Внушительный штраф от ГАИ можно разделить на «подъёмные» для вас части

Общество

“Прамая лінія” з начальнікам аддзела прымусовага выканання Ушацкага раёна А.В.МАСЛЮК, якая праходзіла ў рэдакцыі на бягучым тыдні, атрымалася дастаткова насычанай. Магчымасцю задаць свае пытанні Алене Віктараўне скарысталіся некалькі нашых чытачоў. Пачуць адказы на іх будзе карысна і іншым ушачанам.

За парушэнне Правілаў дарожнага руху атрымаў ад Дзяржаўтаінспекцыі штраф у 1200 рублёў. З’яўляюся пенсіянерам і аплаціць такую вялікую суму за месяц, вызначаны заканадаўствам, не маю магчымасці. Значыць, хутка траплю ў лік даўжнікоў?

– Не абавязкова. Прапаную Вам звярнуцца ў ДАІ з заявай аб прадстаўленні растэрміноўкі. Рашэнне будзе прымацца з улікам усіх жыццёвых абставін. У выпадку станоўчага вырашэння пытання сума штрафу будзе падзелена на “пад’ёмныя” для Вас часткі – і пры іх своечасовай аплаце ў наш аддзел ніякія дакументы на выкананне не трапяць. Зрэшты, атрымаць растэрміноўку на аплату штрафу (пры наяўнасці на тое ўважлівых абставін) можна абсалютна ва ўсіх органах, што выдаюць адпаведныя пастанаўленні.

У адным з камерцыйных банкаў Полацка ўзяла спажывецкі крэдыт, пры гэтым патрэбная сума была пералічана на картку. Аднак гэтымі сродкамі не скарысталася. Тым не менш, месяц таму на мой адрас прыйшоў ліст з банка з інфармацыяй пра наяўнасць у мяне доўгу. Указаная сума не вельмі вялікая, аднак лічу, што гэта памылка і планую праігнараваць патрабаванне…

– Рабіць гэта не раю, каб потым не стаць нашым “кліентам”. Як паказвае практыка, многія грамадзяне, заключаючы крэдытны дагавор, не ўнікаюць у важныя і не заўсёды “празрыстыя” нюансы аказання паслугі. Так, напрыклад, некаторыя камерцыйныя банкі бяруць плату за карыстанне спецыяльнай карткай, прычым, без уліку наяўнасці ці адсутнасці аперацый па ёй (гэта можа быць у Вашым выпадку). На вызначаную суму штомесяц могуць накладвацца працэнты. Калі ж “дацягнуць” да судовага пасяджэння, то рэальна яшчэ аказацца абавязаным аплачваць пошліну за разгляд справы. У любым выпадку, лепш удакладніць у банку прычыны з’яўлення ў Вас доўгу і своечасова разлічыцца.

Па рашэнні суда за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў грамадзянін павінен мне немалую суму (за сродкі, патрачаныя на лячэнне, і маральны ўрон). Аднак ён з’яўляецца абавязанай асобай, мае доўг – і практычна ўсе заробленыя грошы ідуць на гэтыя мэты. Я ж застаюся ў чаканні. Ці варта спадзявацца на спагнанне грошай праз вашу службу? І ці зменіцца праз год-другі іх сума?

– Сапраўды, сродкі з даўжніка спаганяюцца ў парадку чарговасці. Цяпер яны ідуць на так званыя “дзіцячыя” мэты. Як толькі сума гэтага доўгу мужчынам будзе выплачана, грошы пачнуць ісці на Вашу карысць. Іх суму перыядычна можна індэксаваць – для гэтага варта звярнуцца ў суд, які прымаў рашэнне аб выплаце Вам названых сродкаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *