У паліклініцы Ушацкай ЦРБ адкрыўся кабінет мануальнай тэрапіі. Прыём пацыентаў ажыццяўляецца раз на тыдзень – па серадах – у кабінеце ЛФК фізіятэрапеўтычнага аддзялення. Новы метад лячэння аказаўся даволі запатрабаваным – у першы ж дзень работы спецыяліста на прыём да яго завіталі 7 чалавек. Мы таксама не сталі адкладваць у доўгую скрыню візіт да гэтага доктара – папрасілі расказаць для нашых чытачоў пра спецыфіку яго работы, нюансы працэдур і многае іншае.
Знаёмцеся: урач мануальнай тэрапіі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй Ігар Уладзіміравіч Кавалёў. У сістэме аховы здароўя – з 1984-га. Доўгі час працаваў у Рэспубліканскiм клінічным медыцынскiм цэнтры Кіравання Справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мануальную тэрапію практыкуе ўжо 30 гадоў – вучыўся гэтаму ў Маскве, у доктара медыцынскіх навук А.Б.Сітэля. Але закахаўся ў краявiды Ушаччыны, пераехаў у наш раён і ўладкаваўся ў санаторый “Лясныя азёры”, дзе займаецца ўдарна-хвалевай тэрапіяй.
– Ігар Уладзіміравіч, ва ўяўленні многіх людзей мануальны тэрапеўт і кастапраў – гэта адзін і той жа спецыяліст…
– Адназначна не! Другі спецыялізуецца на вывіхнутых ці паламаных касцях, а першы – кантактна ўздзейнічае рукамі на мышцы і суставы, звязкі і органы, каб аднавіць іх правільнае размяшчэнне адносна адзін аднаго. Бывае, чалавек кульгаў некалькі гадоў, а пасля аднаго візіта да мануальнага тэрапеўта выходзіў прытанцоўваючы. Сапраўды, метад мануальнай мабілізацыі дазваляе хутка аднавіць функцыю рухальнага сегмента, зняць болевы сіндром, нармалізаваць мышачны тонус.
– Як зразумець, што трэба звярнуцца да мануальнага тэрапеўта?
– Калі выдзеліць асноўныя паказанні, то гэта боль у спіне, суставах, змяшчэнне пазванкоў, парушэнне іх функцыі, паставы. У асобных выпадках сярод скаргаў могуць быць нават сістэматычныя галаўныя болі, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск.
– Пералік таго, што лечыце, шырокі…
– Так. Гэта і астэахандроз усіх аддзелаў, аняменне канечнасцяў, захворванні лёгкіх, выкліканыя парушэннем кровазвароту ці змяшчэннем структур пазваночнага слупа, вегетасасудзістая дыстанія, дрэнны сон і стамляльнасць, выкліканыя праблемамі пазваночніка.
– Узроставыя абмежаванні ёсць?
– Ніякіх. А вось супрацьпаказанне маецца – вострая пазваночная грыжа.
– Што ўяўляе сабой прыём у мануальнага тэрапеўта?
– Як і любому іншаму ўрачу, трэба пачынаць з анамнезу – атрымання звестак праз гутарку з пацыентам. Па-другое, дыягностыка – яна праводзіцца рукамі. Падчас яе вызначаюцца ступень рухомасці суставаў, участкі напружання мышцаў, даецца ацэнка болевай актыўнасці. Таксама спатрэбіцца дадатковае абследаванне: рэнтген, КТ, МРТ (асабліва калі ў чалавека ёсць складаныя захворванні, якія маюць на ўвазе абмежаванне нагрузак). Што ж датычыцца непасрэдна працэдур, то яны адназначна не балючыя, нават прыемныя. Методыкі лячэння, якія выкарыстоўваюцца, – гэта не ўдары, а наадварот, мяккія рухі, распрацаваныя еўрапейскімі ўрачамі.
– Адразу ісці да Вас ці спачатку да ўчастковага тэрапеўта, неўролага?
– Абодва варыянты прымальныя. І ўсё ж часцей людзі звяртаюцца за дапамогай без накіравання, па ўласнай ініцыятыве. Нагадаю, што запісацца на прыём можна ў рэгістратуры паліклінікі ці праз сайт райбальніцы.
– Сеансы платныя?
– Так, кабінет мануальнай тэрапіі пры Ушацкай ЦРБ працуе на пазабюджэтнай аснове. Пярвічны прыём (а гэта агляд, вобразна кажучы, ад патыліцы да копчыка з неабходным уздзеяннем на асобныя зоны) абыдзецца ў 30-50 рублёў. Заўважу, што ў большасці выпадкаў аднаго такога сеанса бывае дастаткова, каб паправіць чалавеку здароўе. Калі ж спатрэбяцца яшчэ, каштаваць яны будуць ужо 10-15 рублёў.
* * *
Ідучы на першы прыём, трэба разумець, што мануальная тэрапія – не панацэя ад усіх хвароб. Але ў шэрагу выпадкаў варта аддаць ёй перавагу, паколькі гэта немедыкаментозны метад лячэння.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.