На Крещение ушачане традиционно окунались в купель на озере Должица

Общество

Усю сераду шчыравала ля пірсу на возеры Должыца “брыгада” работнікаў санаторыя “Лясныя азёры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сільванёнка, каб у свята Вадохрышча жыхары і госці нашага раёна змаглі далучыцца да цудадзейнага абраду купання ў вадзе, якую папярэдне асвяціў благачынны раёна айцец Вячаслаў. І гэтыя намаганні спаўна ацанілі каля паўтары сотні чалавек, што сабраліся тут апоўначы 19 студзеня. “Якая прыгажосць!” – толькі і чулася з розных бакоў – асабліва ж уражаны былі тыя, хто прыйшоў да падсвечанай гірляндамі “іардані” ўпершыню.

Ну, а старт заплывам на правах гаспадара даў дырэктар здраўніцы Віктар Мікалаевіч Грынкевіч. “У мяне ж сёння двайное свята! – дзяліўся ён пазней узнёслымі эмоцыямі. – Адзначаю таксама Дзень выратавальніка. Былая прафесія прымусіла загартаваць цела, а таму купанне ў палонцы для мяне – ніяк не экстрым, займаюся гэтым ужо гадоў.

Калі ж вымяраць стаж “маржавання”, то чэмпіёнам тут стаў бы, напэўна, прыгаданы вышэй Уладзімір Сільванёнак: залезці ў ледзяную купель ён марыў з самага дзяцінства, бацькі ж дазволілі зрабіць гэта толькі ў 13 год – з тых часоў і плавае ў любую пару. Прыемна, што прыклад здаровага ладу жыцця паказвае ўшачанам і кіраўнік раёна Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, які таксама далучыўся да абраду Вадохрышча.

Як гэта заведзена ў сучасным грамадстве, ні ў чым не саступаюць моцнаму полу і жанчыны. Вось і ў святочную ноч мужна ўваходзілі ў ледзяную ваду як купальшчыцы са стажам, да якіх, напрыклад, можна аднесці Алу Новік, Таццяну Клопаву, Ларысу Полазаву, так і “дэбютанткі”. Да апошніх належыць Ірына Кашко. “Надзвычай лёгка ў целе і светла на душы! – ахарактарызавала яна свае ўражанні ад першага ў жыцці зімовага купання. – Даўно марыла пра гэта і вельмі рада, што рашылася!”

З Ірынай, дарэчы, мы гутарылі ва ўтульнай палатцы з абагрэвам, якую прыстасавалі для пераапранання жанчын. Побач была ўстаноўлена яшчэ адна, дзе купальшчыкі маглі сагрэцца гарачай гарбатай. “Выкажыце, калі ласка, падзяку арганізатарам і работнікам райспажыўтаварыства за такія зручнасці, створаныя для нас”, – падобную просьбу давялося пачуць ад многіх людзей, што прыходзілі да купелі, а мнагалюдна тут было не толькі апоўначы, але і на працягу ўсяго ўчарашняга дня. Традыцыйна шмат жадаючых акунуцца ці проста паназіраць за тым, як купаюцца іншыя, знайшлося і сярод адпачываючых здраўніцы. Госці з Расіі з захапленнем здымалі дзейства на фота і відэа, каб захаваць цудоўную атмасферу хрысціянскага свята, якое яны сустрэлі ў Беларусі.

Прыемна было бычыць на беразе мноства дзяцей – ушачане прыязджалі да купелі цэлымі сем’ямі – і гэта натуральна, бо далучацца да добрых традыцый варта з маленства. Вадохрышча ж спрадвеку лічыцца адным з самых узнёслых святаў, і нават скептыкі вераць у тое, што асвечаная вада валодае магічнымі ўласцівасцямі – лечыць ад хвароб, надае бадзёрасці, выклікае ў людзей памкненне рабіць добрыя справы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *