В сентябре в Ушачском районе зарегистрировано рождение 9 малышей

Демография

Мнагадзетнасць у модзе

У верасні бягучага года органамі загса Ушацкага раёна зарэгістравана нараджэнне пяці хлопчыкаў і чатырох дзяўчынак. Напоўніліся дзіцячым гоманам дамы, у якіх з’явіліся першынцы Ева Лёля і Варвара Тарасевіч, другі малыш – Арсеній Пабойкін, трэція – Цімафей Аўдошка, Захар Лабань і Багдан Леаненка, чацвёртыя – Ягор Кіслякоў і Ганна Шараева, шосты – Варвара Паршонак. Прыемна тое, што ва ўсіх гэтых дзетак ёсць і мамы, і таты.

Па словах начальніка аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алены Мікалаеўны Малашчанка, у апошні час назіраецца паступовае павелічэнне колькасці мнагадзетных сямей. Так, за дзевяць месяцаў бягучага года за трэцім малышом “пайшлі” 17 (за аналагічны перыяд 2017-га – 16), за чацвёртым – 4 (3), пятым – 1 (1), шостым – 2 (0), сёмым – 1 (0). Дарэчы, і дзетак стала нараджацца ў раёне крыху больш: за студзень-верасень 2018-га – 75 (летась – 73). А “падцягнулі” гэты паказчык маленькія прадстаўніцы прыгожай паловы, якіх з’явілася на свет 38 замест 36 мінулагодніх. Хлопчыкі ж у гэтым сэнсе стабільныя: сёлета і ў 2017-м іх па 37.

… і “сямейнасць” таксама

Вузы Гемінея з’ядналі ў верасні бягучага года 15 ушацкіх пар. Першым для абаіх прадстаўнікоў “новаспечаных” сямей заключаны шлюб аказаўся ў сямі выпадках.

Усяго ж за дзевяць месяцаў 2018-га марш Мендэльсона гучаў у нашым раёне 67 разоў, што на 12 больш, чым летась. Адбывалася гэта як непасрэдна ў аддзеле загса – 62 (49), так і ў сельвыканкамах – 5 (6).

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *