Ушачская поэтесса Галина Александровна Воротынская презентовала новый сборник стихов «Не спужайце снегіра»

Экономика и малый бизнес

Нядаўна ў жыцці нашай калегі, ушацкай паэтэсы Галіны Аляксандраўны Варатынскай адбылася прыкметная падзея – выйшаў у свет яе зборнік “Не спужайце снегіра…”. Па меркаванні аматараў вершаваных радкоў, якія ўжо паспелі пазнаёміцца з выданнем, кніга стала адметнай з’явай у літаратурным жыцці, атрымалася змястоўнай і дасканалай. З гэтай нагоды мы пагутарылі з Галінай Аляксандраўнай, пабывалі на прэзентацыі яе зборніка, пра што і мусім зараз расказаць.

– Як наспявала задума выдаць кнігу?

– Мо таму, што працавала ў рэдакцыі і чытачы пастаянна знаёміліся з маімі карэспандэнцыямі і замалёўкамі, не адчувала вялікай патрэбы ў папулярнасці, што ўласціва некаторым творцам, а пісаць вершы было само па сабе сардэчным працэсам. Што да выпуску кніг, то настойлівага імкнення не было, хаця і чытала творы сябрам, друкавала ў газетах і часопісах. Ды ўсё ж першы зборнік “З будзённасці ўзляцець…” быў выпушчаны і знайшоў свайго чытача, быў заўважаны пісьменнікамі.

Да новай кнігі паэзіі “Не спужайце снегіра…” ішла доўга, закідваючы штораз вершы ў шафу, а то і губляючы сярод мноства папер. Вось ужо, здаецца, і вазьмуся сістэматызаваць творы, але чым больш перачытваю – тым менш яны мне падабаюцца. Ды нарэшце час прыспеў. Перш за ўсё ў новую кнігу вырашыла змясціць нямала вершаў з ранейшага зборніка, бо зусім невялікі быў яго тыраж, асноўную ж частку склалі творы, напісаныя ў перыяд з 1970 года да сённяшняга часу, размеркаваныя не па датах, а па тэматыцы.

– Чаму менавіта твор “Не спужайце снегіра…” даў назву кнізе?

– Гэты верш – адзін з самых метафарычных. Ён пра тое, што не варта акрэсліваць, раскладаць па палічках пачуцці – іх летуценнае замілаванне можа лёгка знікнуць. Зрэшты, мяркую, што ў кожнага чытача твор можа выклікаць свае асацыяцыі.

– Што найбольш турбавала пры складанні зборніка?

– Былі пэўныя ваганні ўнутранага маральнага кшталту. Есць жа вершы, якія для мяне – тэматычна пройдзены этап, перажытае ў мінулым. Напрыклад, розныя калізіі сяброўства. Тое, што яно нясе адмоўнага – засталося ў мінулым. Пэўныя моманты гэтых узаемасувязей здараюцца і зараз, але з-за набытай з гадамі мудрасці яны ўжо не раняць так, як раней. У той жа час, думаю, некаторыя чытачы пазнаюць у вершах свае сітуацыі, таму ўключыла іх у зборнік.

– Кніга пачынаецца з прадмовы…

– Так. У ёй вядомы літаратар Франц Сіўко выступіў з ацэнкай маёй творчасці, у тым ліку дадзенай класікам беларускай літаратуры Янкам Брылём. Апошні, дарэчы, у свой час прыйшоў падтрымаць мяне ў адказны момант уступлення ў пісьменніцкі саюз.

– Ведаю, што высокую ацэнку Вашай творчасці, асветніцкай дзейнасці даваў і Рыгор Барадулін.

– У зборнік я змясціла асобныя яго подпісы на падораных у розныя гады кнігах. І гэтыя адзнакі, пакінутыя мне на памяць, я невыпадкова сабрала ў раздзеле “Дарагое сэрцу”.

– Выданне ўдала аздобілі здымкі.

– Хацела, каб іх было больш, бо гэта выдатны спосаб пакінуць у гісторыі адметныя падзеі і годных людзей, аднак выдавецтва параіла абмежаваць колькасць фатаграфій, каб кніга абышлася танней. Таму, каб у зборнік трапілі найбольш характэрныя, узважана выбірала і здымкі з сямейнага архіва.

– На многіх з іх – вашы сябры-“музаўцы”.

– Так, народнаму клубу, што створаны пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, прысвечаны асобны артыкул кнігі – пастаралася коратка, але ёміста распавесці пра творчую дзейнасць амаль двух дзесяцігоддзяў, на працягу якіх узначальваю “Музу”. У ім прыгаданы ўдзельнікі аб’яднання – адухоўленыя, шматгранныя людзі з рознымі творчымі схільнасцямі.

– Практычна ўсе яны сталі гасцямі прэзентацыі новага зборніка, што адбылася ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка.

– Так, і гэта было для мяне вельмі прыемна. Хацелася наладзіць больш шырокую імпрэзу, на якую б прыехалі мае сябры-пісьменнікі ды іншыя блізкія па духу людзі, але ў спешцы так не атрымалася. Тым не менш са зборнікам яны ўжо знаёмяцца. Жыхары ж раёна могуць прачытаць кнігу ў бібліятэцы. І карыстаючыся магчымасцю, хачу адрасаваць удзячнасць усім чытачам за цёплыя водгукі пра маю працу. Яны надалі мне творчай упэўненасці, якой, па вялікім рахунку, заўсёды не хапала.

А водгукаў за час пасля выхаду зборніка Г.А.Варатынскай давялося пачуць нямала. Так, напрыклад, высока ацаніў выданне даўні прыхільнік яе творчасці, былы намеснік рэдактара “Патрыёта” Пётр Іванавіч Пратасевіч. Адным з першых пазнаёміўся са зборнікам Аляксандр Сяргеевіч Лосеў. Як толькі даведалася аб кніжцы, прачытала яе Людміла Рыгораўна Карабань – выказала задавальненне ад вершаў, назвала тое, што ёй асабліва блізка – “Ушаччына”, “Сад”, “Ты не ўцякай…” У захапленні ад кнігі застаўся прадпрымальнік Аляксандр Лісоўскі, які нядаўна адкрыў для сябе паэзію Галіны Аляксандраўны.

Таццяна Палячэнка асабліва вылучыла верш “Дождж”, прачытаўшы яго на прыгаданай вышэй прэзентацыі. І не магу з ёй не пагадзіцца, бо ён падаўся надзвычай жывым, метафарычным: дождж у ім выступае сімвалам доўгачаканага ачышчэння прыроды і душы – “сімфоніі святла акорд узвелічальны, пажухласці сівой настойлівы папрок”. Аматар роднай літаратуры Генадзь Ларчанка адзначыў вобразнасць, афарыстычнасць твораў Галіны Аляксандраўны. “Пішу паэму пра ўсход ружовы, плёс адмысловы і зман глыбінь… Мая ідэя, сюжэт – не новы: штармы і шцілі між янь і інь…”, – працытаваў ён асабліва запаўшыя ў душу радкі і рэзюмаваў, што сярод моднага зараз напрамку ў вершатворчасці, якому ўласцівыя пэўная жартаўлівасць, грубаватасць, зборнік нясе сур’ёзную пачуццёвасць, тонкі лірызм, які кранае душу.

Знайшлі асаблівыя, пранікнёныя словы для паэтэсы яе даўнія сябры Галіна і Міхаіл Хомічы, Таццяна Данішэўская – прадстаўніца надзвычай таленавітай сям’і, Ніна і Мікалай Сіпко, якія прыехалі на Ушаччыну з Падмаскоўя, Вольга Шлёнская. Прыемнай для віноўніцы імпрэзы была прысутнасць брата – жыхара Санкт-Пецярбурга Дзмітрыя Пышкова. Увогуле ж цяжка пералічыць усіх, хто ў гэты вечар падарыў Галіне Аляксандраўне кветкі, адрасаваў віншаванні і прызнанні ў бязмернай павазе. Нам жа, як былым калегам, хочацца далучыцца да іх і выказаць спадзяванне, што гэты зборнік будзе не апошнім у творчай скарбонцы паэтэсы, што і надалей будзе струменіць жывая крыніца яе творчасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *