Настоящий профессионал своего дела! Работе в газовой службе Игорь Швейкус посвятил 24 года

Общество

На спакойную размову з майстрам Ушацкага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Полацкгаз” Ігарам Швейкусам мы нават і не разлічвалі – відавочна, што ў пачатку працоўнага дня ён будзе “нарасхват”. І сапраўды, дыялог наш і пачацца не паспеў, як у кабінет зазірнулі два работнікі: “Ігар Уладзіміравіч, нам ужо адпраўляцца ў Ільюшына?” “Гэта – нашы выдатныя прафесіяналы: электрагазазваршчык Юрый Саўчанка і слесар-вадзіцель Раман Салавей, – прадставіў майстар сваіх падначаленых. – Хлопцы, затрымайцеся крыху, як вызвалюся – з вамі паеду”. “Добра, тады мы пакуль абсталяванне праверым”, – газавікі рушылі на тэрыторыю базы, а наш суразмоўца патлумачыў, что абанент у аграгарадку падключае кацёл, трэба зрабіць перамантаж унутранага газаправода і ён хоча пры гэтым прысутнічаць… Толькі разгаварыліся – тэлефонны званок. Майстар нешта ўдакладніў на “тэхнічнай мове”, аддаў распараджэнні і паабяцаў перазваніць праз гадзіну. Тым часам у кабінет зайшла дыспетчар: “Абанентка з вуліцы Петруся Броўкі нагадвае, што будзе дома толькі да 12 гадзін”. “Я ў курсе: у яе на сёння запланавана тэхабслугоўванне катла, а пасля абеду ёй трэба ў бальніцу. Паспеем, няхай не хвалюецца”, – зазначыў Ігар Уладзіміравіч. І папрасіў у нас прабачэння за “ўрывачнае” інтэрв’ю.

Пра высокі прафесіяналізм І.Швейкуса сведчыць занясенне яго прозвішча на раённую Дошку гонару.

Але ж нам такое толькі на руку, бо спантанная “вытворчая нарада” яскрава праілюстравала, наколькі гэта дасведчаны, ураўнаважаны і тактоўны чалавек. Нездарма выключна пазітыўныя водгукі пра яго работу даводзіцца чуць ад землякоў.

Так, ушачане даўно лічаць Ігара Уладзіміравіча сваім, хоць нарадзіўся ён у Камянецкім раёне, што на Брэстчыне. “У школе вучыўся добра, а паколькі бацькоў-настаўнікаў дома бачыў гады ў рады, вырашыў, што па іх слядах дакладна не пайду! – з гумарам распавядае мужчына. – Выбраў медінстытут, але для паступлення крыху не хапіла балаў. Каб не губляць год, падаў дакументы ў прафтэхвучылішча. І ніколькі пра гэта не пашкадаваў, бо столькі карысных навыкаў там набыў – правы на розную тэхніку, некалькі рабочых прафесій – а “чырвоны дыплом” дазволіў аўтаматам трапіць у Горацкую сельгасакадэмію. Пасля яе і прыбыў ва Ушачы маладым спецыялістам у аграрнай справе і меліярацыі”.

Кар’еру распачаў у ПМК-50, пазней адказваў за будаўніцтва на прадпрыемстве “Вечалле”, а ў 2002-м кемлівага спецыяліста “пераманіў” у райгаз тагачасны кіраўнік арганізацыі У.М.Малаткавец. “Уладзімір Мікалаевіч навучыў мяне вельмі многаму. А найперш – падыходу да людзей. Ён у гэтым прыклад падаваў: з любым абанентам умеў ладзіць, а да работнікаў ставіўся, як да сваіх родных. Памятаю, у адной супрацоўніцы дзіця захварэла, дык ён, адклаўшы ўсе справы, на ўласнай машыне іх у абласную бальніцу паімчаў. Не магу не прыгадаць і намесніка дырэктара Зою Паўлаўну Шчукіну, у якой вучыўся афармленню дакументацыі і іншым нюансам”, – зазначае І.Швейкус.

За 24 гады работы пры непасрэдным удзеле гэтага спецыяліста былі газіфікаваны некалькіх мікрараёнаў райцэнтра, Градзянец, Арэхаўна, Ільюшына, Вашкова, Ліпавец, ды і зараз, як бачна, жадаючых займець зручную выгоду хапае.

Яшчэ больш прозвішчаў – у графіку па абслугоўванні газавага абсталявання: Ігар Уладзіміравіч прадэманстраваў нам спіс на верасень, у якім пазначана аж 94 абаненты. У большасці выпадкаў пры тэхабслугоўванні высвятляецца патрэба ў наладцы і рамонце, так што работы зашмат. Спецыялізуюцца на гэтым працэсе Віктар Селезень і Віктар Клачок, а пры неабходнасці на дапамогу ім прыходзіць прадстаўнік аварыйнай службы Аляксандр Дрозд.

Работа газавіка лічыцца небяспечнай. Канечне, бывалі экстрэмальныя выпадкі і ў кар’еры героя артыкула. Напрыклад, пажары, на якія спецыялісты службы прыязджаюць разам з разлікамі МНС. А таму адным з першых увайшоў гэтай вясной Ігар Уладзіміравіч у кватэру на Савецкай у гарпасёлку, дзе загінулі два жыльцы… А зімой разам з водаканалаўцамі газавікі на чале з майстрамі ўсю ноч ухілялі на адной з ушацкіх вуліц парыў у падземных камунікацыях – спрацавалі так, што ніхто з гараджан аварыі фактычна і не заўважыў.

Нялёгка бывае “патушыць” і негатыўны запал некаторых абанентаў, калі, напрыклад, спецыялісты службы прыходзяць правесці абавязковую дыягностыку пліты. “Яна ж амаль новая, усяго 10 год праслужыла. Нам гэта не патрэбна”, – кажуць карыстальнікі. Даводзіцца іх цярпліва пераконваць, прыводзіць прыклады, калі людзі не адчувалі ўцечку праз зазор, што ўзнік на стыку агрэгатаў ці ад таго, што грызуны пашкодзілі шланг. У такіх “мірных перамовах” Ігар Уладзіміравіч лічыцца галоўным майстрам сваёй арганізацыі.

Чалавек з высокім узроўнем адказнасці і самадысцыпліны, ён, напэўна, годна праявіў бы сябе ў любой сферы. Няма сумненняў, што і ў медыцыне стаў бы асам. Але пашанцавала газавай службе. Зрэшты, як і самому Ігару Уладзіміравічу – з любімай прафесіяй і калектывам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *