Дзе можна сустрэць супрацоўнікаў Ушацкага ўчастка ДЭУ№37 (на здымку) Калі да 8 гадзін раніцы – то на вытворчай базе. А спазніся на хвіліну – тады толькі на дарогах раёна. Пунктуальнасць у іх выключная, тэхніка накіроўваецца на аб’екты без замінак – задачы заўтрашняга дня вядомы загадзя. Начальнік участка Пётр Пятровіч Кляшчонак папярэдне дакладна назваў кіламетр трасы Р-113, дзе будуць працаваць. І хоць заканчвалася цёплая пара, засталі дарожнікаў на ўзгорку перад Кыжамі на асфальтаванні, хаця і нетрадыцыйным метадам.
Паколькі выраўняць трэба было зусім невялікую плошчу – прасеўшае палатно над трубой, то засыпалі і ўтрамбавалі апрацаваную для лепшай счэпкі шчабёнку, папярэдне зрэзаўшы стары слой. “Пірог” заліўся гарачым бітумам і сцэментаваў праслойкі. Пра ўсе гэтыя тэхнічныя працэдуры вадзіцелі і не задумаюцца – дарогу не адрозніш ні ад якой іншай, дзе ўкладаўся гатовы асфальт.
Дарэчы, літаральна днямі на абслугоўванні ўчастка павялічыўся кіламетраж дарог з цвёрдым пакрыццём – здадзены ў эксплуатацыю 7 кіламетраў трасы Р-29, якія злучаюць Ушацкі і Докшыцкі раёны. Маштабная будоўля ДЭУ-37 расцягнулася на некалькі месяцаў, бо каб гравійка паднялася на разрад вышэй, там праводзіўся капітальны рамонт. На гэтай жа трасе, толькі ля Наваселля, працягваўся і бягучы – пакладзена 4 кіламетры асфальту. На такой жа плошчы заменены стары разбіты слой і на трасе Р-113.
Віншуем гэты невялікі, але вельмі дружны і пераважна мужчынскі калектыў са святам. Тым больш што на гэтым тыдні ў іх была двайная нагода – прафесійнаму папярэднічаў Дзень бацькі, а практычна кожны з работнікаў участка мае гэты статус.
Вольга КАРАЛЕНКА

