Стартовало досрочное голосование на выборах в местные Советы депутатов 28 созыва

Общество

Учора стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Нагадаем, што па суботу, 17 лютага ўключна, камісіі ўсіх участкаў для галасавання працуюць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.

У першы дзень датэрміновага галасавання ўчастак для галасавання №1, які знаходзіцца ў вялікай зале Дома Саветаў, расчыніў свае дзверы для выбаршчыкаў у вызначаны тэрмін. А вось члены выбарчай камісіі сабраліся значна раней – трэба было апламбаваць урну, загадзя атрымаць бюлетэні, правесці апошнія прыгатаванні.

Асаблівага ажыятажу на ўчастку з самай вялікай колькасцю выбаршчыкаў, дзе кандыдатаў у раённы Савет дэпутатаў выберуць аж па 4 выбарчых акругах, не назіралася. Але ўсё ж за першыя гадзіны празрыстая урна папоўнілася некалькімі дзясяткамі бюлетэняў.

На пытанне, чаму ўсё ж вырашылі прагаласаваць раней, а не ў асноўны дзень выбараў, некаторыя казалі, што практычна заўсёды так робяць, бо гэта зручна і яны ўжо прызвычаіліся так выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. А з кандытатамі ў дэпутаты і іх праграмамі была магчымасць азнаёміцца загадзя. Вось і адна з першых наведвальніц участка, прадавец-кансультант салона сувязі “МТС” Сняжана Пятроўна Первянёнак, прыйшла аддаць свой голас датэрмінова, бо на выхадных збіраецца наведаць сына, які праходзіць тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. “А яшчэ ўчастак знаходзіцца вельмі блізка да майго працоўнага месца, таму лёгка адлучыцца і выкраіць час для выбараў”, – тлумачыць жанчына.

Падчас свайго абедзеннага перапынку галасавала і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганна Карлаўна Лышко (на здымку): “На выхадныя запланавала сабе шмат спраў. З выбарам я ўжо вызначылася, таму чаго цягнуць”.

Многія галасуюць такім чынам, бо ў асноўны дзень выбараў будуць заняты на службе або дзяжурстве, часта датэрміновым галасаваннем карыстаюцца і грамадзяне, якія ў дзень выбараў планавалі выезд да родных за межы раёна або проста не любяць вялікага збору людзей на ўчастку – прычыны, па якіх выбаршчыкі галасуюць датэрмінова, самыя розныя, і іх можна не агучваць, карыстаючыся такім правам.

Варта нагадаць, што датэрміновае галасаванне не ажыццяўляецца па месцы знаходжання грамадзян, а праводзіцца толькі ў памяшканнях участковай камісіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *