“У дзень свята хтосьці з нас прыгадвае стэрыльнасць аперацыйнай, нехта – размову з пацыентам на ФАПе, экстраннае прыняцце рашэння ў машыне “хуткай дапамогі”… Аднак усіх нас гэтая дата аб’ядноўвае гонарам за абраную прафесію”, – звяртаючыся да калег падчас урачыстасці з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў, зазначыў галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Юрый Пацёмкін. А член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета Наталля Марковіч падкрэсліла, што хоць зараз у медыцыне імкліва развіваюцца нанатэхналогіі, аднак яны не могуць замяніць галоўнага – чулых адносін да пацыента.

Яны, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў уручылі медработнікам заслужаныя ўзнагароды. Так, Падзякай старшыні аблвыканкама адзначана шчырая адданасць медыцыне сапраўднага віртуоза стаматалогіі Аляксандра Званкова. Ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення аховы здароўя ўзнагароджаны фельчар-лабарант райбальніцы Таццяна Валовіч, загадчык Касарскога ФАПа Наталля Лапіцкая, медсястра Вялікадолецкай амбулаторыі агульнай практыкі Святлана Качан. Прыемна было атрымаць граматы ЦРБ фельчару Рэгіне Гладыш і медсястры Ірыне Карпенка, падзякі ўстановы – урачу Яніне Булаевай, санітаркам Таццяне Кавалеўскай, Ларысе Казловай, Алене Футарман, Марыне Сукорскай, Алене Ярмош, повару Вользе Іўліевай. Кранальны сюрпрыз чакаў фельчараў лабараторыі ЦРБ Таццяну Радзюш і Святлану Курбатаву – іх запрасіла на сцэну і падарыла букеты ўнучка і пляменніца Марыя Радзюш. Дзяўчына і яе калегі – педагогі дзіцячай школы мастацтваў – падрыхтавалі для медработнікаў цудоўны канцэрт. А з лепшых месцаў у першых радах глядзелі яго самыя ганаровыя госці – ветэраны працы.

Выдатнай была і аформленая ў фае фотавыстава “Місія жанчын – ад мацярынства да служэння міру”. Медработніцы паўсталі перад гледачамі і як умелыя працаўніцы, і як пяшчотныя матулі. З цікавасцю разглядалі яе медсёстры Ала Севярын і Лілія Клемянцёнак, якія амаль паўвека разам адпрацавалі ў інфекцыйным аддзяленні. “Прыемна сустрэцца на свяце, успомніць працоўныя будні. Наша сяброўства праверана не толькі часам, а і загартавана каварнымі вірусамі!” – жартавалі жанчыны. Лілія Іванаўна ўзгадала, як нягледзячы на ўсю перасцярогу, падхапіла ад пацыентаў хваробу Боткіна – добра, што ўрачом аддзялення была Ганна Сцяпанаўна Краснова, якая хутка паставіла яе на ногі. Ала Сяргееўна расказала, што менавіта ў іх змену ў “інфекцыю” паступіў першы пацыент з каранавірусам. “Ці баяліся? Напэўна, не: на страх і роздум проста не было часу”, – прызналася яна.
Н.Марковіч, якая ўзначальвае раённую арганізацыю РГА “Белая Русь”, уручыла галоўнаму ўрачу падарункавы сертыфікат для райбальніцы. А яшчэ ва ўрачыстай абстаноўцы Юрый Пацёмкін і яго намеснік Леанід Яўменчыкаў атрымалі членскія білеты аб’яднання.
Зрэшты, гэта асаблівая рыса медыкаў: імкнучыся дапамагчы іншым, яны забываюць пра сябе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

