На школьную пляцоўку пятнічным адвячоркам сцякаліся прыбраныя адзінаццацікласнікі, іх бацькі, родныя і нават прахожыя. Выпускны вечар – заўсёды падзея. Толькі арганізатары Ушацкай СШ крыху хваляваліся, ці не сапсуе надвор’е усяго запланаванага. І хоць парасоны ў пачатку вечарыны адкрыць усё ж давялося, дождж не сарваў ні ўрачыстай лінейкі, ні эфектнага вальса, ні традыцыйнага ўскладання кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам.

Нязменным на развітальным выпускным з’яўляецца наказ на дарогу. Павіншаваць выпускнікоў гарпасёлка прыйшоў і старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч. Сяргей Сцяпанавіч, канечне, ведаў, з якімі вынікамі скончылі 11-гадовы рубеж школьнікі. “Стабальныя лічбы на цэнтралізаваных экзаменах, залатыя медалі – гэтым можа пахваліцца не кожная школа”, – зазначыў кіраўнік раёна. Ён прыгадаў выраз аб тым, што калі атрымаецца адшукаць справу па душы, то не давядзецца працаваць ні дня, і пажадаў выпускнікам зрабіць правільны выбар. Лайфхак ад начальніка аддзела па адукацыі Людмілы Васільеўны Давыдавай трымаўся на фізіцы: не баяцца жыццёвага супраціўлення, пазітыўна ўспрымаць любыя падзеі, тады і жыццё будзе ўсміхацца ў адказ. Вярнуцца на малую радзіму, не забывацца сваіх настаўнікаў і родных жадалі класны кіраўнік 11”Б” Марына Уладзіміраўна Міхайлава, бацькоўскае трыа з Галіны Маковіч, Аляксандра Ларчанкі і Аляксандра Булаўкі, першая настаўніца Святлана Бялова. Намеснік дырэктара Галіна Уладзіміраўна Хоміч уручыла граматы ўсім школьным актывістам – многія выбягалі за ўзнагародамі не адзін раз, ну а Насця Ларчанка атрымала падарунак яшчэ і ад рэктара Полацкага дзяржуніверсітэта: пераможца абласнога этапу алімпіяды па хіміі можа без іспытаў вучыцца на нафта-хімічным факультэце, аднак мяркуе стаць студэнткай БДУ. Ну а кульмінацыяй свята, зразумела, стала ўручэнне атэстатаў.


Дзве Анастасіі – Клачок і Ларчанка – “праігнаравалі” алфавітную чаргу і першымі падняліся на сцэну. Мелі поўнае права: іх дзённікі не ведаюць васьмёрак, і як вынік – атэстат асаблівага ўзору – з залатым медалём. У дзяўчат і пахвальныя лісты за асаблівыя заслугі ў вывучэнні прадметаў, у кожнай – па двух. Наогул жа іх атрымалі адзінаццаць з сарака выпускнікоў Ушацкай школы, пераважная большасць – з 11”А” (класны кіраўнік Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка), якія на паглыбленым узроўні вывучалі хімію, біялогію, а таксама грамадазнаўства і англійскую мову.

Дарэчы, “залатых медалёў” магло быць у два разы больш. На “9” і “10” закончылі школу таксама нязменны стараста “А” класа Дар’я Маковіч і каралева формул (пахвальныя лісты па фізіцы і матэматыцы) Аліна Хамёнак, аднак нават адна “васьмёрка” за восьмы клас перакрывае гэтую магчымасць. Але, не столькі адзнакі будуць вырашаць далейшы лёс выпускнікоў, колькі амбіцыйнасць іх характараў. Пераважная большасць мяркуюць трапіць у ВНУ і, мабыць, вярнуцца на малую радзіму, для чаго Ганна Качко, Арына Маркевіч і Крысціна Лосева ўзялі мэтавыя накіраванні ў медыцынскія ўстановы, Вікторыя Сіротка і Дзмітрый Бугай – у сілавыя структуры. Ну а Яўгену Крыскевічу і вучыцца не трэба: ён ад прыроды – артыст. І цэнтральную ролю плаксы-гультая ў сцэнцы пра землякопаў з удзелам Аліны Хамёнак і Аляксея Селезня ён выканаў бліскуча. Гэта, бадай, самы яркі момант развітальнага канцэрта, у якім было шмат гумару, шчырых слоў ад класных кіраўнікоў у адрас кожнага вучня, падзяка і кветкі ад апошніх – кожнаму настаўніку, танец і песня ад бацькоў. А школе выпуск-2026 года падарыў вялікі набор спартыўнага інвентару.

Выпускныя вечары прайшлі ў пятніцу ва ўсіх школах раёна акрамя Арэхаўскай, дзе сёлета не было 11 класа. Акрэпне і падрасце дэкаратыўнае дрэўца ля Вялікадолецкай СШ, калі настаўнікамі вернуцца ў раён Ганна Клачок і Данііл Рэут: былыя навучэнцы педкласа ўзялі мэтавыя накіраванні. Чацвёра сёлетніх выпускнікоў усклалі кветкі ля помніка партызанам, крэатывілі на сцэне і плакалі, калі атрымалі лісты ад бацькоў – адна з матуль Святлана Шніпава выступіла ў ролі паштальёна і зачытала іх.
У Ільюшынскай школе папоўніўся разарый – тут выпускнікі на развітанне вось ужо чацвёрты год высаджваюць каралеву кветак. Нечаканасцю ж для настаўнікаў стала выступленне не маці, як звычайна на ўсіх школьных мерапрыемствах, а таты Генадзя Сінякова. Сёлета ў 11 класе, як і ў Вялікіх Дольцах, тры дзяўчыны і адзін юнак, годная здача імі іспытаў і высокія балы атэстатаў: у Валерыі Урбан – ажно 9,8 бала.

Да двух помнікаў традыцыйна ўскладаюць кветкі выпускнікі Глыбачанскай СШ. Як па подыуме ішлі па аграгарадку ў прыгожых сукенках актывісткі не толькі мясцовых, а і раённых мерапрыемстваў Дар’я Краснова, Насця Сяліцкая, Саша Сіскевіч, а таксама шасцёра дзевяцікласнікаў – выпускны ў гэтай школе правялі аб’яднаны.
На наступны дзень пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымалі 79 дзевяцікласнікаў Ушацкай школы – тры выпускныя класы. Кожны выходзіў на сцэну пад шчырыя словы падтрымкі. Многія з іх былі ўдастоены асаблівых узнагарод – грамат і дыпломаў за перамогу ў прадметных алімпіядах, творчых конкурсах. Не засталіся без увагі і тыя, хто на працягу года праяўляў сябе ў грамадскім жыцці школы, дапамагаў у арганізацыі мерапрыемстваў і быў сапраўдным лідарам у калектыве. Асабліва кранальным стаў момант, калі да сваіх выхаванцаў звярнуліся класныя кіраўнікі. Святлана Дзмітрыеўна Галай, Юлія Мікалаеўна Каваленка і Таццяна Уладзіміраўна Крахотка не толькі падзякавалі дзецям за сумесныя гады, але і выказалі глыбокую ўдзячнасць бацькам за іх штодзённую дапамогу, бязмежнае цярпенне і актыўны ўдзел у школьным жыцці, бо за кожным выдатным вучнем стаіць вялікая праца сям’і. Юныя героі ўрачыстасці таксама не засталіся ў даўгу. Яны падрыхтавалі творчыя нумары: гучалі песні, а таксама вершы, якія расчулілі многіх прысутных.

Наперадзе — новыя мэты, складаныя выбары і велізарныя магчымасці. Хтосьці застанецца ў школе, каб працягнуць навучанне ў 10-м класе, хтосьці ступіць на парог каледжа ці ліцэя.
Закончыўся апошні школьны дзень, а вось экзамены здадзены яшчэ не ўсе – самы галоўны наперадзе – адшукаць няхай і нялёгкую, але сваю шчаслівую дарогу. У добры шлях, выпускнікі!
Вольга Караленка.
Анастасія Полазава.










