Удалы год сям’і Андрэйчык

Образование и молодежь

Год таму, на Новы 2009 год, яны сядзелі за святочным сталом у кватэры, якую здымалі, і марылі. Каб адступіла паласа невязення, якая праследавала ўвесь год. Каб не хварэлі мама і Косця. І, канечне, пра той Новы год, які яны будуць сустракаць у сваім доме.P1140102

Мары збываюцца. Вось мы за святочным сталом іх новага дома ў вёсцы Ліпавец. Не навагоднім. Мой візіт супаў з імянінамі Наташы, а некалькімі днямі таму была дванаццатая гадавіна іх знаёмства.

– Вы наш першы госць, – мы яшчэ не абжыліся і нікога не прымаем, – кажа гаспадыня Наталля Андрэйчык, паказваючы пакоі.

– Сапраўды, у паўпустой кухні толькі неабходная бытавая тэхніка і стол. Зала пакуль прасторная для манеўраў. Затое вельмі ўтульна ў спальні і дзіцячым пакоі. І наогул у новым доме ўсё нагадвае пра наяўнасць сям’і. Вось і на двор з нешматлікімі надворнымі пабудовамі ўжо прывезены дровы, паспеў Сяргей і пасадзіць вінаград.

Летам гаспадарыць даводзілася пераважна яму. Дакладней, не летам, а ўжо восенню, калі стала крыху меней работы. Хоць вось і ў снежні яго старэнькі ЗІЛ запатрабаваны. Невялікі расход паліва, таму і калясіць па розных кутках вялікай гаспадаркі. Сяргей жа працуе часта зусім без выхадных і ў пазаўрочны час, канечне, для сям’і, якой столькі патрэбна.

– Дрэнна, калі няма работы, а яе наяўнасць – гэта выдатна, тым больш у “Райаграсервісе” ведаеш, за што робіш. Той, хто не лянуецца – не скардзіцца на заробак. Я за жніво зарабіў каля 2 мільёнаў. І ў звычайны месяц, пры загружанасці, больш мільёна маю.

Сяргей, праўда, не дадае, якой цаной гэта дасягаецца. Затое Наташа раскрывае таямніцу.

– Усе радуюцца наступленню вясны, лета, а я – не. Бо ведаю, што ўсё давядзецца рабіць адной, мужа ж не ўбачыш. Прыедзе, скажа, што машына стала, а самога няма зноў да цёмнага. Аказваецца, ужо ў рэйсе. Калі паспеў адрамантаваць?

– У нас усе так. І Сяргей Багрэц, і Аляксей Краўчанка, – дапаўняе рассакрэчаны Сяргей. – Машыны ж старыя, а ездзіць трэба, гэта наш хлеб. Таму ці за ноч, ці самым раннем, пакуль зерне не ўбіраецца, і рамантуем.

Аднак не раскрывае другога сакрэту. Як на ГАЗе ці ЗІЛе, няхай яна будзе і стопрацэнтна рабочай машынай, перавезці столькі ж, як і на МАЗе? Круціліся без перапынку, аднак, бывала, што заставалі камбайны поўнымі, праўда, хутчэй наадварот. Да таго ж Сяргей пазней за калег уступіў у перавозку, ён як і заўсёды выконваў хімічныя работы. Адставаў на 200 тон, але ў выніку абагнаў усіх сваіх. Ды і ў вераснёўскай “Дошцы гонару” па перавозцы сярод вадзіцеляў-тысячнікаў значацца адны МАЗы, і толькі ён з Уладзімірам Жаваранкам з “Дземенца” – выключэнне, і саступалі велікагрузным машынам зусім нязначна. Упартае жаданне стаць першым зрабіла гэта.

У ліпені, перад жнівом, Сяргей паспеў прывезці Наташу, каб выбраць дом. Як і абяцаў дырэктар прадпрыемства І.І.Баруноў, яму жыллё выдзелілі аднаму з першых. Сюды ў хуткасці ён прывязе яе ўжо з маленькім сынам – Іван нарадзіўся 14 ліпеня. Прычым, прывёз на ўласнай машыне. Паколькі сям’я атрымала ведамаснае жыллё, суму, якую капілі на дом, пусцілі на самае неабходнае – транспарт. Наташы, канечне, і так блізка цяпер будзе дабірацца на работу – да бальніцы пяць хвілін ходу. А вось Сяргею далекавата, ды і старэйшы сын Паша сёлета пайшоў у школу. А яшчэ Сяргей бывае і штодня ездзіць дапамагаць маці ў Двор Пліна, ужо на сваёй машыне адвёз брата Косцю ў Бараўляны ў бальніцу, марыць забраць здаровага, каб больш ніколі туды не вяртаўся. “Нарэшце вадзіцелем сябе адчуў, а так, – смяецца, – які ж я шафёр, калі ўвесь час на полі”. Хоць любіць не толькі рэйсы, але і любы занятак на зямлі. Ды і рабіць на ёй можа ўсё. Бо не толькі выдатны вадзіцель, але і першакласны трактарыст – няма такога агрэгата, нават камбайна, якім бы не ўмеў упраўляць. І яшчэ ва “Ушацкім” хадзіў на старым “Доне”.

Сёлета для яго сям’і ўдалы, прыбытковы год, хоць так многа яшчэ патрэбна маладой сям’і. Бачыць гаспадарскае вока, колькі недаробак у новым доме. Аднак, Андрэйчыкі разважаюць па-сакратаўску: “Багаты той, хто марыць, а ў нас столькі мар”. І акрамя здароўя родных, што, безумоўна, самае асноўнае, Сяргей марыць пра стабільнасць сваёй арга-нізацыі. Каб было так, як зараз – работа і заробак.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *