Дырэктар Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы Л.В.Паўлава (на здымку) ва Ушацкім раёне бывае вельмі часта. Яно і зразумела. Пераходны перыяд з рэарганізацыяй, прыёмкай гандлёвых кропак, адкрыццём новых патрабуе вывучэння становішча на месцы, тым больш што арганізацыя займалася выключна нарыхтоўкай сыравіны, другасных матэрыялаў і гандлем, а ніяк не грамадскім харчаваннем, якое з гэтага тыдня ва Ушацкім раёне поўнасцю перададзена пад куратарства канторы: з 3 жніўня кафэ “Папараць-кветка” таксама змяніла ўласніка, як раней буфет у райбальніцы і кафэ ў Сарочыне. Пра апошнія змены і хуткія перспектывы мы пагутарылі з Людмілай Васільеўнай.
– Пачнём з кафэ. Што са жніўня змянілася для ўшачан? Мабыць, яно як і раней будзе працаваць і ў выхадныя дні?
– Пра перамены ў грамадскім харчаванні лепш не гаварыць, а дэгуставаць. І вы заўважыце, што пашырыўся асартымент страў, паколькі мы насыцілі кропку прадуктамі, патрэбнымі па прэйскурантах. Завезена марожанае, па-ранейшаму прадаецца спіртное на разліў. Адноўлена і прыгатаванне піццы па заказах. Што датычыцца выхадных дзён, то імі пакуль застаюцца субота і нядзеля, у якія, аднак, пры патрэбе будзе наладжана спецабслугоўванне, напрыклад, для памінальных сталоў. Калі ж попыт акажацца большым, можна будзе гаварыць і пра змены графіка.
– Людміла Васільеўна, асноўная дзейнасць вашай арганізацыі – нарыхтоўкі. Ці прымаюцца ва ўшачан лішкі сельгаспрадукцыі і дары лесу?
– Нарыхтоўчы пункт на месцы размеркавальных складоў працуе і прымае металалом, старую бытавую тэхніку, макулатуру і іншую другасную сыравіну. Што датычыцца дароў лесу, то назапашваць іх пакуль не маем магчымасці. А вось яблыкі закупляць будзем па магазінах і, пры вялікай колькасці, з выездам на месца. Распачнецца нарыхтоўка ападу пасля яблычнага спаса.
– Пры адкрыцці “ПраЗапаса” вы казалі пра магчымае насычэнне кропкі і прамысловымі таварамі…
– Гэта магчыма, паколькі плошча дазваляе, будзем вывучаць запыт, хаця самыя неабходныя бытавыя рэчы (посуд, мыючыя сродкі і гігіены, канцтавары) там ёсць. Усё залежыць ад пакупнікоў і наяўнасці кадраў. У верасні, як і абяцалі, адкрыем магазін “На Віцебскай”, падоўжыцца і тэрмін работы некаторых кропак райцэнтра, а таксама магазіна ў Вялікіх Дольцах. Мы адпрацавалі няпоўныя два месяцы, карэкціроўкі, зразумела, будуць. Зусім нядаўна мы наогул не займаліся грамадскім харчаваннем, юрыдычна не маглі яго ажыццяўляць, таму і кафэ ў Сарочыне атрымала статус магазіна. Аднак, паколькі ўжо займаемся арганізацыяй харчавання людзей, то верагодна і пашырэнне гэтай сферы. Паўтаруся, усё залежыць ад пакупніцкай здольнасці.
Гутарыла Вольга Караленка.

