Калектыў ДРБУ-105 з сёлетнімі планамі па рамонце дарог справіўся яшчэ тыдзень таму. А днямі зноў запусцілі завод выключна з-за дадатковых заказаў, ад якіх ніколі не адмаўляюцца, няхай і зусім невялікія яны, як дарога на тэрыторыі бальніцы. Па ёй штодня дастаўляюць пацыентаў, таму работы няхай і нямнога, аднак яна адказная і пры тым карпатлівая. Паколькі прымыкае да ўжо ўкладзеных дарожак і прыступак, то трамбаваць такія ўчасткі магчыма толькі вібраплітой. Ды і палатно вузкае, а таму свой укладчык не падыходзіў, давялося выклікаць шаркаўшчынскіх калег.
Увогуле ж сёлета на рахунку ўпраўлення 11,5 кіламетра бягучага рамонту асфальтавых палотнаў і 4 – гравійных – пра кожны аб’ект мы пісалі асобна. А яшчэ 7,4, за якія вадзіцелі асабліва ўдзячны – гэта капітальны рамонт, які злучыў праезд з Дубраўкі да Глыбачкі цвёрдым пакрыццём, а таксама зрабіў лепшай дарогу да Павулля.
Ёсць у супрацоўнікаў і радасныя моманты – іх тэхнічны парк папоўніўся двума МАЗамі, рэцыклерам і ўстаноўкай па раскідванні пяску і солі. Ну і канечне, не абышлося без шчодрага ўшанавання сваіх работнікаў. Ганаровую грамату “Віцебскаблдарбуда” атрымаў майстар Павел Віхтар, Падзяку галаўнога прадпрыемства – вадзіцель Аляксандр Асяпёнак і трактарыст Сяргей Аўдошка. Каштоўныя падарункі ўручаны вадзіцелям Пятру Дуніку, Юрыю Александровічу і Андрэю Шарагу, механізатарам Мікалаю Коўшалю і Генадзю Маслоўскаму. На дом з віншаваннямі завітаюць і да ветэранаў працы Івана Дзмітрыевіча Смальніцкага, Мікалая Васільевіча Чобата, Рыгора Рыгоравіча Целепня, Мікалая Аркадзьвіча Марковіча, Алы Анатольеўны Лодзіс, Васіля Іванавіча Іванюка, Анатоля Васільевіча Емяльянава, у якіх сёлета юбілейныя гады.
А менавіта ў пятніцу калектыў з асаблівымі днямі нараджэння віншаваў Алену Собаль і Генадзя Васілеўскага – учора яны дасягнулі пенсійнага ўзросту.
Вольга КАРАЛЕНКА

