкі, а таксама хадуны і інвалідныя крэслы­каляскі. Кошт абсталявання сімвалічны, а штосьці (атрыманае па гуманітарнай лініі) увогуле выдаём бясплатна. Дарэчы, у лютым у нас адкрыўся новы пункт пракату. Раней яны дзейнічалі ў будынку райвыканкама і аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у Вяркудах, зараз – яшчэ і ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў у Градзянцы. Для атрымання артапедычнага абсталявання можна звярнуцца ў любы з названых пунктаў пракату або непасрэдна ў наша аддзяленне па нумары 2­92­89.

– З умацаваннем матэрыяльна­тэхнічнай базы аддзялення, напэўна, пашыраецца і спектр паслуг, якія аказваеце насельніцтву?

– Безумоўна. Сярод самых запатрабаваных – абкошванне травы мотакасой, сечка дроў, апрацоўка зямельнага ўчастка і перавозка грузаў мотаблокам.

– Ці ёсць на іх чарга?

– Так, асабліва на мотаблок. Таму непрацаздольным грамадзянам з г.п.Ушачы і бліжэйшых вёсак (менавіта гэтай катэгорыі аказваецца паслуга) варта загадзя запісацца. Узворванне адной соткі на сённяшні дзень каштуе 21 тысячу 850 рублёў.

– Мы ўжо расказвалі чытачам пра тое, што пажылыя людзі і інваліды могуць скарыстацца паслугамі сацыяльнай пральні, якая працуе на базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў у Градзянцы. Наколькі яны запатрабаваныя?

– Для сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян гэта выдатная магчымасць разгрузіць сябе ад лішніх клопатаў. Цэны ў пральні – на мыццё бялізны, яе прасушку і прасаванне – даволі “дэмакратычныя”. Калі пажылы чалавек ці інвалід жыве не ў Градзянцы ці па стане здароўя не можа асабіста прынесці рэчы, ён можа выклікаць для гэтых мэт работнікаў аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна.

За дадатковай інфармацыяй па ўсіх відах паслуг аддзялення звяртайцеся па нумары 2­-92­-89.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *