Почему закрыты шлагбаумы у Вечелья и Должина? Выясняем ситуацию с начальником районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды М.А.Шуком

Общество

У нашым азёрным краі рыбалкай захапляецца пераважная большасць мужчын, ды і многія ўшачанкі лёгка адрозняць блешню ад мармышкі. А самыя заўзятыя аматары згуртоўваюцца праз сацсеткі – падобныя групы створаны ВКонтакте, Вайберы. Нядаўна ў рэдакцыю завітаў прадстаўнік якраз такой інтэрнэт-суполкі, каб узняць хвалюючае рыбаловаў пытанне: “Азёры Должына, Вечалле і Звонь – адны з самых папулярных у нашым асяроддзі. Раней мы спакойна пад’язджалі на аўтамабілях да іх берагоў, спускалі на ваду лодкі – было вельмі зручна! Але сёлета на лясных дарогах, што вядуць да азёр, зачынілі шлагбаумы. Мы спадзяваліся, што гэта мера пажаранебяспечнага перыяду, але і пасля зняцця забароны на наведванне лясоў уезды засталіся закрытымі. Нас гэта засмуціла: можна, канечне, пакінуць машыну на шашы, але тады давядзецца несці ў руках усе прылады, а яны, між іншым, не такія лёгкія. Уявіце, колькі важыць лодка ці, напрыклад, экіпіроўка для падводнага палявання. Чулі інфармацыю, што райвыканкам прыняў рашэнне аб прызнанні названых азёр важнымі для экалогіі тэрыторыямі і менавіта з гэтым звязана закрыццё шлагбаумаў. Але ж берагі Вечалля і Должына заўсёды былі самымі запатрабаванымі ў турыстаў, летам тут паўсюдна палатачныя гарадкі – і абмежаванні негатыўна паўплываюць на турыстычную прывабнасць нашага раёна. Чым кіраваліся ўлады, прымаючы такое рашэнне?”

Узнятую тэму мы абмеркавалі з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шуком.

Хто вырашае, дзе будзе заказнік?

Асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) – запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, помнікі прыроды – вылучаюцца каштоўнымі для экалогіі і навукі прыроднымі комплексамі і аб’ектамі. Дарэчы, яны займаюць больш 9 працэнтаў тэрыторыі нашай краіны. Ва Ушацкім раёне маюцца 2 заказнікі рэспубліканскага значэння (“Крывое” і “Белае”), 4 – мясцовага (“Чарсцвядскі”, “Глыбачанскі”, “Вечалле” і “Даліна ракі Ушачы”), помнік прыроды “Баркоўшчына”. Апроч таго выяўляюцца і перадаюцца пад ахову рэдкія і тыповыя біятопы (яны могуць знаходзіцца як на тэрыторыі заказнікаў, так і па-за іх межамі). Сёлета іх пералік папоўніўся 13 аб’ектамі, і менавіта сярод іх аказаліся Должына і Звонь, а таксама некаторыя кварталы прылеглых да іх лясоў.

Трэба сказаць, што папаўненне спісу такіх аб’ектаў не з’яўляецца спантаннай ініцыятывай раённай улады. Увогуле развіццё сістэмы ААПТ ажыццяўляецца згодна Нацыянальнай стратэгіі і на аснове Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях”, а што датычыцца менавіта заказнікаў мясцовага значэння, то яны ствараюцца па рэгіянальнай схеме рацыянальнага размяшчэння ААПТ, якую распрацоўваюць аблвыканкамы на 10-гадовы тэрмін сумесна з навукоўцамі. Рашэнне ж райвыканкама ад 25.04.2022г. проста замацавала перадачу выяўленых тыповых і рэдкіх біятопаў пад ахову землекарыстальнікаў.

Чаму Вечалле трэба ахоўваць?

У межах заказніка “Вечалле”, напрыклад, растуць баранец звычайны і чына гладкая, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, 7 відаў раслін, уключаных у спіс патрабуючых прафілактычнай аховы і рацыянальнага выкарыстання (вадазбор звычайны, пералеска высакародная, гудайера паўзучая і іншыя). У водах Вечалля, Должына і Звоні маюцца рэдкія згуртаванні пагружаных і плаваючых раслін-гідрафітаў.

Навошта шлагбаумы?

На прыгаданых тэрыторыях дзейнічае спецыяльны рэжым аховы. Напрыклад, тут нельга змяняць рэльеф дна і берагоў, абсталёўваць лодачныя прычалы, пляжы, зоны адпачынку, палатачныя гарадкі (па-за ўстаноўленымі месцамі), мыць аўтамабілі, паіць і пасвіць жывёлу, выкарыстоўваць лодкі з рухавікамі больш 15 конскіх сіл, рухацца і паркаваць машыны па-за дарогамі агульнага карыстання і спецыяльна абсталяванымі месцамі. А шлагбаумы былі закрыты менавіта для таго, каб у турыстаў, якія не ведаюць пра асаблівы статус тэрыторый і не заўважаюць устаноўленых таблічак, не ўзнікала спакусы парушыць гэтыя патрабаванні. Такім чынам прыродаахоўнікі намагаліся ўберагчы іх ад штрафаў.

Дзе паляваць пад вадой?

Асабліва хочацца вылучыць тэму падводнага палявання. Займацца ім, а таксама лавіць рыбу на дарожку з суднаў з рухавікамі можна толькі на азёрах Белае, Бярозаўскае, Вялікае Уклейна, Вяркудскае, Ветча, Глыбокае, Глыбачка, Жэнна, Замошша, Ліпна, Лутава, Любжынскае, Люкташ, Мена, Мугірына, Мурагі, Астравіта, Оталава, Пліна, Рукшанскае, Селішчанскае, Салонец, Тартак, Трошча, Усая, Царкавішча, Чорная Урада, Чарсцвядскае і Язна (гэта ўстаноўлена рашэннем аблвыканкама). Як бачна, трох прыгаданых вышэй азёр у пераліку няма, і тыя, хто будзе там паляваць, могуць атрымаць штраф да 30 базавых велічынь.

Што рабіць турыстам?

Зразумела, што адмаўляцца ад адпачынку на любімых берагах Вечалля і Должына людзям не хочацца. Але ў любым выпадку ён стане больш “упарадачаным”. Плануецца напярэдадні наступнага сезона вызначыць месцы, дзе можна абсталёўваць палатачныя гарадкі, пад’язджаць да вадаёма на транспарце і паркаваць яго. Спадзяемся, што атрымаецца знайсці разумны баланс паміж жаданнямі турыстаў і патрабаваннямі эколагаў.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *