А вы подготовили своё авто к зиме?

Профилактика и безопасность

Кожны зімні сезон у Дзяржаўтаінспекцыі пачынаецца з дзясяткаў “слізкіх” аварый. Нягледзячы на тое, што на двары яшчэ лістапад, аўтамабілісты Ушаччыны ўжо паспелі трапіць у падобныя непрыемныя сітуацыі – гэта ілюструе здымак, зроблены на мінулым тыдні на шашы ля вёскі Вацлавова. Пазбегнуць жа іх дапамагла б загадзя праведзеная падрыхтоўка транспартнага сродку да холаду, павышанай вільготнасці, галалёду, снегу, хімічных рэагентаў на дарогах…

Пра асноўныя моманты, здольныя забяспечыць бяспеку кіравання ў зімні перыяд, мы пацікавіліся ў супрацоўнікаў аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС.

“Абутак”па сезоне

Першае, пра што задумваюцца аўтаўладальнікі з набліжэннем халадоў, – гэта замена шын. Умоўна вылучаюць тры іх тыпы: зімнія, летнія і ўсесезонныя. Канечне, зручна выкарыстоўваць адзін камплект круглы год, але, на жаль, для беларускіх аўтамабілістаў такі варыянт непрымальны. Усесезонныя колы разлічаны толькі на эксплуатацыю пры тэмпературы паветра не ніжэй мінус 5 градусаў. Зімы ж у нас непрадказальныя і звычайна халаднейшыя.

Зімнія шыны бываюць шыпаваныя і не. Выбар залежыць, у першую чаргу, ад умоў эксплуатацыі аўто. Для дарог, дзе асфальту не ўбачыш, падыдуць першыя. Лепш паставіць аднолькавыя шыпаваныя шыны на ўсе 4 колы. Яны павінны прайсці абкатку ў 500 кіламетраў на хуткасці 60-70 км/г. Тады шыпы канчаткова стануць на свае месцы. У гэты перыяд варта пазбягаць рэзкага тармажэння і дынамічных стартаў. Для гарадскіх жа вуліц лепш браць нешыпаваныя шыны. Склад гумы і малюнак пратэктара можа быць розным. Вылучаюць “еўрапейскі” і “скандынаўскі” тыпы. Першы прызначаны для цёплых зім і мае дыяганальны малюнак пратэктара, з вузкімі прарэзамі для адводу бруду і вады. Другі адрозніваецца “зубастым” малюнкам, які забяспечвае лепшае счапленне на заснежанай ці абле­дзянелай дарозе ва ўмовах больш снежных і халодных зім.

Майце на ўвазе, што шыны маюць тэрмін прыдатнасці: не больш за 5 гадоў з моманту вырабу. Пасля ж “пераабування” здзей­сніце абкатку, праедзьце ў спакойным рэжыме кіламетраў 100-200.

Здароўе “жалезнага каня”

Не варта зараз абдзяляць увагай кузаў – пераканайцеся, што яго асноўныя часткі абаронены ад карозіі. Апрацоўка антыкарам рэкамендуецца для аўто, якія з моманту куплі не падвяргаліся гэтай працэдуры, ці апрацоўка праводзілася даўно. Можна выкарыстоўваць і масцікі на бітумнай аснове, з вашчыны, хлорсульфінавага поліэтылену.

Праверце шчыльнасць электраліту ў акумулятары, магчыма, батарэю неабходна зарадзіць ці замяніць. На ўсялякі выпадак трымайце ў аўтамабілі правады для “прыкурвання”.

Узімку вы павінны быць упэўнены ў эфектыўнай рабоце тармазоў, таму абавязкова праверце стан тармазных цыліндраў і калодак. Звярніце таксама ўвагу на свечкі і рамень генератара. Апошні не павінен мець пацёртасці і расколін, а яго нацяжэнне адпавядаць норме. Праверце шчыльнасць тасолу, замяніце шклоамывальнік.

Памятайце, што эксплуатацыя непадрыхтаванага да зімы аўтамабіля небяспечная і можа прывесці да аварыі. Знос рухавіка і хадавой часткі ва ўмовах халадоў надыходзіць хутчэй, затраты паліва ўзрастаюць. Такім чынам, “рыхтуйце санкі ўлетку”. І камфортнай вам зімняй язды!

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

Згодна з Правіламі дарожнага руху Беларусі, з 1 снежня па 1 сакавіка пры ўдзеле ў дарожным руху аўтамабілі павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Гэта патрабаванне распаўсюджваецца на аўтамабілі: з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 т уключна; легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 т; аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 т. Зімовыя шыны павінны быць устаноўлены на ўсіх колах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *