“Якая прыгажосць, упакуйце, бяру”, – госця фестывалю нават не запыталася пра цану, калі ўбачыла шырокі блакітна-белы пояс з васількамі. А каштаваў ён не танна – за 60 рублёў можна было набыць сукенку ці спадніцу. Але толькі фабрычныя. Ручная работа заўсёды цэніцца даражэй, ну а гэту прыгажосць Ірына Шахава ткала спецыяльна для базару. Такі пояс зробіць індывідуальным любы ўбор і надасць нацыянальны каларыт. А менавіта ён больш за ўсё цэніцца на падобных форумах, таму і “Горад майстроў”, які раскідваецца на вуліцах Віцебска, не абмінаюць ні беларусы, ні замежныя госці.
Цікавасць да нацыянальнага
Былі на лакацыі нашага Дома рамёстваў кітайцы, сербы, расіяне, спецыяльна шукалі яе ўшачане, што прыехалі на свята. Усе гулялі ў бяспройгрышную латарэю, фатаграфавалі шэдэўры майстроў, каб пераняць у сваёй рабоце, калегі з іншых раёнаў Прыдзвіння. Як заўжды быў попыт на карціны з бяросты – іх, як і распісаныя драўляныя спілы, дэманстравала Крысціна Кляшчонак. Хто для пікніку, а хто для будучага Вялікадня набываў кошыкі з лазы Генадзя Рубаніка. Не засталося і ніводнай брошкі-васілька – кожны хоча пакінуць памяць аб “Славянцы”.
Для майстроў жа Дома рамёстваў, якія працавалі на юбілейным фестывалі чатыры дні, ён будзе помніцца яшчэ і новымі ўборамі, якія спецыяльна для базару сшыла швачка РДК Іна Клачок. “Дзякуй раённаму цэнтру культуры і за абноўкі, і за прасторную камфортную палатку, у якой мы змаглі выставіць намнога больш вырабаў”, – сказала загадчык Дома рамёстваў Святлана Качан.
Танчым разам
Так называўся ХІІІ турнір нацыянальных танцаў, які традыцыйна праводзіцца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. Вельмі марыў атрымаць узнагароду менавіта з гэтага форуму Ягор Літвін, тым больш што лаўрэатам некалькі год таму станавіўся ён і яго брат Раман. І хоць вярнуўся са сцёртымі да крыві пальцамі на нагах, аднак вельмі задаволеным – іх з Вікторыяй Качан дуэт заваяваў дыплом ІІІ ступені.
Памятныя ўзнагароды з фестываляў мінулых гадоў – дыпломы за зберажэнне нацыянальнай спадчыны – яны захоўваюць у скарбонцы сваіх дасягненняў, паклалі падобныя туды і маладзейшыя прадстаўнікі Узорнага калектыву “Спадчына” Арцём Федуковіч і Аня Мялешка, Павел Рудзёнак і Алена Александровіч, Віктар і Анастасія Бялко. Хоць літаральна ўсе ўпершыню былі на “Славянцы”, брат і сястра таксама сталі лаўрэатамі ІІІ ступені. Справа ў тым, што толькі сёлета ў праграму конкурсу дабаўлена дзіцячая ўзроставая група 11-15 гадоў, а змагалася ў ёй 21 пара. Усяго ж на конкурсе іх было 82. Ушачане спецыяльна для фестывалю развучвалі невядомыя для іх “Падпадолік” і “Карманчык”, а старэйшыя – “Сямёнаўну” і “Зайца”.
“Раней танец з палкамі быў часткай сольных праграм, і былыя саставы “Спадчыны” таго ж “Зайца” выконвалі, – расказвае кіраўнік калектыву Галіна Рудзёнак. – Называем мы так нумары на абмежаванай плошчы – квадраты, адгароджаныя палкамі, якія нельга зачапіць. Справіліся годна, наогул я вельмі задаволена сваімі дзецьмі, якія мужна пераадольвалі спёку і боль, выканаўшы 10 і 11 танцаў запар. За іх перажывалі групы падтрымкі – родныя і блізкія, разам з намі “хварэлі” і проста прахожыя, якія падыходзілі і захапляліся нашымі танцорамі. А яны і праўда былі самымі прыгожымі”.
Марш Мендэльсона – “на біс”
У пятніцу супрацоўнікі цэнтра культуры на ніжняй пляцоўцы парка імя Фрунзэ разгарнулі шырокую рэтра-зону, у якой наведвальнікі вярталіся ў савецкі час. Хадзілі па базары і прыгадвалі ўборы сваёй маладосці, набывалі ў буфеце на россып у ражкі з газет цукеркі і семкі, прымалі ўдзел у розных інтэрактыўных гульнях, фатаграфаваліся з Трусам і Бывалым у кіношнай фотазоне. А колькі шлюбаў зарэгістравала супрацоўніца імправізаванага ЗАГСа Ірына Клачок, якая стапрацэнтна трапіла ў вобраз ранейшых рэгістратараў! Жанчыны, уражаныя прыгожай цырымоніяй, хапалі з вуліцы любога прахожага, букеты, апраналі фату… Нікога не засмучала, што пасведчанне аб шлюбе несапраўднае, наадварот, гэта і заахвочвала. А які падарунак на памяць!
Такія цікавыя лакацыі былі пераняты з мінулагодняга фестывалю “УХО”. І практычна ўсе ўдзельнікі на гадзіну перамясціліся на плошчу ля амфітэатра, дзе таксама ў стылі рэтра ладзілі канцэрт. Святлана Муша, Алег Іваноў, Вікторыя Гулюта, група падтанцоўкі на чале з Дзінай Пенкальскай… Зразумела, ім падпявалі ўсе гледачы. “За прэзентацыю пляцовак пазней выставяцца месцы, не ведаю, ці ўвойдзём мы ў тройку лепшых, аднак магу ўпэўнена сказаць, што моцна вылучаліся ад астатніх: практычна ўсе разгарнулі народныя пляцоўкі, а мы – “рэтра”, і старэйшае пакаленне адчувала на ёй сябе ўдзельнікамі, а не гледачамі”, – падзялілася ўражаннямі дырэктар раённага цэнтра культуры Валянціна Грыневіч. – Нашым удзелам у фестывальным Віцебску наогул задаволены. Не пасіўнічалі. Хочацца адзначыць і Вольгу Мацулевіч з “Матырынскай спадчыны”, якая прадстаўляла раён у конкурсе народных песень і прыпевак”.
Па ўласнай праграме
І калі работнікі культуры прымаюць удзел у фестывалі як прафесіяналы, то нямала ўшачан накіроўваюцца ў святочны Віцебск самастойна. Каб паслухаць эстрадных зорак, пабачыць самыя розныя прадстаўленні, пагуляць па вуліцах, адчуць асаблівую атмасферу адзінства. І ўсё гэта можна спалучыць, трапіўшы на “Славянскі базар” толькі на адзін дзень. Як удалося гэта тэатралам, якія 18 ліпеня пабывалі на прэм’еры камедыі “Бязумны дзень або Жаніцьба Фігаро” ў тэатры Якуба Коласа. Пастаноўкі як айчынных, так і замежных артыстаў уваходзяць у праграму “Тэатральных сустрэч” фестывалю, і менавіта дзякуючы гэтаму гледачы мелі магчымасць сустрэцца з артыстамі пасля прэм’еры і пагутарыць па душах.
“Перыядычна ездзім у розныя тэатры, білеты на фестывальны паказ набывалі яшчэ зімой. Пастаноўка вельмі спадабалася, а таксама кожны з 15 чалавек нашай групы пагуляў на “Славянцы” па сваёй індывідуальнай праграме”, – падзялілася ўражаннямі ад паездкі Людміла Трафімава.
Падрыхтавала Вольга Караленка.


