В Ушачах прошёл чемпионат по плаванию среди работников отделов и подразделений МЧС Витебской области

Cлужба-101 Cпорт

Басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прыняў першыя спаборніцтвы па плаванні, прычым адразу абласнога ўзроў­ню – у аўторак тут прайшоў чэмпіянат сярод работнікаў аддзелаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны. За званне мацнейшых змагаліся каля 200 выратавальнікаў з 25 каманд.

Акрамя ўмення ліквідаваць узгаранне, работнік МНС павінен мець навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, добра арыентавацца на мясцовасці і, канечне, выдатна трымацца на вадзе. У папярэднія гады чэмпіянат па плаванні заўсёды праходзіў у Наваполацку, сёлета ж з’явілася магчымасць ацаніць свае сілы на новым спартыўным аб’екце: “Шчыра кажучы, не чакалі ўбачыць такія ўмовы, спаборнічаць тут – адно задавальненне!” – дзяліліся ўражаннямі прадстаўнікі Віцебскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Першымі на старт выйшлі кіраўнікі падраздзяленняў і іх намеснікі. Вынік стомятроўкі вольным стылем абодвух падводзіўся як у асабістым заліку, так і ўплываў на агульны вынік. Дастойна выглядалі тут ушачане: начальнік аддзела Сяргей Аваднёў і яго першы намеснік Віталь Ганін пераадолелі дыстанцыю адпаведна за 1.33 і 1.36 хвіліны, што дазволіла заваяваць высокае трэцяе месца.

Заплывы праходзілі ў трох узроставых катэгорыях – да 30 гадоў, якая аказалася самай масавай, 31-39, ад 40 гадоў і старэй.

“Неяк не даводзілася яшчэ выступаць на чэмпіянаце па плаванні, прыемна, што “дэбют” адбыўся дома. Напярэдадні паспелі патрэніравацца ў басейне “Юнацтва”, – гаворыць прадстаўнік нашай каманды Віталь Карэйша. А вось Андрэй Раманоўскі, Андрэй Бараніч, Сяргей Бугай і Алег Севярын, якія таксама адстойвалі гонар аддзела, – не навічкі на падобных спаборніцтвах, таму адчувалі сябе літаральна як рыбы ў вадзе.

“Хутка будзе 13-ы заплыў, на гэта варта паглядзець!” – гледачамі абмяркоўваліся шанцы ўсіх удзельнікаў, але фаварытамі ў групе да 30 гадоў былі навапалачане і віцябчане. І сапраўды, заплыў аказаўся відовішчным – чацвёра ўдзельнікаў праплылі 100 метраў усяго за 56 секунд, атрымаўшы шквал апладысментаў.

“Гарачай” атрымалася і эстафета чатыры па 50 метраў вольным стылем, дзе перамаглі прадстаўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ААТ “Нафтан”. Дарэчы, яны разам са сваімі калегамі з атрада “Віцязь”, а таксама Наваполацкага, Полацкага і Віцебскага гарадскіх аддзелаў занялі практычна ўсе прызавыя месцы ў асабістым заліку ва ўсіх узроставых катэгорыях.

Трэба сказаць, што “хварэлі” за каманды не толькі непасрэдна на старце водных дарожак, а і на працоўных месцах у сваіх раёнах: “Ці ведаеш, як там нашы плаваюць?” – тэлефанавалі мае знаёмыя з Полацка.

У камандным заліку “золата” атрымала каманда пажарнага атрада ААТ “Нафтан”, другое і трэцяе месца занялі Наваполацкі і Віцебскі гарадскія аддзелы. Сярод раённых перамога дасталася Віцебскаму РАНС, другімі сталі плыўцы з Докшыц, трэцяе месца – у Пастаўскага райаддзела. Гаспадары ж сёлетняга чэмпіянату ў выніку аказаліся дзявятымі, але не засмуціліся, а наадварот, з радасцю зазначалі, што з такой цудоўнай базай для трэніровак у наступным годзе ў іх ёсць шансы ўвайсці ў лік мацнейшых.

Лепшыя плыўцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад абласнога ўпраўлення МНС і права адстойваць гонар вобласці на адпаведных рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *