Молодой провизор центральной аптеки Марина Жинь отлично ориентируется в мире многочисленных лекарственных средств

Образование и молодежь

“Трэба ў чаргу да гэтай маладой дзяўчыны станавіцца, яна так хутка і спрытна абслугоўвае, усё растлумачвае і раіць!” – неаднойчы даводзілася чуць у цэнтральнай аптэцы. У праўдзівасці такіх слоў у адносінах правізара-рэцэптара Марыны Жынь не раз упэўнівалася і сама – у свеце шматлікіх лекавых прэпаратаў дзяўчына арыентуецца на выдатна.

У школьныя гады яна марыла звязаць сваё жыццё з прафесіяй урача і паступіць на лячэбны факультэт Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, але потым змяніла свой выбар у крыху іншы бок, абраўшы фармацэўтычны. Штуршком да гэтага стаў прыклад маці Ірыны Мікалаеўны, якая вельмі любіць сваю справу і ўжо на працягу многіх гадоў узначальвае цэнтральную раённую аптэку. Спасцігаць новую навуку дзяўчыне было цікава, хоць і складана – вялікі аб’ём інфармацыі, адных толькі прадметаў, звязаных з хіміяй, было амаль дзясятак.

Падчас размеркавання Марыну накіравалі ў родныя Ушачы. І калі многія выпускнікі марылі аб рабоце выключна ў буйных гарадах, то яе, наадварот, вельмі ўзрадаваў той факт, што працоўную дзейнасць давядзецца пачынаць на радзіме. Тым больш што калектыў яна ўжо добра ведала і менавіта тут спрабавала свае сілы падчас вытворчай практыкі.

Нягледзячы на тое, што мама і кіраўнік былі адной асобай, з першага рабочага дня не было ніякіх скідак на роднасныя адносіны.

– Прызнаюся, спачатку не раздзяляла выбар дачкі наконт прафесіі – усё ж вельмі хацела, каб у сям’і быў урач. А зараз ганаруся ёй і разумею, што ў мяне з’явіўся не проста работнік, а надзейны памочнік ва ўсіх справах,  – гаворыць Ірына Мікалаеўна.

Акрамя сваіх асноўных абавязкаў па продажы медыцынскіх прэпаратаў Марына робіць аналіз лекавых сродкаў, якія вырабляюцца непасрэдна ў цэнтральнай аптэцы, праводзіць іх пераўлік у іншых. Хутка і лёгка авалодала спецыяльнымі камп’ютарнымі праграмамі: “База адразу паказвае, ці ёсць тое ці іншае лякарства ў наяўнасці і ў якой колькасці, што значна паскарае працэс абслугоўвання, да таго ж з’явілася магчымасць выкарыстання дысконтных карт, – пералічае перавагі сучасных тэхналогій М.Жынь. – Самымі ж “хадавымі” ў нас з’яўляюцца прэпараты ад гіпертаніі, сардэчна-сасудзістых, а таксама прастудных  захворванняў”.

У наш імклівы час пастаянна з’яўляюцца новыя лекавыя сродкі і работнікам аптэкі незалежна ад вопыту і стажу трэба пастаянна вучыцца. Вось і М.Жынь нядаўна вярнулася з курсаў павышэння кваліфікацыі. А за непрацяглы перыяд работы яна ўжо паспела вызначыцца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў сеткі дзяржаўных аптэк “Фармацыя”. Спаборніцтва ўключала ў сябе некалькі этапаў, а акрамя гэтага трэба было прадэманстраваць і творчыя здольнасці.  Журы ацаніла не толькі жартоўную прэзентацыю Марыны пра аптэку і яе работнікаў, вытворчасць лекаў, а і выдатныя веды і прафесійныя якасці – у агульным заліку ў канкурэнцыі з 20 маладымі спецыялістамі Віцебшчыны наша зямлячка заваявала “срэбра”.

Да кожнага наведвальніка гэтая абаяльная дзяўчына стараецца знайсці падыход, бо ўпэўнена, што палепшыць самаадчуванне кліентаў аптэкі могуць не толькі лекі, а і ветлівасць, увага.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *