Поздравления с 90-летним юбилеем принимала бывшая учительница Ушачской школы Надежда Николаевна Пашута

Общество

“Надзея Мікалаеўна, вы – малайчына! Такая актыўная, бадзёрая і жыццярадасная, прыклад для ўсіх нашых ветэранаў!” – не хавалі эмоцый і не шкадавалі шчырых віншавальных слоў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Маргарыта Віктараўна Варава, завітаўшы да былой настаўніцы Ушацкай школы Н.М.Пашута з нагоды яе 90-гадовага юбілею.

– Калі б можна было, я б і сёння працавала, работа ў школе – мае самыя цікавыя і залатыя гады! – усміхаючыся, зазначае пажылая жанчына.

Пачынала ж яна сваю педагагічную дзейнасць з піянерважатай, вельмі любіла займаць дзяцей рознай творчай работай – танцамі, рукадзеллем, а яе работа з бацькамі наогул адзначалася на абласным узроўні. Пазней, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Віцебскім педінстытуце, стала выкладаць матэматыку ў 4-5 класах. “Дзеці старанныя і паслухмяныя тады былі. Добра памятаю дапытлівага Сяргея Жаваранка, які пасля ўрокаў падыходзіў да маёй дачкі і казаў ёй: “Твая мама так добра ўсё тлумачыць…”, а тая мной ганарылася! Потым хлопец звязаў свой прафесійны выбар з дакладнымі навукамі, стаў рэктарам Гомельскага ўніверсітэта”, – прыгадвае Надзея Мікалаеўна.

Больш 15 гадоў працавала яна завучам, з асаблівым задавальненнем успамінае і часы, калі была адказная за турыстычную работу ў школе. Яе падапечныя неаднаразова станавіліся пераможцамі розных турзлётаў як у раёне, так і вобласці: “Я і сёння добра памятаю здольнасці і характары сваіх турыстаў – Валі Бураўлёвай, Лёні Раманоўскага, Наташы Селязнёвай, Толі Карабаня і многіх іншых”.

Педагагічная дзейнасць Надзеі Мікалаеўны неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі і падзякамі. А ў дзяцінстве яна нават і не думала, што стане настаўнікам.

– Жылі мы з бацькамі на хутары непадалёк ад Пліна і Старога Сяла. Мама і тата былі вельмі працалюбівымі, з самага маленства да гэтага прывучалі і нас. Тры класы я скончыла ў Старасельскай школе, а ў чацвёрты ўжо хадзіла ў Пліна. Крыху пазней, калі бацька стаў працаваць на МТС (пазней сельгастэхніка), мы пераехалі ўжо сюды і месцам маёй вучобы стала Ушацкая школа. Памятаю, як казалі настаўнікі, што ў мяне слабая база ведаў, а я між тым умела чытаць і з лёгкасцю дэкламавала свой любімы верш “Хлопчык і лётчык”, – расказвае Н.М.Пашута.

Вучобу перарвала Вялікая Айчынная вайна. Да дробязей Надзея Мікалаеўна памятае першы яе дзень, тое, як мама бегла адправіць ліст сыну-прызыўніку ў Ташкент, як немцы хадзілі па хатах і забіралі прадукты. Але найбольш урэзаўся ў памяць час палону: старых і малых карнікі гналі ў бок Лепеля і далей, прымушалі працаваць. На шчасце тады ёй з сяброўкай удалося ўцячы…

– У мяне два дні нараджэння: на свет з’явілася 2 студзеня, а ў пашпарце запісалі 26-га – вось увесь месяц і адзначаю, – усміхаецца жанчына, завіхаючыся ў чаканні гасцей. – Але ж не важна, што ў пашпарце, галоўнае – што ў чалавека ў душы!

Гэтымі днямі з віншаваннямі ў Ваўчо завіталі многія яе даўнія сябры, а таксама былыя калегі па рабоце. У нядзелю з сяброўскім візітам наведаліся “дзяўчаты” – былыя калегі па рабоце Фаіна Пятроўна Зубцова, Ларыса Аляксееўна Алабіна, Ніна Аляксандраўна Багдановіч. А ў панядзелак гасцямі юбіляркі сталі старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Ушацкай школы Сяргей Трафімавіч Белавусаў, які якраз і змяніў на гэтай пасадзе Н.М.Пашуту, і прадстаўнікі маладога пакалення ўшацкіх педагогаў – дырэктар школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі і старшыня прафкама ўстановы адукацыі Ірына Генадзьеўна Цітова. Разам са словамі пашаны і ўдзячнасці за выхаванне некалькіх пакаленняў ушачан яны ўручылі Надзеі Мікалаеўне юбілейную грамату і падарункі, за святочным сталом прыгадалі самыя яскравыя моманты багатага на падзеі жыцця імянінніцы.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, яна яшчэ вельмі жвавая і актыўная, любіць схадзіць на прагулку і нават наведаць раённыя мерапрыемствы. У чым сакрэт яе даўгалецця? У пастаянным руху, аптымізме, моцнай загартоўцы яшчэ з дзяцінства, а таксама падтрымцы родных людзей – дачок, унукаў, праўнукаў. Пажаданнем жа нумар адзін у гэтыя дні было, каб не падводзіла здароўе і гэтак жа шмат людзей віншавала яе ў стагадовы юбілей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *