Команда юных футболистов из Ушач приняла участие в республиканских соревнованиях «Кожаный мяч»

Cпорт

Сёлетняй вясной 1836 дзіцячых футбольных каманд з усіх куточкаў Беларусі распачалі барацьбу ў турніры “Скураны мяч”, які праводзіцца на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. І вось напачатку верасня ў Мінску сабраліся дружыны, якія прайшлі праз сіта адборачных тураў і заваявалі права прадстаўляць свае рэгіёны ў фінале. Гонар Віцебшчыны ў старэйшай узроставай групе адстойвалі футбалісты Ушацкага РФСК.

Раней у фінале каманда нашага раёна гуляла толькі аднойчы – чвэрць стагоддзя таму. Відавочна, што ў рангу фаварытаў ушачане не разглядаліся, але ўжо першы матч з равеснікамі з Лельчыц рэзка ўзняў іх “каціроўкі” – хлопцы разграмілі саперніка 9:0! Як зазначыў трэнер Раман Фядосенка, гэта была эталонная гульня, дзе ў кожнага атрымлівалася літаральна ўсё. У ёй, прынамсі, былі пастаўлены два неафіцыйныя рэкорды: зафіксаваны самы буйны лік і адзіны на турніры “пента-трык” – Ягор Заруба забіў у адной гульні аж пяць мячоў! І тут жа трапіў “на карандаш” да “разведчыкаў” са сталічнага “Дынама”, якія прыглядаліся да перспектыўных хлопцаў. А вось гульня з “Авіятарамі” са Шчучына аказалася куды больш упартай, і нашы юнакі ўзялі верх 4:3. А якія прыгожыя галы забівалі – чаго толькі варты трапны ўдар капітана Мікіты Жалейкі з цэнтральнага круга!

Пасля дзвюх перамог на каманду з маленькага райцэнтра ўсе настройваліся асабліва. У апошнім матчы групавога турніру нас задавольвала нават нічыя, але сапернікі з Мінска аказаліся больш удачлівымі і перамаглі з розніцай у адзін мяч. У выніку тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў і ў фінал прайшлі шчучынцы па крыху лепшай розніцы галоў у паядынках між гэтымі сапернікамі. Дарэчы, формула падліку даволі спрэчная, бо больш лагічна было б улічваць забітыя і прапушчаныя мячы ва ўсіх матчах – і тады б шлях у фінал адкрыўся для ўшачан… На матч за “бронзу” з яшчэ адной сталічнай камандай нашым хлопцам крыху не хапіла сіл (лаўка запасных была вельмі кароткая), адвярнулася і фартуна: калі на апошніх хвілінах мінскі ігрок згуляў рукой у сваёй штрафной, арбітры гэтага не заўважылі, хоць пазней і прызналі пасля відэапрагляду, што трэба было прызначаць пенальці…

4-е месца, якое ў выніку занялі ўшачане, канечне, самае крыўднае… Але з іншага боку, быць у квартэце лепшых каманд краіны, згадзіцеся, проста здорава! І мала хто паверыў бы ў такое яшчэ мінулай вясной. Ну а спаборніцтвы запомняцца дзецям не толькі барацьбой на полі, а і шэрагам яркіх, святочных падзей. Яны згулялі ў таварыскім матчы з камандай папулярных блогераў і былых зорак айчыннага футбола, пагутарылі з кумірамі і абзавяліся іх аўтографамі. А Раману Фядосенку, дарэчы, было прыемна сустрэцца з адным з лепшых беларускіх нападаючых Віталем Радыёнавым, супраць якога ён калісьці гуляў у паядынках абласнога і рэспубліканскага чэмпіянатаў. Ушачане пабывалі на трэніроўцы беларускай зборнай, апрабавалі газон галоўнага стадыёна краіны і, вядома ж, атрымалі падарункі ад арганізатараў – рукзакі, сувеніры і футбольныя мячы. Апошнія юнакі перадалі роднай футбольнай секцыі, каб з новым інвентаром трэніраваліся хлопчыкі малодшых груп – і пастараліся паўтарыць і пераўзысці дасягненне нашай зорнай каманды 2009-2010 гадоў нараджэння.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *