
Рэалізацыя ва Ушацкім раёне ў бягучым годзе дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады” стала адным з ключавых пытанняў на планавым пасяджэнні райвыканкама. Гэтая тэма датычыцца кожнага з нас, паколькі ўключае ў сябе такія накірункі, як добраўпарадкаванне, рамонт жылля, эфектыўнае цеплазабеспячэнне, якасць вады і іншыя. І калі па названых у раёне за апошнія гады зроблена вельмі многае, то, напрыклад, то ў рабоце з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ёсць над чым працаваць.
У пасяджэнні прыняў удзел намеснік старшыні праўлення Нацбанка Анрэй Картун. “Дзяржпраграма “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” накіравана на забеспячэнне камфортных умоў пражывання насельніцтва. І тут трэба надаваць належную ўвагу ўсім складнікам – гэта і жыллёва-камунальныя паслугі, і рамонт дарог, жылфонду, і якасць вады, і добраўпарадкаванне тэрыторый, – адзначыў Андрэй Міхайлавіч. – І ўжо трэба думаць пра наступную пяцігодку. Неўзабаве будзе зацверджана новая праграма з новымі стандартамі, адным з прыярытэтаў, напрыклад, будзе арэнднае жыллё. Але асноўны пасыл – яшчэ больш камфортныя ўмовы жыцця. Што датычыцца скаргаў насельніцтва, то тут трэба працаваць на апярэджанне пытанняў: выявілася, да прыкладу, ямкавасць на дарозе – адразу выправілі, не чакаючы зваротаў ад грамадзян”.
Акрамя гэтага, абмяркоўваліся пытанні арганізацыі харчавання ў школах раёна, работа дзяржорганаў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.
Некалькі актуальных тэм разглядалася ў аўторак і на вытворчай нарадзе ў старшыні райвыканкама Сяргея Садоўскага. Практычна кожны тыдзень абмяркоўваецца выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. За тыдзень грамадзянам і юрыдычным асобам выдадзена 48 прадпісанняў, якія датычацца навядзення парадку на зямлі. А ўсяго з пачатку сезона – 978, з іх 942 выканана. Такая работа сельвыканкамаў, сектара ЖКГ, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі дысцыплінуе жыхароў, прымушае своечасова абкошваць тэрыторыі, падтрымліваць сядзібы ў парадку.
Ёсць прыемная навіна ў плане добраўпарадкавання: частка вуліцы Савецкай ад “Беларусбанка” да райбальніцы “апранецца” ў новы асфальт, ужо зняты стары пласт пакрыцця. Па гэтым участку штодня перамяшчаецца вялікая колькасць аўтатранспарту.
Вольга КАМАРКОВА.