
Напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў ва Ушацкай школе прайшла адна з самых чаканых падзей – Дзень самакіравання. Гэта не проста адноўленая традыцыя, а сапраўдны эксперымент, у якім вучні прымяраюць на сябе ролі педагогаў, класных кіраўнікоў і нават дырэктара.
Ініцыятыву правядзення мерапрыемства ўзялі на сябе вучні 11 “А” класа, якія ўжо другі год навучаюцца ў профільных групах педагагічнай накіраванасці. З пачатку верасня на факультатывах будучыя выпускнікі актыўна генерыравалі ідэі, размяркоўвалі ролі і абдумвалі фармат будучай падзеі. Сходы, кансультацыі з вопытнымі педагогамі, цеснае ўзаемадзеянне з адміністрацыяй школы і класнымі кіраўнікамі – так крок за крокам была сфарміравана насычаная праграма Дня самакіравання.
Найперш было вылучана “альтэрнатыўнае кіраўніцтва”. Дырэктарам назначылі Яўгена Крыскевіча, абавязкі яго намеснікаў па вучэбнай рабоце выконвалі Аляксей Селезень і Арцём Іоскін, а за выхаваўчы напрамак адказваў Яраслаў Севярын. Як бачна, усе кіруючыя пасады занялі хлопцы, што ў сучасных школах – вялікая рэдкасць. Урокі праводзілі навучэнцы 9, 10 і 11 класаў, пры гэтым адзін вучань мог выкладаць 3 розныя прадметы.
Старшакласнікі адказна падышлі да справы: складалі планы ўрокаў, рыхтавалі раздатачны матэрыял, прыносілі аўдыёзапісы, сачылі за дысцыплінай і стараліся, каб іх падапечныя не толькі зразумелі тэму, але і зацікавіліся ёю. Так, вучаніцы 11 “А” Насця Ларчанка, Аліна Хамёнак і Даша Маковіч праводзілі ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Дзяўчаты прызналіся, што не чакалі, наколькі складаная праца настаўніка і як няпроста рыхтавацца да заняткаў.
Дырэктар-дублёр Яўген Крыскевіч:
“У ролі кіраўніка выступаў упершыню. Мне хацелася, каб гэта падзея ўсім спадабалася і запомнілася, таму жорсткіх правілаў да настаўнікаў не вызначаў. Асабіста мне складана не было: пытанні вырашаліся хутка і школа працавала ў штатным рэжыме! У канцы дня мы правялі педсавет, на якім юныя настаўнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Па іх словах, галоўная якасць, якая ім спатрэбілася – цярпенне. А яшчэ, на маю думку, мы і педагогі дасягнулі важнай мэты: лепш зразумелі адзін аднаго – і цяпер станем бліжэй. А гэта паспрыяе набыццю больш грунтоўных ведаў”.
Нам давялося пабываць нават на пасяджэнні савета прафілактыкі. Трэба сказаць, што мерапрыемства не было фармальным: хлопчык, паводзіны якога разбірала “часовая адміністрацыя”, шчыра перажываў і, як падалося, “выхаваўчы эфект” быў прыкметны.
Што да настаўнікаў, то яны не толькі змаглі крыху адпачыць з нагоды надыходзячага прафесійнага свята, але і паглядзець на ўрок з пазіцыі вучняў, а можа і ўзяць на заметку нейкія цікавыя моманты, напрыклад, у манеры зносін, актуальных для дзяцей тэм. Канечне, настаўнікі-дублёры не маюць такіх глыбокіх ведаў і вопыту, затое яны могуць захапіць аднагодкаў, падаць матэрыял у даступнай і зразумелай ім форме.
Дырэктар школы Алёна Уладзіміраўна Ворса адзначыла, што праект атрымаўся цікавым і ўдалым: усе ўдзельнікі выказаліся за тое, каб працягнуць яго і ў наступным годзе. “Вельмі спадабаўся знешні выгляд юных педагогаў. Усе былі ў дзелавых уборах, а як пасавалі хлопцам строгія касцюмы! Вучні, якія вялі ўрокі, у адзін голас казалі, што цяпер яны разумеюць, як цяжка працаваць з дзецьмі: настаўнікам патрэбны “сталёвыя” нервы. А некаторыя нават прасілі прабачэння, што часам бывалі непаслухмянымі!” – падзялілася ўражаннямі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Маргарыта Васільеўна Далжонак. А ў асобных вучняў, як у 10-класніцы Васілісы Арцюх, мерапрыемства падмацавала жаданне стаць настаўнікам.
Дзень самакіравання дазволіў старшакласнікам праявіць свае лідарскія якасці і па-новаму зірнуць на школьнае жыццё. Гэта быў цікавы вопыт для кожнага, які спатрэбіцца ў далейшым жыцці.
Анастасія ПОЛАЗАВА