В Ушачской ЦРБ подвели итоги работы за 2022 год

Общество

Медустановы Ушаччыны функцыянавалі летась у асаблівым рэжыме, прадыктаваным працягам пандэміі каранавіруса. Дзякуючы згуртаванасці і прафесіяналізму калектыву, падтрымцы з боку органаў улады стацыянар на 83 ложкі, амбулаторна-паліклінічная служба (а гэта паліклініка на 300 наведванняў у змену, аддзяленне хуткай меддапамогі, дзве бальніцы сястрынскага догляду, адна ўрачэбная амбулаторыя і 15 ФАПаў) працавалі паспяхова і зладжана. З гэтага сцвярджэння на медсавеце па выніках 2022-га пачала сваё выступленне намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталія Васільеўна Дрозд.

М.Аўласенка, Т.Ушынская.

Кадры вырашаюць усё

Сёння аб здароўі жыхароў Ушаччыны дбаюць 32 урача (7 з іх маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю) і 139 медработнікаў сярэдняга звяна. Праблема забяспечанасці кадрамі застаецца актуальнай: зараз ЦРБ неабходны ўрач агульнай практыкі, тэрапеўт, анколаг, кардыёлаг, урач функцыянальнай дыягностыкі, дэрматавенеролаг, інфекцыяніст, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, стаматолаг, фельчар-акушэр, памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медсёстры. Сёлета плануюць прыступіць да работы ў нашым раёне 7 маладых спецыялістаў: урач агульнай практыкі, інтэрн па гэтай жа спецыяльнасці, 2 педыятры, 3 медсястры. Дарэчы, чацвёра з іх атрымліваюць адукацыю па дагаворах мэтавай падрыхтоўкі.

Беражыце сябе

У ліку станоўчага Н.В.Дрозд назвала леташняе зніжэнне ўзроўню захваральнасці з часовай непрацаздольнасцю грамадзян. Прычым, як у выпадках, так і ў днях, што звязана з паступовым угасаннем пандэміі COVID-19. Летась у раёне зарэгістравана 1354 выпадкі каранавіруснай інфекцыі – 186 пацыентаў адначасова мелі пнеўманію, 311 захварэлі паўторна, 161 (у тым ліку 22 дзіця) пралечаны ў стацыянары.

А вось хвалюючым момантам на працягу апошніх некалькіх гадоў застаецца павышаны паказчык пярвічнага выхаду на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту. У 2022-м ён склаў 75,8 працэнта (годам раней – 70,5) пры абласным паказчыку ў 39,7. Упершыню на групу трапілі 47 жыхароў раёна, сярод асноўных прычын – хваробы сістэмы кровазвароту (11), анкалогія і паталогіі нервовай сістэмы (па 9).

Працягнута работа па дыспансерным назіранні дарослага насельніцтва – летась агледжана 7789 чалавек (99,4 працэнта адзначанай катэгорыі). У 176 з іх упершыню былі выяўлены розныя захворванні.

На шляху мадэрнізацыі

Абсталяванне і медыцынская тэхніка, якія знаходзяцца на балансе Ушацкай ЦРБ, праходзяць штогадовую паверку. Тыя, якія адслужылі сваё, падлягаюць замене. За кошт сродкаў замежнай бязвыплатнай дапамогі летась ва ўстанову набыты партатыўны рэнтгенаўскі апарат, у парадку размеркавання атрыманы апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Працягнуты работы па капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі будынкаў райбальніцы – выдаткі склалі 768,8 тысячы рублёў. Не стаіць на месцы і працэс інфарматызацыі – летась падключана паслуга “Відэакантроль” ад РУП “Белтэлекам”, якая дазваляе атрымліваць неабходную відэаінфармацыю ў рэжыме анлайн і ў запісе, уведзена ў эксплуатацыю АІС “COVID-19” для выпіскі сертыфікатаў прышчэпленых ад каранавіруса пацыентаў.

З напрацоўкамі – у год наступны

Падводзячы вынікі работы, Н.В.Дрозд спынілася і на асноўных задачах на бягучы год. У іх ліку – паляпшэнне якасці прафілактычных аглядаў, дыспансерызацыя працаздольнага насельніцтва; удасканаленне лячэбна-дыягнастычнага працэсу (у тым ліку за кошт развіцця агульнай урачэбнай практыкі, стацыянарзамяшчальных тэхналогій); актыўная прапагандысцкая работа па пытаннях прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, злаякасных новаўтварэнняў, папярэджання п’янства, алкагалізму, суіцыдаў, траўматызму.

Меншага аб’ёму работы пажадалі медыкам Ушаччыны галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі меддапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Т.А.Ушынская і намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама А.А.Міранкова. Нязменнай жа Анжаліка Анатольеўна назвала ўпэўненасць у прафесіяналізме персаналу ЦРБ, яго вопытнасці і адказным стаўленні да службовых абавязкаў.

Адзнака за працу

Завяршылася пасяджэнне медсавета на прыўзнятай ноце: лепшым работнікам уручаны заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровымі граматамі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны ўрач функцыянальнай дыягностыкі Анастасія Сяргееўна Клачок, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, загадчык Матырынскага ФАПа Анастасія Віктараўна Лабёнак і старшая медсястра-анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Марыя Леанідаўна Аўласенка; Ганаровымі граматамі Ушацкай ЦРБ – старшая медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Вольга Паўлаўна Армонік, медсястра анкалагічнага кабінета паліклінікі Вера Васільеўна Башун, медсястра агульнай практыкі, загадчык Арэхаўскага ФАПа Наталля Сямёнаўна Лісоўская і галоўны бухгалтар Людміла Леанідаўна Праннік; Падзякамі ад ЦРБ – урач-акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі Алеся Міхайлаўна Лісоўская і медсястра па функцыянальнай дыягностыцы Яна Канстанцінаўна Маслюк.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *