Водитель Николай Ярмош

Общество

Не паспела я выбраць ракурс для здымка, так бы мовіць прыстроіць Мікалая Аляксандравіча Ярмоша ля шарэнгі аўтобусаў, як пачула: “О, мой любімы вадзіцель”.

Многа розных паказчыкаў існуе для характарыстыкі чалавека, але меркаванне людзей, дзеля карысці якіх служыш, – бадай, самы важкі з усіх. Хоць менавіта пераход з “адзіночнага плавання” да абслугоўвання людзей быў для вадзіцеля балючым. Да слёз шкадаваў Мікалай Аляксандравіч свой ЗІЛ, на якім чаго толькі не перавёз за 20 гадоў. Аднак аўтакалону па грузаперавозках рэканструявалі, аб’ядналі з аўтобуснай, работы ў перабудовачны перыяд асабліва не было, а тут вызвалілася месца вадзіцеля аўтобуса. З гэтага часу ўсе дарогі раёна ён ведае з заплюшчанымі вачыма – амаль два дзесяткі гадоў працуе на прыгарадных маршрутах.

Нязвыклым быў і ранні пад’ём, але ўсё гэта засталося ва ўспамінах. Зараз без будзільніка падымаецца ў 3 ночы, каб за гадзіну да рэйсу быць у аўтапарку. Да зносін жа з людзьмі прывыкаць не даводзілася – ён па натуры камунікабельны, ураўнаважаны і ўважлівы чалавек. Таму, нават калі і не прадугледжаны прыпынак, а просіць бабуля спыніцца, абавязкова ўважыць чужую просьбу.

Пэўна, кожны вадзіцель не любіць дзвюх рэчаў – быць у якасці пасажыра і давяраць у чужыя рукі рамонт сваёй машыны. Мікалай Аляксандравіч не выключэнне. Хоць і прадугледжаны ў штаце аўтапарку работнікі, якія займаюцца станам машын, ды і за рамонт не даплачваюць, усё роўна свой аўтобус кожны вадзіцель прывык пераглядаць сам: так спакайней і надзейней.

Грунтоўнасць і пастаянства – дзве вызначальная рысы Мікалая Аляксандравіча. Яго вадзіцельскі стаж складае 43 гады, з іх 39 ён працуе ў адной арганізацыі. І за ўвесь гэты час ні адной аварыі, ні аднаго наракання, толькі станоўныя водгукі. Хоць і надвор’я, і паводзін людзей, і стану дарог за гэтыя гады наглядзеўся самых розных. Якімі былі дарогі ў 67-м, калі скончыў Ушацкую аўташколу і атрымаў першыя катэгорыі А і Б. Да роднага Забораўна (усяго 9 кіламетраў) трэба было ехаць гадзіну, ну а да Касароў усе сем. У арміі таксама не выпускаў баранку з рук і вярнуўся ўжо вадзіцелем другога класа. Вось і заклікаў яго да сябе зямляк, дырэктар аўтакалоны В.А.Аўдзін. Добрыя заробкі мелі вадзіцелі, таму што залежалі ад іх стараннасці, яны ж не шкадавалі сябе для рэйсаў. Ды і сёння, хоць з’яўляецца ветэранам вытворчасці, не адмаўляецца ад незапланаваных рэйсаў, не губляе пільнасці, якая вадзіцелю аўтобуса патрэбна ўтрая. Трывалыя рукі, зоркае вока і цвёрды розум павінен мець той, хто перавозіць людзей. Бо ў полі зроку пастаянна трымае дарогу, салон, а ў дадатак і касу. На прыгарадным маршруце менавіта вадзіцель абілечвае пераважную большасць пасажыраў. Акрамя аўтобуса МАЗа ёсць у Мікалая Аляксандравіча яшчэ адзін любімы аўтамабіль – “Жыгулі”, і сваю “шасцёрку” ён не прамяняе ні на якую іншамарку, бо ведае ў ёй літаральна ўсё і самастойна падтрымлівае ў выдатным стане.

У сваё прафесійнае свята ён жадае вялікай кагорце вадзіцеляў узаемнай павагі, лёгкіх трас і спрыяльнага надвор’я.

В.КАРАЛЕНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *