Калі размова заходзіць пра работнікаў газавай службы, ушачане як правіла адзначаюць якасць і аператыўнасць іх дзеянняў, ветлівасць і добразычлівыя адносіны да абанентаў. І гэта сапраўды так: Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Полацкгаз” на працягу доўгіх год знаходзіцца ў ліку лепшых прадпрыемстваў Ушаччыны і газавай гаспадаркі рэгіёна.

Зараз калектыў райгаза складаецца з 39 чалавек, веды і вопыт якіх дазваляюць дастойна вырашаць усе пастаўленыя задачы.
А іх нямала. На абслугоўванні прадпрыемства – газарэгулятарныя і шафавыя рэгулятарныя пункты, больш 100 кіламетраў газавых сетак. Гэтыя аб’екты патрабуюць пастаяннай увагі. Сёлета, напрыклад, праведзена мадэрнізацыя ГРП ля ўезду ва Ушачы: заменена абсталяванне, адрамантаваны будынак. Нашы газавікі з дапамогай брыгады “Полацкгаза” аператыўна справіліся з планавай заменай двух ШРП – а працэс гэты досыць складаны: каб не пакідаць спажыўцоў без “блакітнага паліва”, на час работ падключаецца перасоўны шафавы рэгулятарны пункт.

Пад увагай ушацкіх газавікоў – каля 6 тысяч кватэр, жыльцы якіх карыстаюцца прыродным і звадкаваным газам. За сем месяцаў бягучага года такую выгоду атрымалі 48 новых абанентаў, за гэты час рэалізавана больш 2,6 тысячы метраў кубічных прыроднага газа, 107,5 тоны звадкаванага. Спецыялісты прадпрыемства абслугоўваюць таксама каля 7500 адзінак бытавога газавага абсталявання.
Пра ўзровень работнікаў прадпрыемства сведчаць іх паспяховыя выступленні ў прафесійных спаборніцтвах. Сёлета, напрыклад, каманда ў складзе Дзмітрыя Карэйшы, Ігара Швейкуса, Андрэя Мялешкі, Кірыла Гусёнка і Сяргея Шчэкачыхіна заняла 4-е месца ў абласным конкурсе на лепшае веданне нарматыўных дакументаў. А два апошнія работнікі разам з Аляксандрам Калбасавым нядаўна выйшлі ў фінал конкурса па тэхабслугоўванні газарэгулятарных пунктаў.

Напярэдадні прафесійнага свята перад кіраўніцтвам заўсёды стаіць няпростая задача: вылучыць тых, каму будуць уручаны знакі пашаны, бо дастойны іх літаральна ўсе. Сёлета Ганаровую грамату УП “Віцебскаблгаз” атрымаў слесар Віктар Анатольевіч Селезень, Падзяку абласнога прадпрыемства – прыёмшчык заказаў Алена Мікалаеўна Карабань, Ганаровай граматай ВУ “Полацкгаз” адзначаны вадзіцель аўтамабіля Дзмітрый Уладзіміравіч Кулагін, а яго калега Раман Уладзіміравіч Шопа – Падзякай вытворчага ўпраўлення. Прозвішча слесара па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Аляксандра Мікалаевіча Дразда занесена на Дошку гонару філіяла.
Напярэдадні свята прадпрыемства наведаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў, які падзякаваў газавікам за старанную працу. Цёплыя словы адрасаваў калегам і начальнік прадпрыемства Юрый Андрэевіч Галкоўскі: “Шчыра віншую ўсіх цяперашніх работнікаў, а таксама ветэранаў галіны! Зычу моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту. Няхай агеньчык дабрыні заўсёды гарыць у вашых сэрцах!”.
Да цёплых пажаданняў, думаецца, далучацца і ўшачане, якія карыстаюцца “блакітным палівам” – а гэта практычна ўсё насельніцтва раёна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
