Оазис под крышей дома. Семья Пацейко нашла способ, как украсить свой дом

Благоустройство

Другі паверх дома Фёдара Раманавіча і Людмілы Васільеўны Пацэйкаў, што па вуліцы Еўдакіі Лось у райцэнтры, жылым не з’яўляецца. А таму невялікі балкончык, што тут маецца, увесь час без патрэбы пуставаў. Сёлета ж, калі на ім забуялі рознакаляровыя кветкі, ператварыўшы балкон у прыгожы “аазіс”, гэтага не маглі не заўважыць як мясцовыя жыхары, так і прахожыя. Калі да яркіх кветнікаў ля дамоў ушачан мы даўно прызвычаіліся, то ўбачыць іх пад самым дахам – справа зусім іншая. Вось міжволі і чапляецца позірк за гэты арыгінальны “плацдарм прыгажосці”.

Нярэдка вандруючы па свеце, Ф.Р.Пацэйка заўсёды з цікаўнасцю назіраў за тым, як жыхары розных краін добраўпарадкоўваюць свае сядзібы. “Вельмі здзівіла, што ў Мюнхене амаль кожны двор улетку патанае ў квецені, – зазначае Фёдар Раманавіч. – Прычым, вазоны з прыгожымі раслінамі актыўна размяшчаюцца менавіта на балконах ці прымацоўваюцца прама да сцен. Вось і падумаў: чаму б не зрабіць штосьці падобнае ў сябе дома”. Прымацаваў да рашотак балкона падстаўкі для вазонаў, купіў у Мінску насенне кветак, якія яму параілі спецыялісты для вырошчвання ў такіх умовах, і… перадаў руль кіравання адказнай місіяй сваёй жонцы і аматару-кветкаводу ў адной асобе. З дня ў дзень шчыравала Людміла Васільеўна на сваім новым, ужо функцыянальным балкончыку, рассаджваючы, падкормліваючы і ўвільгатняючы глебу для сваіх “гадаванцаў” – пітуніі, бархікомы, партулака і духмянай табакі. “Ведаеце, вырошчванне кветак – гэта не толькі бальзам на душу, але і значная аздараўленчая праграма для ўсяго арганізму, – усміхаецца гаспадыня. – Штодзённае нашэнне вады для паліву, апрацоўка раслін на абмежаванай прасторы замяняюць любую зарадку! Так і пра цэлюліт, і пра іншыя балячкі хутка забудзеш!” Дарэчы, зараз балкон у сям’і Фёдара Раманавіча і Людмілы Васільеўны выкарыстоўваецца і як назіральная пляцоўка: сярод прыгожых кветак і буйства пахаў вельмі прыемна паглядзець, што адбываецца навокал. Ну а для таго, каб ацаніць святочны феерверк на 9 Мая, лепшага месца не прыдумаеш!

Спыняцца на дасягнутым у добраўпарадкаванні тэрыторыі ля дома сям’я Пацэйкаў не збіраецца. Ужо зараз гаспадары прадумваюць, як удасканаліць зробленае і ўкараніць штосьці новае на наступны год. Натхніліся іх прыкладам і іншыя ўшачане: некаторыя ўжо папрасілі ў Людмілы Васільеўны парады і насення “балконных” кветак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *