Уроженцы Марьянполья организовали по-семейному тёплый праздник деревни

Год малой родины

У звычайны дзень цішынёй ахутаны тут дамы з рэдкімі кветнікамі і садамі, багатымі дарамі, за якімі гараджане мясцовага паходжання прыязджаюць хіба што па выхадных. Усё менш і менш застаецца пастаянных жыхароў, на сённяшні дзень іх усяго трое… Але ў той дзень усё змянілася, загуло, зашумела, напоўнілася галасамі і музыкай. Гэта тыя, каму дорага іх Мар’янполле, наладзілі свята сваёй вёскі.

Прычым самі, па-свойску, па-сямейнаму. І, канечне ж, у двары былога брыгадзіра Пятра Віктаравіча Хамёнка, які шмат гадоў аддаў сельскай гаспадарцы. Разам з жонкай Валянцінай Антонаўнай яны выхавалі пяцёра сыноў і дачку, і ўжо скончылі свой зямны шлях, пакінуўшы дзецям гэтую малую радзіму. Тут па-ранейшаму прыгожа: хата і іншыя пабудовы ярка пафарбаваны, усюды парадак, кветкі. На жаль, адсутнічаюць толькі пастаянныя жыхары: маладзейшыя Хамёнкі са сваімі сем’ямі жывуць у Наваполацку.

Прадстаўніца гэтай цудоўнай сям’і Жанна, якая працуе на “Нафтане”, і стала галоўнай арганізатаркай цёплай сустрэчы былых і цяперашніх жыхароў. Яна, як аказалася, прыроджаная забаўніца падобных мерапрыемстваў, якія раней праходзілі толькі ў межах адной гэтай вялікай сям’і. Не менш намаганняў па запрашэнні мар’янпольцаў, зборы звестак і фотаматэрыялаў, а таксама напісанні сцэнарыя прыклалі ўнучкі Варатынскіх-старэйшых. Таццяна і Святлана рабілі ўсё гэта па месцы свайго пастаяннага жыхарства – у Полацку, дзе працуюць у друкарні.

– Мы адразу згадзіліся прыняць прапанову Жанны, – гаворыць Святлана. – Нам жа ўсе тут знаёмы з дзяцінства.

На ўездзе ў вёску сустракаў плакат “Мы рады бачыць вас, землякі!” Яшчэ пакуль падцягваліся ўсе жадаючыя прыняць удзел у свяце, Ала Навуменка (Станкевіч) правяла конкурс, зрабілі калектыўны здымак на памяць.

А асноўная праграма пачалася з відэапрэзентацыі, над фота і музыкай да якой працавалі дачка і зяць малодшага брата Хамёнкаў Юрыя – Крысціна і Тайлы. На шырокім экране пад шчымлівыя песні пра бацькоў праплывалі здымкі тых, хто жыцці свае прысвяціў нялёгкай працы на ніве сельскай гаспадаркі, стварэнню сем’яў, выхаванню дзяцей. Зажываліся ж з нуля, будуючы хаты, заводзіўшы асабістую гаспадарку. У прадаўжальнікаў таго залатога пакалення наварочваліся слёзы. Прыгадалі і двух аднавяскоўцаў, якія маладымі пакінулі гэты свет: Аляксандра Зубрэвіча (на свяце былі яго сёстры Валянціна і Франя) ды Анатоля Варановіча (яго родныя не змаглі прыехаць)…

Вядучая дала слова Пятру Варатынскаму (на свяце былі і яго сястра Галіна з Полацка, браты Іван і Уладзімір з Мінска), які па жыцці цікавіцца гісторыяй не толькі сваёй вёскі. Ён прыгадаў гістарычныя звесткі пра роднае Мар’янполле. Некалі яно было фальваркам у складзе маёнтка Селішча, у 1845 годзе знаходзілася ва ўладанні памешчыкаў Сяляваў. Пазней – належала двараніну Шырыну. У 1926 годзе гэтая вёска Кубліцкага сельсавета мела 39 жыхароў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны не абышлося без страт.

Але ў пачатку бягучага стагоддзя тут яшчэ было больш за два дзясяткі жыхароў.

Старэйшых ужо няма, маладзейшыя жывуць, захоўваючы памяць аб продках. Удзельнікі свята прыгадалі дзяцінства і юнацтва. Як ганялі ў поле кароў, коней і авечак, дапамагалі бацькам нарыхтоўваць кармы жывёле, займаліся агародамі, збіралі лясныя ягады. А як жа хацелася вясковай дзятве пабегаць зімой па лёдзе або пагуляць летам у футбол. Такія баталіі наладжвалі часам па сутнасці, двума сем’ямі, не толькі ў сваёй вёсцы, але і з іншымі аматарамі з суседніх вёсак. Гэта перарасло для некаторых у справу іх жыцця. Яўген Хамёнак прыгадаў прыкметныя дасягненні ў спорце свайго траюраднага брата – Пятра Варатынскага, на якога раўняліся яны, пяцёра родных братоў.

Зараз Пётр Хамёнак – вядомы не толькі па месцы жыхарства, у Наваполацку, бо мае прыкметныя поспехі ў кікбоксінгу, трэніруе малодшае пакаленне, як і яго старэйшы сын Максім. А малодшы, Андрэй, дасягае новых перамог у іх “сямейным” відзе спорту. У ходзе вечара Пётр паказаў прысутным змястоўны альбом, падораны выхаванцамі ў гонар яго 60-годдзя. Подпісы пад здымкамі ўражваюць: удзел у чэмпіянатах свету і Еўропы ў Венгрыі, Македоніі, Узбекістане, Украіне, Латвіі, Сербіі, Расіі, Тайландзе, Турцыі. Андрэй асабліва вызначыўся ў 2012 годзе на чэмпіянаце свету з трыма тысячамі ўдзельнікаў як лепшы накауцёр. А гэта ж толькі пачатак спартыўнай біяграфіі хлопца.

А ў былога мар’янпольца Віктара Іосіфавіча Хамёнка з дзяцінства была схільнасць да музыкі, ён працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Лепелі, дзе пражывае цяпер. Прадпрымальнік з Полацка Яўген Антонавіч Качан, які родам з неіснуючай сёння суседняй вёскі Крывыя, прывёз гармонь, і Віктар Іосіфавіч (а яму ўжо за 90 год) радаваў прысутных народнымі мелодыямі. І Дзмітрый Пятровіч Качан, які пастаянна пражывае ў Мар’янполлі да сённяшняга (яму 85 год), не ўтрымаўся, выйшаў на круг і так прыгожа перабіраў нагамі, што залюбаваліся нават маладыя. Арганізатары сустрэчы ўручылі яму грамату як старажылу.

А самы дальні па месцы жыхарства мар’янполец Фелікс Феліксавіч Станкевіч, узрушана прыгадаў, што яго бацька ў 1943 годзе разам з траюрадным братам пайшоў у партызаны, змагаўся з захопнікамі ў складзе брыгады імя Варашылава. Пасля вайны было цяжка выжываць у аддаленай вёсцы. Таму сям’я пераехала ў іншы раён, у больш прэстыжную вёску Ломашы. Пазней Фелікс Феліксавіч скончыў ваеннае вучылішча ў падмаскоўным Пушкіна. Амаль тры дзясяткі гадоў служыў у Ленінградскай ваеннай акрузе, прайшоў шлях ад курсанта да намесніка начальніка вучылішча па вучэбнай рабоце. Цяпер – падпалкоўнік у адстаўцы. Працуе галоўным інжынерам праектнага інстытута. Фелікс Феліксавіч з радасцю сустрэўся з роднымі і дваюраднымі сёстрамі.

Сяброўскім размовам у той вечар не было канца. Ахвотна ўдзельнічалі прысутныя і ў конкурсах. А іх было нямала: спартыўных і інтэлектуальнага напрамку. А асабліва ахвотна адказвалі прысутныя на пытанні з гісторыі вёскі. Прыгадалі, як дабіраліся разам за некалькі кіламетраў у Селішчанскую школу, пазней хадзілі на танцы ў Мажуйкі. З вясковых святаў запомніліся акопкі, упашкі, жаніцьба Цярэшкі, Купала. Маладзейшыя даведаліся, што некалі малатабойцам быў Пётр Хамёнак, яго бацька і дзядуля – кавалямі, першы від транспарту – матацыкл – з’явіўся ва Уладзіміра Хамёнка, потым у сям’і Зубрэвічаў, трынаццаць гадоў даглядаў коней (а іх у 60-х гадах было каля двух дзясяткаў) Юльян Варатынскі.

Месца правядзення свята было напоўнена нейкай асаблівай пачуццёвасцю. Глыбокія і паважлівыя адносіны адзін да аднаго ўвесь вечар мацавалі роднасныя сувязі і сяброўства. Панавала зусім незастольнай атмасфера. Нават вершы пра малую радзіму прагучалі ў канцы вечара ў абсалютнай цішыні.

Г.АЛЯКСАНДРАВА.



1 комментарий по теме “Уроженцы Марьянполья организовали по-семейному тёплый праздник деревни

  1. Огромное спасибо за такую чудесную и душевную статью!Спасибо всем,кто принял участие в организации мероприятия.Надеемся,что встречи такого плана будут проходить постоянно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *