Выборы в Молодёжную палату прошли в школах Ушаччины

Образование и молодежь

Першы вясенні месяц стаў у многім адметным для Ушаччыны. Адзінаццатага сакавіка ўтворана новая арганізацыйная структура – Маладзёжная палата Ушацкага раёна. У яе склад увайшлі лепшыя прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, абраныя шляхам тайнага галасавання. Дарэчы, працэс выбараў у школах быў арганізаваны па ўсіх правілах выбарчага заканадаўства нашай краіны. Згодна з пастановай Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў зацверджана палажэнне аб Маладзёжнай палаце Ушацкага раёна, вызначаны яе колькасны склад і адзіны дзень правядзення выбараў – 5 сакавіка. Да гэтай даты раённая арганізацыйная камісія па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, выбарчыя камісіі школ падрыхтавалі спісы і бюлетэні для галасавання, у адведзеных месцах устанавілі кабіны і урны, на інфармацыйных стэндах размясцілі праграмы кандыдатаў.

Па тым спакоі і цішыні, якія панавалі на момант нашага візіту ў Вяркудскую школу, цяжка было паверыць, што вось­вось адбудзецца знакавая падзея ў гісторыі ўсяго раёна, а менавіта тут быў дадзены старт выбарам у Маладзёжную палату. Пакуль большасць вучняў установы спасцігалі азы навукі на ўроках, апошнімі прыгатаваннямі да адкрыцця ўчастка займаліся члены выбарчай камісіі. Дарэчы, у іх склад ва ўсіх школах раёна ўваходзілі як старшакласнікі, так і вопытныя педагогі, якія пільна сачылі за ходам выбараў.

Перад стартам галасавання ў Вяркудскай школе старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка асабіста пазнаёмілася з кандыдатамі, павіншавала іх і выказала спадзяванне, што кожны будзе актыўна ўдзельнічаць у жыцці Ушаччыны, уносіць свае прапановы па ўдасканаленні маладзёжнай палітыкі і ва ўсім дапамагаць абраным членам новай структуры. Траім дзяўчатам (менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва тут вылучаліся ў якасці кандыдатаў) было дадзена ганаровае права прагаласаваць першымі. “Напэўна, знак у бюлетэні будзеце ставіць насупраць свайго прозвішча?” – задала кампраметуючае пытанне школьніцам. “Будзем выбіраць самага дастойнага!” – усміхнуўшыся, адказалі тыя і па чарзе схаваліся ў кабіне для галасавання. Праз лічаныя хвіліны на выбарчы ўчастак падаспелі іншыя вучні школы. Апошнімі ж традыцыйна галасавалі непасрэдна члены выбарчай камісіі, пасля чаго яны прыступілі да адказнай місіі – падліку галасоў. Вынікі ж выбарчай кампаніі ў Вяркудскай школе, як, дарэчы, і ва ўсіх астатніх установах адукацыі, агучваліся ў той жа дзень ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці выбаршчыкаў і настаўнікаў.

Трэба адзначыць, што ва ўсіх школах выбіралася розная колькасць членаў Маладзёжнай палаты: напрыклад, у тых жа Вяркудах – адзін, ва Ушачах – 10. Усё залежала ад агульнай колькасці школьнікаў ва ўстановах.

Хутка зразумець, на якія накірункі дзейнасці ў складзе Маладзёжнай палаты будуць арыентавацца вучні Арэхаўскай школы, асабіста мне падчас знаёмства з кандыдатамі было няпроста. А ўсё таму, што апошніх тут было ажно 7, кожны – са сваімі поглядамі на жыццё і далейшае развіццё маладзёжнай палітыкі. А вось для саміх выбаршчыкаў такіх праблем, думаецца, не было. “Усе мы добра ведаем адзін аднаго, таму можам адэкватна ацаніць здольнасць кожнага годна прадстаўляць інтарэсы нашай альма­матэр, – адзначыла дзесяцікласніца Марыя Мудрак. – Тым больш што праекты ўсіх кандыдатаў былі адкрытымі – пазнаёміцца з імі мог любы жадаючы”.

Старшыня райсавета В.М.Захарэнка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка і першы сакратар райкама БРСМ І.А.Ціханава, якія сачылі за ходам выбараў у Арэхаўскай школе, далі высокую адзнаку іх падрыхтоўкі і правядзення. У светлай, утульнай аўдыторыі, дзе праходзіла галасаванне, сапраўды панавала асаблівая атмасфера. Юных выбаршчыкаў прыветліва сустракалі члены камісіі, цёпла віншавалі з першымі выбарамі ў жыцці. Напэўна, таму і хвалявання асаблівага на ўчастку для галасавання не адчувалася. Праўда, за невялікім выключэннем. “Сама не раз прымала ўдзел у выбарах у якасці члена камісіі, – падзялілася з намі намеснік дырэктара Святлана Васільеўна Лісоўская. – Але ж так, як зараз, ніколі не перажывала. Вельмі хочацца, каб усё прайшло на вышэйшым узроўні, а гэты дзень надоўга запомніўся школьнікам выключна са станоўчага боку”. Дарэчы, так усё і атрымалася.

На ўваходзе ва Ушацкую школу нашу ўвагу прыцягнула група старшакласнікаў, якая ля інфармацыйнага стэнда з праграмамі 15 кандыдатаў у Маладзёжную палату актыўна абмяркоўвала прачытанае.

– Глядзіце, дзяўчына прапануе штомесяц арганізоўваць паездкі да помнікаў гісторыі і культуры, прычым не толькі па тэрыторыі Беларусі. Буду галасаваць толькі за яе!

– А я лепш за тых, хто дбае пра валанцёрскі рух, аказанне дапамогі пажылым людзям і інвалідам.

Меркаванні ўдзельнікаў гутаркі разыходзіліся, аб’ядноўваліся, але раўнадушных дакладна не было. Як і пазней у актавай зале школы, дзе праходзіла галасаванне, а праз некаторы час падводзіліся вынікі выбараў. Пад гучныя апладысменты ўшацкія школьнікі віталі толькі што абраных прадстаўнікоў Маладзёжнай палаты. Ад імя 10 шчасліўчыкаў слова трымала вучаніца 10 “Б” класа Ганна Герцык:

– Сённяшні і заўтрашні дзень раёна залежыць і ад нас, моладзі. Разам мы – творчыя, дружныя, мэтанакіраваныя – гатовы прапаноўваць свае ідэі, перадаваць просьбы і прапановы выбаршчыкаў­школьнікаў, актыўна ўдзельнічаць ва ўвасабленні задуманага ў жыццё. Няма сумненняў, што дарослыя да нас прыслухаюцца і стануць надзейнай падтрымкай у рашэнні маладзёжных праблем.

* * *

Чым будзе займацца новы маладзёжны орган кіравання, хто яго ўзначаліць і будзе прадстаўляць на ўзроўні вобласці – пра гэта ішла гаворка 11 сакавіка на першым пасяджэнні Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна. Дарэчы, праводзілася яно ў Малой зале раённага выканаўчага камітэта, дзе традыцыйна праходзяць сесіі райсавета, пасяджэнні райвыканкама, што, бясспрэчна, павысіла ў юнакоў і дзяўчат адчуванне важнасці падзеі.

Падчас пасяджэння было акрэслена, што ў складзе палаты будзе працаваць пяць пастаянных камісій: па пытаннях адукацыі і прафарыентацыі школьнікаў; па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі; па грамадзянска­патрыятычным выхаванні моладзі і прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі; па арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна­масавых мерапрыемстваў для моладзі; па пытаннях экалогіі, развіцця валанцёрскага руху і сувязях з грамадскімі арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі. Члены Маладзёжнай палаты будуць працаваць прыкладна па той жа сістэме, што і іх старэйшыя калегі, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, аднак з адным адрозненнем: камісіі будуць разглядаць выключна пытанні маладзёжнай палітыкі, а рашэнні – насіць рэкамендацыйны характар і паступаць на разгляд у адпаведныя структурныя падраздзяленні райвыканкама, камісіі райсавета.

Што да перспектыў, якія адкрываюцца для членаў новай структуры, па меркаванні В.М.Захарэнка, яны непарыўна звязаны з далёка ідучымі мэтамі самога праекта:

– Гэта падрыхтоўка будучага рэзерву кадраў дзяржаўнага кіравання. Мы будзем арыентавацца на выяўленне лідараў маладзёжнага руху, папулярызаваць сярод моладзі сістэму мясцовага кіравання і самакіравання, удзел у распрацоўцы і рэалізацыі раённых праграм і інавацыйных праектаў. А яшчэ гэта выдатная школа палітыкі, ды і проста школа станаўлення, дзе юнакі і дзяўчаты навучацца прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, слухаць людзей, размаўляць з імі.

На першым пасяджэнні шляхам адкрытага галасавання старшынёй Маладзёжнай палаты абрана Ганна Герцык з Ушацкай школы, намеснікам старшыні – Уладзіслаў Чыканаў з Арэхаўскай, сакратаром – Галіна Бурак з Ушацкай. Астатнія члены новай структуры размеркаваны па камісіях, у якіх яны будуць працаваць.

На пасяджэнні прысутнічалі ганаровыя госці: члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, раённай арганізацыйнай камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Маладзёжную палату Ушацкага раёна, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама і грамадскіх арганізацый, дырэктары школ. Яны павіншавалі юнакоў і дзяўчат са знакавай падзеяй у іх жыцці, выказалі спадзяванне, што тыя апраўдаюць давер не толькі сваіх выбаршчыкаў, але і ўсіх ушачан.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *