Велосипеды для соцработников. В ТЦСОН Ушачского района — нужное обновление

Общество

У прыўзнятым настроі сустракалі пачатак восені ў ТЦСАН Ушацкага раёна. Велапарк установы папоўніўся адразу 17 адзінкамі тэхнікі, у тым ліку трыма з пазнакай “электра”. Цяпер сацработнікам стане лягчэй перамяшчацца, дабірацца да жыхароў самых аддаленых вёсак.

Як нам расказала дырэктар цэнтра Кацярына Коршун, 14 веласіпедаў для аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме набыта ў рамках дзяржаўнай праграмы “Грамадства роўных магчымасцяў” на 2026-2030 гады. Гэта ўжо трэцяя партыя такога транспарту для Ушач – усяго ж сёлета паступіла 49 адзінак.

– Гэта вельмі патрэбныя памочнікі, – не хавалі эмоцый уладальніцы двухколавых транспартных сродкаў. – І вышыня сядзення лёгка рэгулюецца, і ў вялікую карзіну, на багажнік неабходныя тавары для падапечных умяшчаюцца.

Не верылі сваёй удачы і тыя, хто атрымаў сучасныя электравеласіпеды ад рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”. Яе начальнік А.В.Жынгель ужо неўпершыню адгукаецца на патрэбы нашых землякоў і тэрытарыяльнага цэнтра ў прыватнасці – сума сёлетняй матэрыяльнай дапамогі склала звыш шасці тысяч рублёў.

– Ушаччына для мяне – асаблівы край, – падчас свайго візіту ў ТЦСАН прызнаўся Алег Валянцінавіч. – Мая маці – з Полаччыны, я нарадзіўся і вырас у Глыбокім, а таму ўсе тры суседнія раёны лічу “сваімі” і заўсёды рады тут бываць – тым больш з такой прыемнай нагоды, як сёння. Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны набыты за сродкі дырэкцыі велатранспарт атрымалі менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы.

Дарэчы, з іх выбарам праблем не ўзнікла – электратранспарт дастаўся сацработніцам з самымі працяглымі маршрутамі. Так, Паліна Бугаёва і Наталля Малахава абслугоўваюць зараз жыхароў аддаленых адна ад адной вёсак Касары, Глінішча, Капцы, Мазуліна, а таксама Двор Усвея, Краснае, Капусціна – заехаць за дзень на звычайным веласіпедзе адразу ў некалькі надзвычай праблематычна. Нямала адрасоў і ў Ганны Падгол – трэба і ў Градзянец, Лутава з’ездзіць, і непасрэдна па Ушачах нямала кругоў наматаць.

Для А.В.Жынгеля правялі экскурсію па ТЦСАН: паказалі, як арганізавана работа знутры, пазнаёмілі з актывістамі працоўных майстэрняў. Напрыканцы ж сустрэчы разам з ім намецілі шляхі для далейшага супрацоўніцтва.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *