Запас беды не чинит. В КУСХП «Великодолецкое» продолжают заготовку кормов

Сельское хозяйство

Так сцвярджае народная мудрасць, з якой поўнасцю згодны дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” Іван Піліпавіч Дарошчанка. Таму ў сельгаспрадпрыемстве стараюцца максімальна эфектыўна выкарыстаць восеньскія дзянькі, як мага больш заараць і нават напрыканцы кастрычніка працягваюць нарыхтоўку кармоў. Прычым закладаецца не толькі традыцыйны для гэтай пары года сілас, а і зусім неблагой якасці сянаж з канюшыны.

“У любы год, колькі б ні нарыхтавалі, у нашага Піліпавіча заўсёды адно – “не хопіць да вясны!” – усміхаюцца на машынным двары гаспадаркі механізатары. “Мы і ў мінулым годзе прыблізна ў такі час у Скачыхах курган закладалі, – падчас апошніх наладак кормаўборачнага агрэгата расказвае Рыгор Філімонаў. – Працаваў на ўборцы кукурузы, але зараз засталіся такія ўчасткі, дзе пакуль не заедзеш, таму пераходзім з сіласу на сянаж”.

Між тым, заклапочанасць кіраўніка зразумелая. Па стане на 19 кастрычніка ў “Вялікадолецкім” на зіму было нарыхтавана 508 тон сена, 5668 тон сенажу і ўсяго 1436 тон сіласу з запланаваных 5500 тон. На палях яшчэ заставалася каля 30 гектараў кукурузы, але зразумела, што нават убраўшы іх да замаразкаў, асабліва справу гэтым не паправіш. Таму і спяшаюцца вялікадальчане кампенсаваць нястачу кармавых адзінак сенажом. На ўмоўную галаву жывёлы іх у параўнанні з мінулым годам (25,97) нарыхтавана значна менш – 17,58. Таму і не ставяцца пакуль на зімовае захоўванне касілкі, граблі ды прэс-падборшчыкі: корманарыхтоўка будзе працягвацца пры любой магчымасці.

А закладаць ёсць што. Гэта толькі з асфальтавай шашы палі пад Судзілавічамі падаюцца дробнаконтурнымі. Паварот на гравійку, пару кіламетраў – і перад вачыма вялізны масіў, дзе амаль да гарызонту цягнуцца ладныя валкі. Трэба адзначыць, што атава ўрадзіла, таму нават памацаў канюшыну, бо слаба верылася, што пры такім надвор’і яна падсохла. Меркаванне аказалася памылковым – ветрык добра падвяліў масу.

На такіх адлегласцях разабраць здалёк, хто працуе на супрацьлеглым ускрайку поля, немагчыма – нават гулу трактара не чуваць, толькі адбіткі промняў сонца ад шкла кабіны выдаюць месцазнаходжанне тэхнікі. Асцярожна прабіраемся ў тым накірунку і неўзабаве “адрываем ад работы” МТЗ-1221 з касілкай.

– Смялей можна ехаць, камення практычна няма, – добры настрой Віталя Букі ў многім абумоў­лены менавіта гэтым фактарам, які часта становіцца прычынай паломак тэхнікі. – Пракосы доўгія, надвор’е добрае, што яшчэ трэба!

У чацвер Віталь заканчваў касьбу адзін – Андрэй Смаляк быў на рамонце. Збіваў жа травы ў валкі Іван Гоман. Вось такое выключна маладзёжнае звяно вядзе восеньскую касавіцу ў “Вялікадолецкім”. Але нявопытнымі хлопцаў не назавеш ні ў якім разе – і В.Бука, і А.Смаляк ужо неаднаразова ўваходзілі ў лік лепшых механізатараў на розных відах палявых работ, а І.Гоман улетку наогул стаў пераможцам раённых спаборніцтваў на валкаванні траў.

Улічваючы, што паралельна з працай у полі зараз актыўнымі тэмпамі ідзе пастаноўка камбайнаў і іншых глебаапрацоўчых агрэгатаў на зімовае захоўванне, значэнне кожнага механізатара складана пераацаніць. Адказныя і старанныя трактарысты-машыністы ў “Вялікадолецкім”, але не ўсё залежыць толькі ад іх, акрамя надвор’я стрымліваюць работы і паломкі тэхнікі. Па гэтай прычыне так і не ўбачылі мы ў чацвер на полі КВК-800 – галоўны інжынер Юрый Фёдаравіч Васілевіч экстранна накіраваўся ў Полацк за запчасткамі. Маецца ў гаспадарцы яшчэ адзін кормаўборачны комплекс “Палессе”, але ён таксама патрабуе рамонту.

У астатніх гаспадарках становішча з забяспечанасцю кармоў таксама не бясхмарнае. Лічбамі ў 34,79 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы можа пахваліцца хіба што “Маяк-Ушацкі”, ды ААТ “Дземенец”, дзе нарыхтавана 32,66 адзінкі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *