Нашли свою точку на карте. Семья Николаевых любит тёплый сезон проводить в Гуте

Благоустройство

– Калісьці мы літаральна закахаліся ў гэту зямлю і сказалі сабе – гэта наш участак! Прайшло ўжо больш дзесяці гадоў, і ніколькі не пашкадавалі, што тады выпадкова завіталі ў Гуту, – гавораць мінчане Віктар Іванавіч і Тамара Васільеўна Нікалаевы, гасцінна запрашаючы на сваю сядзібу, якая па выніках мінулагодняга раённага конкурсу па добраўпарадкаванні прызнана лепшым ветэранскім падворкам Жарскага сельсавета.

Іх дом не шыкоўны палац, але вылучаецца акуратнасцю і дагледжанасцю, як і ўвесь участак, дзе кожны куток прадуманы. Хоць і праводзіць сямейная пара на Ушаччыне толькі цёплы час года, нямала ўвагі надае добраўпарадкаванню.

– Вельмі любім прыроду, абое скончылі геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта і ўвесь вольны час праводзілі ў вандроўках ды экскурсіях, – пачынае расказваць сваю гісторыю з’яўлення ва Ушацкім раёне Тамара Васільеўна. –  Часта бывалі на Гродзеншчыне, дзе жыла бабуля. Дзеці раслі з намі ў такіх падарожжах, пазней нават 9-месячнага ўнука не баяліся браць з сабой і начаваць у палатцы. А потым сталі шукаць месца, дзе б можна было праводзіць час на заслужаным адпачынку. Знаёмыя, якія купілі дом у Заазер’і на Лепельшчыне, прапанавалі і нам там уладкавацца. Але сэрца прасіла нечага іншага, шукалі кропку па карце з лесам і рэчкай. Мы праехалі многія вёскі Ушаччыны, спадабаўся Гарадзец, параілі нам паглядзець і адну з сядзіб у Гуце. Памятаю, быў лістапад, участак увесь аранжавы ад абляпіхі і зарослы – даўно не працавала рука гаспадара. Але ўсё роўна так спадабалася нам гэтае маляўнічае месца, што ехаць нікуды ўжо больш не жадалі.

За гэтыя гады дом і ўчастак літаральна ажылі, набылі абсалютна новы выгляд. Утульнымі сталі пакоі з прыгожым інтэр’ерам, любіць пасядзець сямейная пара каля зробленага майстрамі каміна. Асаблівых слоў заслугоўвае і пераўтварэнне ўчастка. “Пад сябе” перарабілі лазню, у рыцарскім стылі патынкавалі гараж і хлеў, акультурылі месца для захоўвання садовага інвентару і іншых прылад. Прадугледжана каля надворных пабудоў зона адпачынку з плеценай мэбляй, дарожкі акуратна выкладзены тратуарнай пліткай. Ну і, канечне, на падворку расце нямала дэкаратыўных раслін і кветак. Гарманічна ўпісаліся туі і самшыты, з вясны да восені па чарзе радуюць вока сваёй квеценню прымулы, цюльпаны, ірысы, гартэнзіі. Душэўным адпачынкам лічаць Віктар Іванавіч і Тамара Васільеўна работу на невялікім агародзе, вырошчваючы агуркі, памідоры ды бульбачку.

А вось стары яблыневы сад новыя гаспадары пакінулі, і кожны сезон ён радуе іх пладамі. “Вельмі люблю ўсе расліны, кожны лісточак і травінка хочуць жыць, мне нават часта шкада вырываць дзьмухаўцы”, –  усміхаецца Тамара Васільеўна.

Вельмі любяць прыязджаць у Гуту дочкі са сваімі сем’ямі: і з мэтай адпачынку, і папрацаваць на зямлі.

“Ушаччына падабаецца сваёй незвычайнай прыродай, адкрытымі спагадлівымі людзьмі. Неяк пасля ўрагану ў нас павалілася дрэва, дык аднавяскоўцы самі хуценька прыбеглі дапамагчы яго ўбраць. Ды і наогул у нас тут з’явілася нямала новых сяброў”, – гаворыць сямейная пара.

Пазнаёміцца з гэтымі людзьмі мусілі ў кантэксце тэмы добраўпарадкавання, а яны аказаліся надзвычай цікавымі, з шырокім кругаглядам. Тамара Васільеўна 38 гадоў адпрацавала ў канструктарскім бюро мікраэлектронікі, якое адносілася да завода “Інтэграл”. Віктар Іванавіч – вядучы геолаг цэнтра навукова-тэхнічных паслуг у будаўніцтве. Ён унёс свой уклад ва ўзвядзенне многіх значных аб’ектаў, сярод якіх, напрыклад, Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод і мінскае метро. І зараз, нягледзячы на паважаны ўзрост, яшчэ працуе – даражаць на прадпрыемстве такім высокакваліфікаваным спецыялістам.

Тым не менш, яны усё больш часу ўдзяляюць сабе, дзецям і ўнукам. Можна па-добраму пазайздросціць іх шчырым адносінам адзін да аднаго, а ў наступным годзе Нікалаевы адзначаць залатое вяселле.

І па-ранейшаму паспяваюць адкрываць новыя мясціны, нядаўна ездзілі адпачываць у Грузію. “А летам цягне ва Ушацкі раён. У грыбны сезон мы абавязкова тут!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *