Мобильный комбикормовый завод: удобно и выгодно

Сельское хозяйство

Па даных навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі Акадэміі навук Беларусі, нават пры добрай якасці грубых кармоў не задавальняецца патрэбнасць жывёлы ў мінеральных рэчывах: вітамінах – на 30-60 працэнтаў, у пратэіне – на 20-30, у цукры – на 30-40, а дэфіцыт вітаміну Д пры бязвыгульным утрыманні дасягае 80 працэнтаў. Выкарыстанне камбікармоў – адзіная магчымасць мець збалансаваны рацыён кармлення. Вітаміны і мікраэлементы спрыяюць павышэнню прадуктыўнасці, забяспечваюць здаровае развіццё жывёлы, а значыць і павялічваюць вытворчасць малака і мяса.
Аднак на сённяшні дзень адна тона камбікорму каштуе нятанна – больш двух мільёнаў рублёў. Жыццё прымушае, а з улікам фінансавага крызісу тым больш, эканоміць сродкі, патанняць вытворчасць камбікармоў, а значыць атрымліваць у выніку таннейшыя і канкурэнтаздольныя прадукты. Віцебская вобласць у свой час першая ў рэспубліцы набыла мабільныя камбікормавыя заводы, якія карыстаюцца вялікім попытам, бо маюць відавочныя перавагі. Сельгаспрадпрыемствы нашага раёна ўжо не ўпершыню карыстаюцца спецыяльнай мабільнай камбікормавай устаноўкай Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, бо гэта не толькі вельмі зручна, але і выгадна.  
Вялікія выдаткі для сельгаспрадпрыемстваў – гэта транспартныя расходы. У некаторых выпадках адлегласць да камбіната хлебапрадуктаў дасягае 60-70 і больш кіламетраў. Зерне трэба грузіць на машыны, часта ўручную, бо не ў кожным зернесховішчы развернецца пагрузчык, і везці на камбінат. Затым самім забіраць камбікорм або заказваць машыну на КХП і таксама плаціць немалыя грошы. Спажывец становіцца заложнікам вымушаных транспартных затрат. Не кажучы ўжо аб тым, што на камбінатах растуць накладныя выдаткі, а гэта павялічвае сабекошт вытворчасці камбікармоў. Вырабляецца камбікорм на месцы і са свайго зерня, а тэхналагічны працэс просты. У мабільную камбікормавую ўстаноўку можна з дапамогай рукава падаваць збожжа на перапрацоўку з любой кропкі зернесховішча, дзе яно захоўваецца. Дабаўляюцца спецыяльна набытыя для гэтага розныя прэміксы і дабаўкі, застаецца толькі прымаць гатовы прадукт і складзіраваць.
Такім чынам, напрыклад, нядаўна выраблялі камбікорм у ААТ “Ільюшынскі”. Загадзя набылі вітамінна-мінеральныя дабаўкі да камбікорму ў Віцебску, на адзін дзень арандавалі машыну і вырабілі 100 тон камбікорму. 
– Важна, што камбікорм вырабляецца з нашай сыравіны, якасць якой мы ведаем, а не з чужой. Уся вытворчасць навідавоку, пад кантролем. А галоўнае – эканомяцца немалыя сродкі. 7 мільёнаў пайшло на арэнду машыны, 6 мільёнаў затрацілі на прэміксы, зерне сваё. Перавага відавочная без асаблівых падлікаў. Забяспечылі сябе камбікормам прыкладна на месяц, потым зноў плануем скарыстацца гэтай мабільнай устаноўкай, – гаворыць дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка.
Пры дапамозе запатрабаванай машыны 60 тон якаснага камбікорму вырабілі за адзін дзень не так даўно і ў КУСГП “Арэхаўна”. Такім жа чынам робяць і іншыя нашы сельгаспрадпрыемствы.
Шкада толькі, што не атрымліваецца гаспадаркам арандаваць машыну адразу на некалькі дзён, каб вырабіць неабходную колькасць камбікорму, паколькі мабільны камбікормавы завод вельмі запатрабаваны ў раёнах вобласці.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: выраб камбікорму ў ААТ “Ільюшынскі”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *