Філадэльфія, Каліфорнія, Шанхай, Канада, Акінава… Не, гэта не пералік прапаноў турыстычнага бюро. Такія назвы мы ўбачылі ў меню ролаў, якія гатуе для ўсіх жадаючых наша зямлячка Ніна Балаган. Прайшоў усяго месяц, як на вокнах былога павільёна “Раніца”, што на вуліцы Ленінскай, з’явіліся яркія малюнкі з выявамі апетытнай заморскай стравы, але калі мы зазірнулі ўнутр, каб пагутарыць з гаспадыняй, зрабіць гэта аказалася не так проста: размову пастаянна перарывалі кліенты, што прыходзілі за заказамі.
Зрэшты, свой “кулінарны аўтарытэт” Ніна ўмацоўвала не адзін год. Карэнная ўшачанка атрымала ў Полацкім каледжы спецыяльнасць повара‑кандытара, пэўны час працавала ў мясным цэху райспажыўтаварыства, а потым уладкавалася ў рэстаран “Ландыш” санаторыя “Лясныя азёры”. Менавіта там пачала спасцігаць майстэрства прыгатавання ролаў і настолькі захапілася гэтым напрамкам, што вырашыла перайсці да самастойнай працы на заказ.
Аформіўшы мінулай вясной самазанятасць, Ніна гатавала дома. Ушачане хутка прывыклі да яе якаснай і смачнай прадукцыі, а перадавала яна яе на плошчы, побач з якой жыве. Рашэнню ж выйсці на новы ўзровень паспрыялі… прыступкі. Паколькі кватэра жанчыны знаходзіцца на чацвёртым паверсе, даводзілася бясконца адольваць лесвічныя пралёты – сіл і часу гублялася шмат. Вось і вырашыла, што для далейшага развіцця патрэбна асобнае памяшканне, дзе яна будзе выдаваць заказы.
Разглядала розныя варыянты, але ў выніку спынілася на будынку былой “Раніцы”: цэнтр гарпасёлка, зручнае размяшчэнне, добрая праходнасць. Паколькі аб’ект належыць кааператарам, аформіла дагавор арэнды, а потым разам з мужам узяліся за рамонт. “Мой Алег – з Малдовы, а ўраджэнцы гэтай краіны вельмі працавітыя і ўмеюць літаральна ўсё! – характарызуе спадарожніка жыцця гераіня аповеду. – Яго падтрымка для мяне была неацэннай”.
- Вядома ж, кожны, хто адкрывае ўласную справу, пралічвае, наколькі гэта будзе выгадна. Ніна спынілася на форме самазанятасці: плаціць падатак на прафесійны даход у памеры 10 працэнтаў ад выручкі і лічыць гэта больш зручным, чым дзейнасць у якасці прыватнага прадпрымальніка.
Асартымент яе вырабаў уражвае разнастайнасцю: у меню каля пяцідзесяці найменняў! Ролы з рыбай, морапрадуктамі, курыцай – кожны можа выбраць на свой густ. Ёсць і аўтарскія: напрыклад, “Альянс” – з каралеўскай крэветкай і ананасам або манга.
“Асабіста я аддаю перавагу запечаным, але смачныя абсалютна ўсе!” – падзялілася з намі пастаянная кліентка Ніны Таццяна Жыцянёва. Мужчына, які назваўся Дзянісам, у ліку нейлепшых вылучыў ролы з кальмарамі. А гэтыя водгукі мы прачыталі на старонцы Ніны ў інстаграме: “Дзякуй за тое, што можна заказаць любімую страву дзяцей на дзень нараджэння і не турбавацца!”; “У Вас залатыя рукі!”. Дарэчы, акаўнт называецца “roll.chok”, на ім можна пазнаёміцца з меню і зрабіць заказ.
У планах кулінаркі – гатаваць гунканы (сушы ў форме лодачак) з вострым соусам спайсі, а таксама развіваць напрамак святочных міні‑тортаў з ролаў. Такія наборы ўжо карыстаюцца попытам на сямейных урачыстасцях і невялікіх банкетах.
А перш чым уключыць у меню новы від, Ніна праводзіць яго дэгустацыю разам з блізкімі. Сын Раман, што працуе ў Светлагорску ў кампаніі “Беларуснафта”, і дачка Алівія, якая атрымала ў Полацкім дзяржуніверсітэце педагагічную і юрыдычную адукацыю, ганарацца сваёй матуляй і, канечне, з’яўляюцца аматарамі яе кулінарных шэдэўраў. А гэтай вясной Ніна і Алег сталі бабуляй і дзядулем!
Шчыра жадаем гераіні аповеду, каб яе талент і надалей радаваў ушацкіх гурманаў і прыносіў задавальненне ёй самой.
Анастасія ПОЛАЗАВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ.



