На поле ля Воцькавічаў, дзе ў пачатку тыдня ўбіралі рапс камбайны “Вялікадолецкага”, мы імчалі на хуткасці
: прагноз не выклікаў аптымізму, ды і шэрыя хмары красамоўна намякалі, што жніўны дзень можа быць непрацяглым. А значыць, палявы рэпартаж пад пагрозай. Дождж мы “абагналі”. Але калі ўбачылі, як шпарка два “Палессі” “стрыгуць” цёмна-жоўтыя пагоркі, зразумелі, што не можам спыніць працэс проста для таго, каб нешта распытаць у механізатараў і зрабіць іх фота.
Тым часам вадзіцелі камунгасаўскіх МАЗаў Андрэй Бародзіч і Васіль Сазонаў, якія таксама як і мы стаялі на ўскрайку рапсавай нівы, зазначылі: “Хлопцы хутка намалоцяць бункеры – тады і пагутарыце”.
“Саспеў рапс, самы час убіраць! – расплюшчыў каробачку і высыпаў у далонь дробныя чорныя семкі Васіль Міхайлавіч. – Я ж таксама не адзін год сельскай гаспадарцы прысвяціў, вадзіцелем у “Кублічах” быў, кожнае поле тут ведаю… А вось ужо і Дзіма Хадасевіч тэлефануе – сядайце ў кабіну, падвязу”.
Пакуль паток насення струменіўся ў кузаў самазвала, запланаваны здымак перадавога камбайнера на фоне “Палесся” быў зроблены! Чарговае жніво супрацоўнік дэпартамента “Аховы” сустрэў у баявым настроі, а за прайшоўшы год, здаецца, стаў яшчэ больш мужным і загартаваным. Таму зусім не здзівімся, калі і сёлета ўбачым прозвішча Дзмітрыя ў спісе лідараў раённага спаборніцтва.

Напоўніўся бункер і ў Юрыя Стрыжонка. Пакінуўшы кабіну, ён стаў ачышчаць жняярку ад рэшткаў раслін, а паралельна расказаў нам, што камбайн, на якім шчыруе, распачаў свой трэці сезон. Паспеў і сваё працоўнае месца паказаць: сядзенне на пнеўматычнай падвесцы, манітор, па якім сочыць за паказаннямі датчыкаў, зручны пульт кіравання. “Выбачайце, але пара ехаць: рапс такі спрытны, падсохлы – шкада будзе, калі да дажджу не паспеем поле ўбраць”, – кажа Юрый – і “Палессі” знікаюць за чарговым пагоркам.
“Праца на зямлі ва ўсе часы нялёгкай была, – праводзіць іх поглядам Андрэй Бародзіч. – Мой бацька Аляксандр Лявонавіч не адно жніво ў “Райаграсэрвісе” правёў, памятаю, якім стомленым, запыленым з поля вяртаўся… Цяперашнюю тэхніку з яго “Нівай” і “Донам” па камфортнасці, канечне, не параўнаць – прагрэс не стаіць на месцы. А вось што засталося ранейшым – дык гэта стараннасць і майстэрства ўшацкіх хлебаробаў. Летась я “Ільюшынскаму” дапамагаў, дык у нас з Валерыем Спірыдзёнкам нават сваё спаборніцтва было – хто больш тон перавязе. Калі ж даведаўся, што ў гэтым годзе буду ў іншай гаспадарцы, нават крыху засмуціўся, бо прывык да ільюшынцаў. Але ж зараз бачу, што і далецкія хлопцы вельмі спрытныя і руплівыя, так што спрацуемся!”
…У зваротны бок мы ехалі больш павольна і ва ўзнёслым настроі. Радаваліся не столькі выкананаму заданню, як таму, што хмары рассейваюцца і рапсавае поле камбайны дамалоцяць. Культура ж гэта выгадная, дазваляе атрымаць першыя грошы новага ўраджаю, якія гаспадарцы зусім не будуць лішнімі.
Як нам паведаміў аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Зянюк, ураджайнасць на палетках неблагая: больш 16 цэнтнераў з гектара. Клін азімага рапсу ў гаспадарцы – 400 га, тады як у цэлым па раёне культура займае 853 гектары. На ўчарашнюю раніцу далецкія аграрыі ўбралі амаль палову крыжакветных, намалаціўшы 300 тон масланасення, і пры гэтым разлічыліся са сваёй доляй дзяржзаказу. Сёлета ўшацкім прадпрыемствам даведзены план па рапсе ў 600 тон, і раён ужо блізкі да яго выканання.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

