Приобретайте новогодние деревья по закону.

Калейдоскоп Общество Экология

Набліжаюцца навагоднія і калядныя святы. Цэнтральную плошчу гарпасёлка ўжо ўпрыгожыла галоўная ёлка раёна, ды і жыхары Ушаччыны ў пералік бліжэйшых спраў унеслі традыцыйны перадсвяточны пункт — набыць для дома лясную прыгажуню.

Для працаўнікоў жа лясной гаспадаркі гэтыя дні нясуць дадатковыя клопаты, паколькі яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі нядобрасумленныя грамадзяне накіроўваюцца ў лес для незаконнай нарыхтоўкі навагодніх дрэў. Таму напрыканцы кожнага года спецыялісты лясной аховы вядуць пільны кантроль за недапушчэннем несанкцыянаваных высечак елак і сосен. Нагадаем, што гэта з’яўляецца правапарушэннем, за якое заканадаўствам прадугледжаны сур’ёзныя штрафы. Калі факт незаконнай высечкі будзе зафіксаваны ў лясах першай групы (ахоўваемыя тэрыторыі), то парушальнік можа пазбавіцца сумы ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, у лясных угоддзях агульнага карыстання сума штрафу дасягае 30 базавых велічынь. Пагадзіцеся, што значна танней і прасцей купіць навагоднюю прыгажуню на спецыялізаваных месцах продажу. З 22 па 31 снежня кожны дзень на цэнтральнай плошчы г.п.Ушачы з 10 да 14 гадзін будуць працаваць ёлачныя кірмашы. Кошт навагодніх дрэўцаў залежыць ад памераў расліны: вышынёй да 1 метра — 60 , ад 1 да 2 метраў — 80, ад 2 да 3 метраў — 105 тысяч рублёў. Рэалізацыяй елак і сосен будуць займацца і ў кожным лясніцтве, прычым тут расліны будуць каштаваць танней, чым на кірмашах: па 45, 60 і 85 тысяч рублёў адпаведна за дрэўцы вышынёй да 1, ад 1 да 2 і ад 2 да 3 метраў. Наведаць лясніцтвы можна ў рабочыя дні з 8 да 17 гадзін.

А.РУДАСАЎ, намеснік дырэктара ДЛГУ «Ушацкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *