Откуда берётся детская жестокость и агрессия?

Калейдоскоп

На жаль, усё часцей мы чуем пра надзвычайныя здарэнні, віноўнікамі якіх з’яўляюцца дзеці і падлеткі. Вось і нядаўна на цэнтральных каналах тэлебачання актыўна абмяркоўваўся шакіруючы выпадак у Падмаскоўі, калі школьнік з сякерай і зброей накінуўся на настаўніцу – жанчына атрымала раненні, а дзеці, што ў паніцы выскоквалі з класу праз вокны, – траўмы.

Адкуль жа бярэцца дзіцячая жорсткасць, агрэсія? Многія лічаць, што гэта плён камп’ютарных гульняў і крывавых баевікоў. Магчыма, так, але ёсць і іншыя прычыны, што штурхаюць дзяцей да адчаянных дзеянняў – канфлікты з аднагодкамі, бацькамі, педагогамі.

Падлеткі надзвычай імпульсіўныя, ім бывае цяжка сябе ўтаймаваць, а найбольш гэта праяўляецца ў сем’ях, дзе пануюць агрэсіўныя адносіны паміж дарослымі – дзеці ж проста капіруюць такія паводзіны. Небяспечная крыніца агрэсіі – ганенне з боку аднакласнікаў. Напэўна, кожны можа прыгадаць нават сітуацыі з уласнага вопыту, калі школьная “грамада” крыўдзіла новенькіх, слабых, выдатнікаў у акулярах ці, наадварот, адстаючых вучняў. У цяперашні ж час з’явілася новае адгалінаванне гэтай з’явы – ганенне ў інтэрнэце. Многія дзеці днямі ся­дзяць у сацыяльных сетках, дзе іх зносіны ніяк не кантралююцца дарослымі, пішуць адзін аднаму абразы, непрыстойнасці, крыўдзяць іншых і крыўдуюць самі.

Складанасць у тым, што непаўналетнія да апошняга не хочуць дзяліцца з мамай ці татам такімі праблемамі і, як след, атрымліваюць псіхалагічныя траўмы, якія ўплываюць на псіхіку, адбіваюцца на ўчынках і паводзінах. А таму бацькам варта звяртаць пільную ўвагу на паводзіны сына ці дачкі. Насцярожыць павінны часты стан самоты ў дзіцяці, дрэнны настрой, нежаданне ісці ў школу, палахлівасць і раздражнёнасць у адказ на сігналы планшэта ці смартфона. Адна з характэрных прыкмет ганення ў інтэрнэце – выдаленне дзіцем сваёй старонкі ў сацыяльных сетках. Калі вы заўважылі нешта падобнае – варта выклікаць сына ці дачку на шчырую размову, падтрымаць, даць адчуць, што вам неабыякавыя іх праблемы. Інакш уласная “нікчэмнасць” дзіцяці можа выліцца ў агрэсію – адчайную спробу надаць сабе большую вагу ў вачах акружаючых.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *