У музеі народнай славы прайшоў па-сапраўднаму кранальны і светлы вечар, прысвечаны Дню бацькі – святу, якое з кожным годам усё глыбей укараняецца ў нашай культуры як сімвал павагі, падзякі і любові да тых, хто нясе на сваіх плячах адказнасць за сям’ю, выхаванне і сілу духу.
З першых хвілін у зале панавала асаблівая атмасфера: было шмат душэўных слоў, жывой музыкі і непадробных эмоцый. Вечар упрыгожылі выступленні лаўрэатаў музычных фестываляў з Беларусі і Расіі. Леанід Волкаў выканаў пранікнёную кампазіцыю на віяланчэлі. Ніна Міхеева спявала пад гітару – асабліва запомнілася песня “Радзіма”, якая кранула кожную душу. Алег Іваноў прачытаў вершы, напоўненыя глыбокім сэнсам.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, які падкрэсліў, што роля бацькі ў жыцці дзіцяці – неацэнная.
Асаблівае месца ў праграме заняла гутарка з благачынным Ушацкай царкоўнай акругі іерэем Аляксандрам Таляронкам. Пра сямейныя каштоўнасці, духоўную адказнасць і важнасць бацькоўскага прыкладу ён казаў не толькі як святар, а і як чалавек, які добра ведае, што значыць быць мнагадзетным бацькам.
Фіналам вечара стала сімвалічная падзея – пасадка “дрэва дружбы” ля музея.
Анастасія ПОЛАЗАВА

